Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Скарабагатаў: Скарбы беларускай музычнай культуры трэба шукаць у Чылі, ЗША, Расеі


У тэатрах і музычных калектывах краіны гэтымі днямі пачынаецца новы сэзон. Ёсьць нагода пагаварыць пра сёньняшні стан і пра пэрспэктывы беларускага мастацтва. А таксама — пра запатрабаванасьць сцэнай і публікай нацыянальных традыцыяў. Госьцем Свабоды сёньня — опэрны сьпявак, дырэктар «Беларускай капэлы», рэжысэр Нацыянальнага акадэмічнага Вялікага тэатру опэры і балету Рэспублікі Беларусь, заслужаны артыст Беларусі, прафэсар Віктар Скарабагатаў.

Фрагмэнты перадачы

Вячаслаў Ракіцкі: Сёлета спаўняецца 250 гадоў з дня нараджэньня Міхала Клеафаса Агінскага. Ці стане адзначэньне гэтай даты сьвятам усёй нацыі, ці будуць маштабы сьвяткаваньня адпавядаць маштабу асобы?

Віктар Скарабагатаў: У гэтым зьвязку я раскажу вам адну, з майго гледзішча, вельмі цікавую гісторыю. Гадоў пятнаццаць таму да Адама Мальдзіса ў госьці зь Лёндану прыехаў Анджэй Залускі — шмат разоў праўнук Агінскага. Тады ў Менску выходзіла папулярная незалежная газэта «Имя». І на апошняй, здаецца, старонцы была рубрыка «Скверный рейтинг». У сквэры ля Акадэміі музыкі карэспандэнты ў людзей пыталіся, хто іхны любімы кампазытар, паэт, мастак. І аднойчы ў мінакоў запыталіся, хто іхны ўлюбёны кампазытар? У адказах людзей на першым месцы апынуўся акурат Міхал Клеафас Агінскі. На другім, як гэта ня дзіўна, — Ёган Сэбасьцьян Бах, на трэцім — Дзьмітры Шастаковіч. Залускі ў гэта не паверыў. Тады Мальдзіс прапанаваў выйсьці на вуліцу і запытацца ў людзей. Выйшлі. Ідзе нейкі на падпітку чалавек. Мальдзіс і пытаецца ў яго: «Ты нешта ведаеш пра Міхала Клеафаса Агінскага?» Той адразу ж насьпяваў мэлёдыю палянэза «Разьвітаньне з радзімай». Ідзе нейкі хлапец зь мячыкам. Паклікалі яго, запыталіся. І той адразу ж прасьпяваў. Кожны, у каго пыталіся, прасьпяваў знакаміты палянэз. Кожны беларус ведае гэты твор.

Ракіцкі: «Беларуская капэла» — гэта і навукова-дасьледчы цэнтар дзеля вывучэньня беларускай музычнай спадчыны акадэмічных жанраў. Вы шмат зрабілі адкрыцьцяў, вы шмат знайшлі страчанага і вярнулі музычнай культуры, шмат дасьледавалі. Працэс завершаны, ці нешта яшчэ ня знойдзенае, нешта шукаеце?

Скарабагатаў: Беларуская музычная гісторыя — гэта айсбэрг, і тое, што мы знайшлі, — гэта толькі тое, што над вадою, на яго вяршыні. А пад вадою знаходзіцца неверагодная колькасьць таго, што трэба яшчэ адшукаць. Так здарылася, што нашы фонды, што зьбіраў той самы Нясьвіж, ці што зьбіралі Тышкевічы, усё было разрабавана і разьвезена па ўсім сьвеце.

Ракіцкі: Як беларусам усё гэта адшукаць, вярнуць? Ці ёсьць на гэта нейкі шанец?

Скарабагатаў: Адразу, канечне ж, не, ня знойдзем. Па сёньняшні дзень шукаюць ноты Моцарта ў Аўстрыі, ноты Баха — у Нямеччыне... І знаходзяць!

Ракіцкі: А дзе беларусам шукаць?

Скарабагатаў: Нават у Чылі. Там жывуць беларусы, і шмат чаго яны туды зьвезьлі. Я гэта ведаю ад таго ж Мальдзіса. У Злучаных Штатах, адтуль я сам прывозіў. У Расеі — там, у Маскве, знаходзіцца архіў таго ж самага Агінскага.

Ракіцкі: У гэтым сэнсе вы аптыміст?

Скарабагатаў: Безумоўна. І якая розьніца, дзе знаходзяцца гэтыя скарбы?! Хай яны там і захоўваюцца. Калі мы зробім выдатнай якасьці ксэракопіі нотаў, нам гэтага будзе дастаткова. Я ж кажу: музыка — гэта ня ноты, а гукі. Нотныя знакі мы расшыфруем, выканаем іх, выдадзім. Менавіта гэта мы і робім.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG