Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Беларускія мастакі аздобяць вёску на самай мяжы зь Літвой


Мастак Алесь Сураў

Мастак Алесь Сураў

У вёсцы Салацьце Гарадзенскага раёну, блізу літоўскае мяжы, распачаўся незвычайны пленэр. Мастакі маюць аздобіць вёску, у якой многія зь іх жывуць.

Вёска Салацьце — амаль на мяжы зь Літвой. Кожны раз, калі сюды прыяжджаеш, трэба прад’явіць памежнікам пашпарт з дазволам на ўезд у памежную зону.

Салацьце аточана лясамі і прыгожымі вялікімі азёрамі. Сама вёска невялікая, але зь вельмі цікавымі ляндшафтамі. Магчыма, таму многія гарадзенскія мастакі панабывалі тут хаты і жывуць ужо гадамі.

Ідэю правесьці мастацкі пленэр падаў Юрась Мацко, які займаецца мастацкім каваньнем і ўжо колькі гадоў стала тут жыве. Мастакі сабралі некалькі дзясяткаў пустых бухтаў ад кабэля і пачынаюць рабіць зь іх творы мастацтва, якія пазьней усталююць у вёсцы.

У вёску прыехалі мастакі з Горадні, якія любяць тут бываць, некалькі ўдзельнікаў дабраліся сюды зь Менску. Юрась Мацко кажа, што ідэя, як заўсёды, зьявілася нечакана.

Пустыя бухты ад кабэля, якія празь пяць дзён стануць арт-аб’ектамі

Пустыя бухты ад кабэля, якія празь пяць дзён стануць арт-аб’ектамі

— Я ўбачыў кінутыя пустыя бухты ад кабэля. Іх напэўна пасеклі б на дровы і спалілі. А я падумаў, што можна іх расьпісаць і расставіць недзе ў вёсцы, гэтым самым надаць ёй мастацкі шарм. У той самы час — рэчы не павінны зьнікаць, калі яны яшчэ могуць быць карыснымі. Я спадзяюся, што яны будуць цешыць чалавечае вока і вельмі дарэчна ўпішуцца ў навакольле. Асабіста я задумаў намаляваць Вітаўта, які будзе стаяць на ўваходзе ў лес недалёка ад маёй хаты. Праўда, мы ніколі яшчэ такога не рабілі, і самім вельмі цікава, што з гэтага выйдзе.

Ідэю Юрася Мацка падтрымалі і мясцовыя мастакі, якія жывуць у Салацьці, і бізнэсоўцы, якія пагадзіліся быць фундатарамі пленэра і набылі фарбы для росьпісу. Адзін з фундатараў — мясцовы жыхар Юры Рэмша. Ён любіць мастацкае асяродзьдзе і адразу падтрымаў ідэю мастакоў.

— Мы тут жывём, і ня проста жывём, а таму што захапіліся гэтай вёскай, навакольлем, прыродай. А паколькі мы любім сваю вёску, то павінны яе берагчы, лялеяць, упрыгожваць, каб яе палюбілі іншыя людзі, а таксама нашы дзеці і ўнукі.

Адзін з фундатараў пленэру — Юры Рэмша

Адзін з фундатараў пленэру — Юры Рэмша

Мастак Алесь Сураў адзін зь першых пасяліўся ў Салацьці. Ён у прыўзьнятым настроі, ужо падкаціў бухты пад сваю хату і рыхтуецца распачаць працу. Цікаўлюся ў яго — што павінна выйсьці з гэтых катушак?

— Паколькі гэта была ідэя аздабляць вёску і яе ляндшафты, каб гэта было цікава для людзкога вока, то я вырашыў зрабіць прыдарожную стэлу сьвятога Губэрта, патрона ўсіх паляўнічых і рыбакоў. Гэта дзеля таго, каб кожны паляўнічы, які тут заходзіць у лес, і кожны рыбак, які прыяжджае на нашы азёры, памятаў пра тое, што Губэрт у другой палове свайго жыцьця не паляваў і не рыбачыў, а лічыў зьвяроў і рыбаў братамі нашымі меншымі...

Мастакі выбіраюць сабе бухты для працы, зрабіць гэта ня так лёгка

Мастакі выбіраюць сабе бухты для працы, зрабіць гэта ня так лёгка

А вось вядомы гарадзенскі мастак Сяргей Грыневіч разглядае бухты. Сам ён тут не жыве. Цікаўлюся — што прывяло яго на гэты пленэр?

— Мяне запрасілі, і я прыехаў, тым больш што быў тут ужо не аднойчы — прыгожае месца. Хоць лета і насычанае, але некалькі дзён тут прабуду. У мяне ёсьць нібыта думкі, што зрабіць, але бывае так, што эскіз падштурхоўвае мастака, а бывае, што сам аб’ект ужо накіроўвае на канкрэтную працу. Пакуль цяжка сказаць, што канкрэтна я зраблю, але празь пяць дзён пабачым.

Мастак Сяргей Грыневіч у сваёй майстэрні

Мастак Сяргей Грыневіч у сваёй майстэрні

Мяркуецца, што пленэр скончыцца 6 ліпеня — якраз на Купальле, якое мастакі таксама маюць наладзіць. На закрыцьці пленэра чакаецца канцэрт вядомага гарадзенскага барда Віктара Шалкевіча, які, дарэчы, таксама мае лецішча ў Салацьці.​

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG