Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Літанкета Свабоды: Віктар Шніп


Віктар Шніп

Віктар Шніп

Віктар Шніп нарадзіўся 26 сакавіка 1960 у вёсцы Пугачы Валожынскага раёну Менскай вобласьці. Скончыў Менскі архітэктурна-будаўнічы тэхнікум (1979) і Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1987). Працаваў у часопісе «Беларусь», у газ'це «Наша слова». З 1995 па 2004 быў намесьнікам галоўнага рэдактара і галоўным рэдактарам штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». Цяпер – галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Пачаў друкавацца ў 1977. Аўтар паэтычных зборнікаў «Гронка святла», «Пошук радасьці», «Шляхам ветру», «На рэштках Храму», «Выкраданьне Эўропы», «Воўчы вецер», «Інквізыцыя»,«Выратаваньне атрутай», «Чырвоны ліхтар», «Беларускае мора», кніг паэзіі і прозы «Баляда камянёў», «Страла каханьня, любові крыж», «Пугачоўскі цырульнік», «Заўтра была адліга» і інш., а таксама бясконцай кнігі «Сабачыя гісторыі», якая пачалася ў 1996 годзе з публікацый у штотыднёвіку «Наша Ніва». Ляўрэат прэміі імя Ўладзіміра Маякоўскага (1987) і інш.

1. Для каго вы пішаце? (Хто ваш ідэальны чытач?)

Пачынаў пісаць для сябе. Цяпер для тых, хто чытае і разумее, што чытае. Ідэальны чытач – той, хто ўжо прачытаў больш за 100 кніжак паэзіі і прозы і хоча чытаць болей.

2. Дзе вам найлепш пішацца, і калі?

Ужо гадоў дзесяць вечарам на кухні, гледзячы ў вакно, празь якое бачна неба, а таксама перад сном, лежачы на дыване. Шмат “сабачых” радкоў прыйшло ў галаву па дарозе на працу і дамоў.

3. Аўтарам якой ужо напісанай кнігі вы хацелі б быць?

Чужых кніг мне ня трэба. Я пішу свае.

4. Які літаратурны герой найбольш падобны да вас?

Сабака і Граждан.

5. Хто ваш улюбёны пісьменьнік?

Тут я не адналюб. За апошніх сорак гадоў любімымі было пісьменьнікаў дзесяць. У 1990 годзе ў кіёску на вакзале купіў «Назидание» Іосіфа Бродзкага, якое было падрыхтавана да друку літаратурна-выдавецкім агенцтвам «Эридан». Па сёньня люблю Бродзкага.

6. Што вы цяпер чытаеце?

Перачытваю Іосіфа Бродскага. Нядаўна прачытаў яшчэ ў рукапісе заключную кнігу цыклю раманаў Людмілы Рублеўскай «Авантуры Пранціша Вырвіча, здрадніка і канфэдэрата». І на працы рукапісы, рукапісы, рукапісы...

7. На якіх замежных мовах (расейская ня лічыцца) вы можаце чытаць?

На польскай і ўкраінскай.

8. Якая ваша найбольш улюбёная кніга з напісаных вамі?

«Баляда камянёў» (2006).

9. Якую кнігу вам яшчэ хочацца напісаць?

Такую, каб усе, хто яе будзе чытаць, казалі: “АБАЛДЗЕЦЬ!”

10. Калі вы адчуваеце сябе найбольш свабодным?

Калі пішу пра Сабаку і Граждана, а таксама, калі сплю.

XS
SM
MD
LG