Лінкі ўнівэрсальнага доступу

70-годзьдзе апэрацыі «Вострая Брама»


Супольны патруль салдатаў Чырвонай арміі і Арміі краёвай на вуліцах Вільні 13 ліпеня 1944 году
Супольны патруль салдатаў Чырвонай арміі і Арміі краёвай на вуліцах Вільні 13 ліпеня 1944 году

70 гадоў таму польскія партызаны з Арміі Краёвай паспрабавалі без Чырвонай Арміі вызваліць Вільню, якую лічылі сваёй.

7 ліпеня спаўняецца 70 гадоў з дня пачатку вызваленьня Вільні байцамі Арміі Краёвай, якія, арганізаваўшы апэрацыю «Вострая Брама», паспрабавалі выбіць немцаў з гораду яшчэ да прыходу Чырвонай арміі. Палякі марылі вызваліць хоць бы адзін горад (а Вільню яны лічылі сваёй) уласнымі сіламі. Калі Чырвоная армія падышла да Вільні, гэта скончылася вельмі дрэнна для большасьці польскіх партызанаў.

У Польшчы аб выніках апэрацыі «Вострая Брама» памятаюць да гэтага часу. Увесну сёлета невялікі польскі гарадок Пяненжна, ля мяжы з Калінінградзкай вобласьцю, ненадоўга апынуўся ў цэнтры ўвагі СМІ ў Польшчы і ў некаторай ступені таксама і ў Расеі. У гэтым мястэчку ў пачатку 70-х гадоў XX стагодзьдзя быў усталяваны помнік савецкаму генэралу Івану Чарняхоўскаму, які загінуў непадалёк ад Пяненжна ў 1945 годзе.

Помнік Івану Чарняхоўскаму ў Вільні, дэмантаваны ўладамі Літвы ў 1990 годзе
Помнік Івану Чарняхоўскаму ў Вільні, дэмантаваны ўладамі Літвы ў 1990 годзе

У студзені сёлета года мясцовыя ўлады вырашылі дэмантаваць помнік. Сямёра членаў гарадзкой рады Пяненжнэ галасавалі за, чацьвёра — супраць, а двое ўстрымаліся, і «Дэклярацыя аб намеры дэмантаваць помнік» была прынятая. Камэнтуючы рашэньне гарадзкой рады, бурмістар Пяненжна Казімеж Кейда заявіў, што за мінулыя гады «даніна памяці тым, хто заплаціў найвышэйшую цану за свабоду Польшчы, ужо аддадзена».

У гарадзкой радзе таксама падкрэсьліваюць, што хочуць правесьці дэмантаж помніка Івану Чарняхоўскаму з захаваньнем усіх законаў і «павагай да пачуцьцяў расейскага боку». Нічога супраць дэмантажу помніка не маюць і ў польскім урадзе, паведаміў міністар замежных справаў Польшчы Радаслаў Сікорскі:

— Для расейцаў гэта салдат, які змагаўся за вызваленьне Ўсходняй Прусіі, але для нас ён адначасова зьяўляецца катам гэтых краёў. Паколькі мы зьяўляемся гаспадарамі сваёй уласнай краіны, то мы і будзем вырашаць, каму ў грамадзкіх месцах ставіць помнікі, а каму — не.

Радаслаў Сікорскі падкрэсьліў, што магілы савецкіх салдат на тэрыторыі Польшчы — гэта «зусім іншая справа»:

— Як краіна, якая асабліва клапоціцца пра магілы ўласных салдат, мы з павагай ставімся і да магіл іншых вайскоўцаў. Тут дзейнічае міжнародная дамова, якой мы будзем прытрымлівацца, — падкрэсьліў міністар.

За дэмантаж помніка выступілі члены Сусьветнага саюзу вэтэранаў Арміі Краёвай. У заяве саюзу гаворыцца: «Мы лічым ганьбай наяўнасьць у Польшчы помнікаў, якія ўсхваляюць савецкіх акупантаў. А асабліва тых, якія мелі дачыненьне да сьмерці польскіх патрыётаў».

А лідэр найбуйнейшай апазыцыйнай партыі Польшчы «Права і справядлівасьць» Яраслаў Качыньскі сказаў, што прысутнасьць помніка генэралу Чарняхоўскаму на польскай тэрыторыі зьяўляецца непаразуменьнем:

— Гаворка ідзе пра 20 зь лішнім гадоў такой палітыкі, якая да канца не разьвіталася з старой сыстэмай і была поўная нейкай нябачанай боязі ў адносінах да Расеі і Савецкага Саюзу. Прашу вас не чакаць ад мяне спачуваньняў з нагоды таго, што да помнікаў злачынцам ставяцца непрыязна.

Сувязь паміж помнікам у Пяненжне і апэрацыяй Арміі Краёвай «Вострая Брама» самая непасрэдная. У Вільні, горадзе, які ў пэрыяд паміж Першай і Другой сусьветнымі войнамі належаў Польшчы, упершыню сустрэліся часткі Арміі Краёвай і савецкія войскі пад камандаваньнем менавіта Івана Чарняхоўскага.

Гістарычная рэканструкцыя. Баец АК сустракаецца з афіцэрам НКУС у 1944 годзе
Гістарычная рэканструкцыя. Баец АК сустракаецца з афіцэрам НКУС у 1944 годзе

Больш за 10 тысяч слаба ўзброеных польскіх партызан паспрабавалі самастойна вызваліць Вільню ад нямецкіх акупантаў раніцай 7 ліпеня 1944 году, і часткова ім удалося гэта зрабіць, аднак мясцовы гарнізон быў добра абсталяваны і цалкам заняць горад не атрымалася. А ўжо каля палудня да Вільні падышлі часткі Чырвонай арміі. 13 ліпеня Вільня быў узятая, а узьняты першапачаткова на Замкавай гары бела-чырвоны польскі сьцяг празь некалькі гадзін замянілі на савецкі. Савецкае камандаваньне прапанавала камандаваньню Арміі Краёвай стварыць падразьдзяленьні ў складзе Чырвонай арміі, аднак затым польскага генэрала Аляксандра Кшыжаноўскага запрасілі на перамовы да Івана Чарняхоўскага, дзе і арыштавалі.

Аляксандар Кшыжаноўскі
Аляксандар Кшыжаноўскі

Часткі НКВД атачылі польскіх партызан і раззброілі іх — вырвацца з кальца атрымалася нямногім. Каля 6 тысяч байцоў Арміі Краёвай былі інтэрнаваныя, большасьць зь іх адмовілася ўступіць у шэрагі 1-й арміі Войска Польскага пад камандаваньнем генэрала Зыгмунта Бэрлінга, за што іх вывезьлі ў лягеры на лесанарыхтоўкі ў Калугу і Разань.

Інфармацыя пра апэрацыю «Вострая Брама» доўгія гады замоўчвалася, прычым першапачаткова таксама і на Захадзе, бо да таго часу саюзьнікі ўжо прынялі рашэньне, што паваенныя межы Польшчы зьменяцца і Вільня ўжо ня будзе часткай польскай дзяржавы. У Польшчы, аднак, пра тыя падзеі памятаюць добра.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG