Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Берасьці на Масьленіцу не дазволілі спаліць пудзіла Карупцыі і Бюракратыі


Віталь Казак. Усе фота — Ірына Шаціла, «Брестская газета»
Віталь Казак. Усе фота — Ірына Шаціла, «Брестская газета»

Берасьцейскі актывіст Віталь Казак зьбіраўся падчас сьвяткаваньня Масьленіцы 13 сакавіка ў гарадзкім парку Воінаў-інтэрнацыяналістаў спаліць пудзілы Карупцыі і Бюракратыі.

Разам з пудзіламі Дэвальвацыі, Інфляцыі, П’янства, Дармаедзтва і іншымі, паліць якія заплянавалі арганізатары сьвята. Але Віталя Казака затрымала міліцыя, і спаліць свае пудзілы яму не дазволілі, расказала «Брестская газета».

«Напісалі раней зварот да ўладаў з просьбай зрабіць пудзілы Бюракратыі і Карупцыі, прадставіць грамадзянам права спаліць іх на вогнішчы, — тлумачыць Свабодзе Віталь Казак. — Яны адказалі за дзень да мерапрыемства, што ў іх па сцэнары гэта не прадугледжана і што спаліць нельга. Тады зрабіў сваімі сіламі пудзіла і панёс.

І літаральна мэтраў за 40 да вогнішча мяне затрымалі, папрасілі ў міліцэйскую машыну прайсьці. Кажуць, тут сьвята, тут няма месца ніякім акцыям.

Інфляцыя згарэла ў адпаведнасьці з афіцыйным сцэнаром
Інфляцыя згарэла ў адпаведнасьці з афіцыйным сцэнаром

Завялі мяне ў машыну, сказалі: ці вывезем вас адсюль, ці пакіньце свае пудзілы тут, мы іх будзем ахоўваць, а вы ідзіце на сьвята. Вырашыў пудзілы ім пакінуць, хай ім будзе сорамна, і потым забраў».

Цяпер пудзілы ў Казака. Ён меўся быў спаліць іх ва ўласным двары пасьля Масьленіцы, але затым вырашыў пакінуць Бюракратыю і Карупцыю да наступнага году.

«Выпадак абуральны, будзем падаваць скаргі ў мэрыю. Чыноўнікі мо на свой адрас аднесьлі. Ну добра, пакінем да наступнай Масьленіцы, на наступнай зноў паспрабуем спаліць, пададзім заяўкі загадзя».

Казак задумаў на Масьленіцы яшчэ адну забаву: «абвясьціць у вышук» Карупцыю і Бюракратыю. Ва ўласным двары ён запусьціў на паветраных шарах міні-пудзілы, прычапіў да іх 25 тысяч рублёў і ліст з адрасам, куды прыходзіць па ўзнагароду — 100 тысяч.

Пакуль па ўзнагароду ніхто не зьвяртаўся.

«Хто знойдзе, той прышле на мой адрас канвэрт і атрымае 100 тысяч рублёў — ці на тэлефон, ці да нас прыйдзе і ва ўрачыстай абстаноўцы атрымае. Цяпер чакаем. Спадзяемся, што такую віртуальную „карупцыю“ ў нас атрымаецца выкрыць і пакараць, а пудзілы спалім».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG