Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сябра БНФ будуць судзіць за тое, што хацеў пратэставаць супраць вынікаў выбараў


Суд Аршанскага раёну і Воршы

Суд Аршанскага раёну і Воршы

12 кастрычніка ў 14.30 у судзе Аршанскага раёну і гораду Ворша будуць судзіць сябра Партыі БНФ Віталя Паўлава.

Як паведамляе прэс-служба Партыі БНФ, адміністратыўны перасьлед актывіста, якога абвінавачваюць у дробным хуліганстве, зьвязаны з падзеямі мінулых парлямэнцкіх выбараў.

Віталь Паўлаў быў затрыманы 12 верасьня, на наступны дзень пасьля выбараў, калі ішоў на аршанскі чыгуначны вакзал, каб ехаць у Менск на акцыю пратэсту. Двое міліцыянтаў, Валянцін Межусь і Руслан Папко, пад пагрозай сілы змусілі актывіста сесьці ў міліцэйскую машыну і адвезьлі ў пастарунак. Там яго двойчы абшукалі і зьмясьцілі ў камэру часовага ўтрыманьня, а затым прапанавалі азнаёміцца з пратаколам аб адміністратыўным правапарушэньні паводле артыкула 17.1 КаАП «Дробнае хуліганства».

Паводле пратаколу, напярэдадні, у дзень галасаваньня 11 верасьня, на ўчастку № 5, дзе Віталь Паўлаў прысутнічаў у якасьці назіральніка, ён нібыта нецэнзурна лаяўся і абражаў старшыню камісіі Натальлю Вайцаховіч, за што быў выдалены з участку. Пры гэтым маёр міліцыі Андрэй Лапцінскі не дазволіў фронтаўцу азнаёміцца з заявай, на падставе якой быў складзены пратакол.

Віталь Паўлаў сьцьвярджае, што ніякага правапарушэньня не ўчыняў, а адміністратыўны перасьлед стаўся вынікам ягонай спробы трапіць у Менск на вулічную акцыю «Патрабуем сапраўдных выбараў», якая адбылася 12 верасьня. Таксама Віталь Паўлаў сказаў, што ён рабіў заўвагі старшыні камісіі, якая перашкаджала назіраць за падлікам галасоў, аднак лаянкі і абразаў не выкарыстоўваў, і з участку ніхто яго не выдаляў. Памяшканьне для галасаваньня ён пакінуў пасьля закрыцьця ўчастку самастойна, разам зь іншымі назіральнікамі.

XS
SM
MD
LG