Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Шэндэровіч: Я не прайшоў цэнзуру ў Беларусі


Віктар Шэндэровіч

Віктар Шэндэровіч

Вядомаму пісьменьніку-сатырыку і нястомнаму крытыку рэжыму Ўладзімера Пуціна забаранілі канцэрт у Беларусі.

Сам Шэндэровіч, які апошні раз выступаў у нашай краіне на пачатку 2000-х, лічыць, што пэрсонай нон-грата ён стаў у Беларусі пасьля некаторых выпускаў праграмы «Лялькі».

Пісьменьнік-сатырык паведаміў у фэйсбуку, што канцэрт забараніў чыноўнік з ідэалягічнага аддзелу гарвыканкаму: нібыта Шэндэровіч — «непажаданы артыст у нашай краіне».

Радыё Свабода распытала ў Віктара Шэндэровіча, у чым прычына асаблівага стаўленьня беларускіх чыноўнікаў да ягонай асобы.

Віктар Шэндэровіч: «Думаю, што „нелюбоў“ — гэта занадта моцнае і недакладнае слова для сытуацыі. У іх за гэтыя дваццаць год выпрацаваны трывалы ўмоўны рэфлекс на рэакцыі „бацькі“ — Аляксандра Рыгоравіча. Думка пра тое, што яны могуць яго ўгнявіць, выклікае ў іх, як у сабакі Паўлава, скавытаньне, заведамы сполах і стрэс. Аніякіх пачуцьцяў да мяне яны ня маюць.

Яны проста прыкідваюць, які выраз твару можа быць у Аляксандра Рыгоравіча, калі ён пра гэта даведаецца. Калі ім здаецца, што ў Аляксандра Рыгоравіча будзе кепскі выраз твару, то гэтага дастаткова для таго, каб схавацца пад плінтус і пакінуць усё як ёсьць. Ня думаю, што тут было непасрэднае ўказаньне. Гэта нармальная баязьлівая чыноўніцкая рэакцыя.

Сама практыка атрыманьня дазволу на гастрольную дзейнасьць, фактычна дазволу на ўезд, — гэта і ёсьць уласна цэнзура

Сама практыка атрыманьня дазволу на гастрольную дзейнасьць, фактычна дазволу на ўезд, — гэта і ёсьць уласна цэнзура. Тое, што я гэтай цэнзуры не прайшоў, — нашмат менш значны факт, чым тое, што яна існуе».

Віктар Шэндэровіч прыгадвае, што апошні ягоны выступ у Беларусі адбываўся, найхутчэй, у 2002 годзе.

«У мяне даўным-даўно не было аніякіх выступаў у Беларусі, і гэта натуральна. Я думаю, што гэта пачалося нават раней — з праграмы „Лялькі“, яскравым фігурантам якой быў таварыш Лукашэнка. Мяркую, што ведаю, зь якой менавіта праграмы гэта магло пачацца.

Калі быў зусім старэнькі і хворы Ельцын і малады, поўны моцы і амбіцыяў Лукашэнка, там маячыла камбінацыя, што ён можа стаць наступным прэзыдэнтам усёй узноўленай расейска-беларускай дзяржавы.

Былі такія размовы. На пэўны час спадар Лукашэнка стаў заўважнай фігурай ужо ў расейскай палітычнай прасторы. І я памятаю некалькі сваіх праграмаў, адна зь іх называлася „Першы Беларускі“ пра прыезд Лукашэнкі ў Маскву. Я думаю, што з тых часоў я стаў непажаданы ў Беларусі».

У апошні год Віктар Шэндэровіч вядомы жорсткай крытыкай палітыкі Ўладзімера Пуціна, у тым ліку дзеяньняў Расеі ва Ўкраіне. У жніўні 2014 году Шэндэровіч выйшаў на адзіночны пікет у цэнтры Масквы з плякатам «Вайна з Украінай — ганьба і злачынства».

З-за сваёй грамадзянскай пазыцыі Шэндэровіч стаўся аб’ектам нападак афіцыёзнай расейскай прапаганды, а ягоныя канцэрты ў Расеі адмяняюцца адзін за адным.

Віктар Шэндэровіч лічыць, што практыка забароны на прафэсію пачалася зь Беларусі.

«Раней мяне не пускалі ў Беларусь, цяпер мяне не пускаюць і ў Маскву, і ў Пецярбург, і ў гарады-мільёньнікі. Лік адмененых канцэртаў ідзе на дзясяткі.

Бліжэйшы канцэрт у мяне ў Парыжы.

Вось мне, былому невыязному яўрэю, цяпер можна ў Парыж, у Нью-Ёрк, хоць у Аўстралію... А вось у Пецярбургу, Маскве афішных канцэртаў у мяне няма і пры Пуціну ўжо не прадбачыцца.

Фактычна гэта забарона на прафэсію, якая пачалася зь Беларусі на пачатку 2000-х, а сёньня ўжо і на радзіме».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG