Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

На вокліч «Жыве Беларусь!» «чырвона-зялёны» кінуў: «Толькі не пад вашым сьцягам»


Віталь Мацукевіч (зьлева) cа славенскімі заўзятарамі

Віталь Мацукевіч (зьлева) cа славенскімі заўзятарамі

Сёньня зборная Беларусі згуляе адзін з найважнейшых сваіх матчаў на чэмпіянаце сьвету па хакеі ў Чэхіі. У выпадку перамогі над Даніяй беларусы захаваюць шанцы на выхад у 1/4 фіналу, а вось параза істотна зьнізіць верагоднасьць трапіць у лік чатырох першых камандаў у сваёй групе, якія працягнуць змагацца за мэдалі першынства.

Заўзятарскі дэсант зь Беларусі досыць унушальны: паводле некаторых зьвестак, падтрымаць нацыянальную зборную на групавым этапе зьбіраюцца ня меней за 5 тысяч чалавек. У выпадку, калі выхаванцы канадзкага спэцыяліста Дэйва Льюіса «праціснуцца» ў наступны раўнд, гэтая колькасьць можа падвоіцца.

Сярод аматараў хакею нямала беларусаў, якія з розных прычынаў атабарыліся на польскай тэрыторыі і хочуць падтрымаць землякоў. Блізкасьць да Остравы, дзе гуляе палова з 16 удзельнікаў усясьветнага першынства, спрыяе такому «паломніцтву». Асабліва, — як кажа хакейны заўзятар Віталь Мацукевіч, які цяпер жыве ў Варшаве, — калі ніхто ня будзе пярэчыць, каб разгарнуць на трыбунах бел-чырвона-белыя сьцягі і надзець майку з «Пагоняй». Тое, што ў Беларусі немагчыма нават уявіць:

«У прынцыпе, ад Варшавы да Остравы даехаць блізка, плюс выдаліся выходныя. Дык я прысьвяціў гэты час таму, каб падтрымаць зборную, прыехаць зь бел-чырвона-белым сьцягам, паглядзець, колькі будзе такіх, колькі іншых, якая ўвогуле атмасфэра. У Беларусі, на жаль, такой магчымасьці няма, на стадыён з нацыянальнай сымболікай не пускаюць. Ахова на стадыёне ляяльная — ні асаблівага дагляду, ні ператрусаў, ніякіх нязручных пытаньняў. Зрэшты, заўзятараў зь бел-чырвона-белымі сьцягамі было зусім мала, большая частка — пад чырвона-зялёнымі. Але некаторыя карцінкі выклікалі замілаваньне: мабыць, усім запомніўся зусім маленькі хлопчык зь бел-чырвона-белым сьцяжком, які хадзіў за руку з татам».

Шмат якія заўзятары прызнаюць: беларусы — бадай, адзіныя на чэмпіянаце сьвету, сярод каго няма салідарнасьці. Схільнасьць да прынцыпова розных ідэалягічных каштоўнасьцяў спараджае лякальныя канфлікты, якія часьцяком сканчаюцца ўзаемнымі абразамі. Так, адзін з наведнікаў сайту Свабоды — Слава зь Берасьця — у камэнтары пад учорашнім матэрыялам пра нацягнутыя адносіны беларускіх аматараў хакею напісаў:

«У сэктары А2 нейкі дзядзька пад чырвона-зялёным сьцягам ледзь не пабіўся з мужчынам, які трымаў бел-чырвона-белы сьцяг. Вельмі непрыемна было назіраць. І, дарэчы, з б-ч-б сьцягамі на матчы са Славеніяй было не 30% НАШЫХ заўзятараў, а працэнтаў 10 у лепшым выпадку».

У сваю чаргу, Віталь Мацукевіч апавядае, што на тле падзеяў ва Ўкраіне «чырвона-зялёныя» часта прылічваюць апанэнтаў да «бандэраўцаў»:

«Так, лякальныя спрэчкі маюць месца, таму што ёсьць людзі, якія пад уплывам расейскай прапаганды. Вы ж разумееце: з-за таго, што адбываецца ва Ўкраіне, наш народ яшчэ больш падзяліўся. Большасьць спрэчак зводзіцца да таго, што тыя, хто пад бел-чырвона-белымі сьцягамі, — яны за Ўкраіну, а іншыя, хто супраць — яны нібыта „правільныя“. То бок некаторыя ўжо ўспрымаюць гэта не як сьцяг „апазыцыі“, а як знак „варожых элемэнтаў“, якія за Ўкраіну ў канфлікце з Расеяй. Калі мы крычэлі на трыбунах „Жыве Беларусь!“, адзін з заўзятараў кінуў — „Толькі не пад гэтым сьцягам“. Такім чынам выказаў сваё нэгатыўнае стаўленьне. Зразумела, гэта не пагалоўна, бо залежыць ад канкрэтнага чалавека. Прыкладам, ішлі па вуліцы з воклічам „Жыве Беларусь!“, і як параўняліся з чырвона-зялёнымі, тыя нам адказалі — „Жыве!“. Таксама бачыў некалькі мужчынаў з афіцыйнымі сьцягамі, а потым, відаць, хтосьці ім падарыў бел-чырвона-белы, і адзін хлопец далей хадзіў ужо зь ім».

Варта прыгадаць, што ад моманту здабыцьця краінай незалежнасьці і да сярэдзіны 1990-х хакейная зборная Беларусі выступала ў майках з выявай гістарычнай сымболікі. Зрэшты, «Пагоня» на спартовай амуніцыі пратрымалася нядоўга — пасьля рэфэрэндуму 1995 году яе месца зноў заняў бээсэсэраўскі «вянок».

Форма зборнай Беларусі пачатку 1990-х

Форма зборнай Беларусі пачатку 1990-х

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG