Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аматар вандровак па Гімалаях на свае грошы выдае бюлетэнь пра беларускіх палітвязьняў


Віталь Каліноўскі

Віталь Каліноўскі

Праз тыдзень яго чакае суд за распаўсюд па горадзе ўлётак салідарнасьці з палітвязьнямі. Але жыхар Мікашэвічаў Віталь Каліноўскі больш заклапочаны выпускам чарговага нумару бюлетэня «Сымбаль часу»: што знайсьці цікавае для жыхароў рэгіёну, як лепш падаць матэрыял, дзе ўзяць грошы на 299 асобнікаў?

«Травеньскі бюлетэнь, у якім было напісана пра палітвязьняў Рубцова і Дзядка, ужо разышоўся. Разабралі, як кажуць, як гарачыя піражкі. Цяпер працую над чэрвеньскім нумарам», — паведаміў Віталь Каліноўскі карэспандэнту Свабоды.

Няйнакш адпрацоўвае нейкі грант, — скажуць скептыкі наконт актыўнасьці Віталя Каліноўскага. На гэта выдавец бюлетэня кажа, што ад першага выпуску выдае яго за свае грошы, якія зарабіў, калі працаваў у Менску. Тры месяцы таму Віталь Каліноўскі вярнуўся ў родныя Мікашэвічы, расчараваўшыся ў сталічным жыцьці.

«Учора якраз стаў на нашай „біржы“ на ўлік як беспрацоўны, жыву на ашчаджаныя грошы ды з агароду. Але мне шмат ня трэба, бо я вэгетарыянец. Жыву адзін, мае патрэбы мінімальныя. За сваё больш як 40-гадовае жыцьцё двойчы вандраваў па Гімалаях, цікавіўся мясцовай культурай, але цяпер мне больш цікава наша жыцьцё, беларускае», — кажа пра сябе Віталь Каліноўскі і дадае, што цяпер ён актывіст Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), ды яшчэ і кампаніі «Гавары праўду». А навошта такое сумяшчальніцтва?

«Ды я ў любой суполцы буду дапамагаць людзям, абы толькі сышла гэтая дыктатура, каб усталявалася сапраўдная дэмакратыя і нашы людзі сталі свабодныя», — адказвае на зададзенае не бяз шпількі пытаньне Віталь Каліноўскі яўна больш рашучым голасам.

Сёлета палітычная біяграфія актывіста Віталя Каліноўскага стала хутка папаўняцца падзеямі. У красавіку спадар Каліноўскі ўдзельнічаў у Чарнобыльскім шэсьці ў Менску — нёс падчас усяго шэсьця жоўта-блакітны ўкраінскі сьцяг, ды яшчэ і беларускі бел-чырвона-белы. Гэта, відаць, выклікала да яго дадатковую ўвагу супрацоўнікаў у цывільным. Пасьля шэсьця Віталя Каліноўскага затрымалі і даставілі для разбору ў Савецкі РАУС, дзе пратрымалі гадзіну.

«Яны былі перакананыя, што я грамадзянін Украіны, і вельмі зьдзівіліся, калі пабачылі мой беларускі пашпарт. Адпусьцілі», — распавёў пра свае прыгоды актывіст.

У чэрвеньскім нумары бюлетэня «Сымбаль часу» Віталь Каліноўскі падрабязна апавёў пра змаганьне актывіста з Гомеля Юрыя Рубцова, якога на той момант чакаў новы суд. Палітвязень Юры Рубцоў на акцыі выходзіў у майцы з надпісам «Лукашэнка, сыходзь», а калі яго зьмясьцілі на «хімію», дык зрабіў на грудзях тату з такім жа патрабаваньнем. Віталь Каліноўскі ў бюлетэні паведаміў і пра актывіста анархісцкага руху Мікалая Дзядка, якому дадалі да ўжо адбытага тэрміну ў 4,5 года яшчэ адзін год зьняволеньня.

Але хіба жыхары Лунінецкага раёну ня ведаюць пра гэтых людзей? І чаму Віталь Каліноўскі вырашыў распавядаць пра іх праз самаробны бюлетэнь, хоць пра палітвязьняў дастаткова інфармацыі ў інтэрнэце?

Віталь кажа: выпускаць бюлетэнь узяўся таму, што ў Мікашэвічах, Лунінцы і навакольных вёсках людзі прызвычаіліся давяраць друкаванай інфармацыі, а дзяржаўныя мэдыі пра палітвязьняў нічога ня пішуць ды ўвогуле абмінаюць вострыя палітычныя праблемы. Тэхналёгію свайго альтэрнатыўнага інфармаваньня землякоў спадар Каліноўскі апісаў гэтак:

Інтэрнэту я не цураюся, але ўлічваю, што ў нас дагэтуль шмат людзей ім не карыстаюцца ўвогуле, а праўдзівая інфармацыя ім таксама патрэбная

«Шмат бюлетэняў я раздаю ў дызэль-цягніку, таксама знаёмым людзям, суседзям, зь якімі шмат размаўляю, і калі бачу іх цікаўнасьць да пэўных тэмаў, прапаноўваю бюлетэнь. А ў ім пазначаны і сайты, на якіх можна знайсьці больш інфармацыі, прыкладам, пра палітвязьняў. Дарэчы, ёсьць спасылкі і на сайт вашага радыё. То бок інтэрнэту я не цураюся, але ўлічваю, што ў нас дагэтуль шмат людзей ім не карыстаюцца ўвогуле, а праўдзівая інфармацыя ім таксама патрэбная», — кажа Віталь Каліноўскі.

І ўсё ж: ці варта траціць час і сілы на выданьне малатыражных бюлетэняў з расповедам пра палітвязьняў, калі ёсьць магчымасьць даведацца пра іх праз інтэрнэт? Меркаваньні наконт гэтага па-ранейшаму разыходзяцца.

Журналістка з Лунінца Сьвятлана Гарда працуе ў мясцовым інтэрнэт-рэсурсе «Медыя-Палессе».

«Нас рэгулярна наведвае да 6 тысяч чалавек, пра палітвязьняў мы таксама паведамляем. Прычым да нас наведнікі зьвяртаюцца з пытаньнямі, мы можам на іх хутка адрэагаваць, патлумачыць. Мне падаецца, што самаробныя бюлетэні — гэта ўсё ж ужо даўніна, гэтак добра справу інфармаваньня грамадзкасьці ня зробіш», — мяркуе Сьвятлана Гарда.

Праваабарончы цэнтар «Вясна» на сваім сайце шмат піша пра палітвязьняў, імкнецца не прапускаць ніводнай гарачай навіны пра іхнія цяжкія лёсы. Праваабаронца Тацяна Равяка лічыць, што наяўнасьць палітычных зьняволеных у краіне непасрэдна зьвязаная з узроўнем жыцьця грамадзянаў, і гэта трэба абавязкова паказваць.

Адсутнасьць канкурэнцыі ў палітыцы, рэпрэсіі супроць палітычных супернікаў прыводзяць да застою ў грамадзтве і эканоміцы, а ў выніку — і да падзеньня дабрабыту

«Вядома, зьвесткі пра палітвязьняў у інтэрнэце ёсьць, і можна было б сказаць, што калі чалавек імі цікавіцца, дык заўсёды знойдзе, што прачытаць. Але ж фактам ёсьць і тое, што такая інфармацыя сярод простых людзей мала запатрабаваная, бо людзі ня любяць абцяжарваць сябе чужымі праблемамі. Нібыта чужымі. Толькі тут якраз непасрэдная сувязь: адсутнасьць канкурэнцыі ў палітыцы, рэпрэсіі супроць палітычных супернікаў прыводзяць да застою ў грамадзтве і эканоміцы, а ў выніку — і да падзеньня дабрабыту. Рэсурсы, каб гэта людзям патлумачыць, інтэрнэтам не абмяжуеш, патрэбны і чалавечы кантакт», — кажа праваабаронца.

Сайт «Вясны» быў адным зь першых, хто распаўсюдзіў інфармацыю пра бюлетэнь «Сымбаль часу», які выпускае актывіст зь Мікашэвіч Віталь Каліноўскі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG