Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Манаеў мог бы і сёньня сыграць Мікіту Зноска, але марыць пра караля Ліра


Беларускі нацыянальны тэатар імя Янкі Купалы адзначыў сваё 95-годзьдзе. Больш за траціну гэтага часу на праслаўленую сцэну выходзіць народны артыст Беларусі, двойчы ляўрэат беларускай Дзяржаўнай прэміі, ляўрэат Дзяржаўнай прэміі СССР Віктар Манаеў. У тэлестудыі Свабоды культавы актор — выканаўца цэнтральных роляў у спэктаклях «Тутэйшыя», «Ідылія», «Пінская шляхта», «Гаральд і Мод», «Радавыя» — разважае пра адметнасьці першай беларускай драматычнай сцэны, узгадвае вялікіх майстроў і свае ролі ўчора і сёньня.

Фрагмэнты перадачы:

Вячаслаў Ракіцкі: Віктар, перадусім віншую вас зь юбілеем тэатру, якому вы служыце ўжо 35 гадоў, у што асабіста мне ня верыцца. Бо з таго самага 1980 году, калі вы прыйшлі ў Купалаўскі пасьля тэатральна-мастацкага інстытуту, мы з вамі і знаёмыя. Напэўна ж, самая прыгожая легенда гэтага тэатру апошніх дзесяцігодзьдзяў — культавы спэктакль «Тутэйшыя» Янкі Купалы, у якім вы выканалі ролю Мікіты Зноска. А сёньня вы маглі б сыграць гэтую ролю?

Віктар Манаеў: Вядома. Толькі трэба было б падрыхтавацца, успомніць ролю. Гадзіну, дзьве, дзень мо заняло б. Дарэчы, ужо калі «Тутэйшыя» ня йшлі, мяне часта запрашалі на розныя сустрэчы, вечарыны, і я асобныя маналёгі Мікіты нанізваў адзін на адзін, і атрымліваліся цудоўныя, актуальныя, як і раней, паказы.

Ракіцкі: Узрост не перашкода?

Манаеў: Так. Усё ўмоўна ў тэатры, і ўзрост таксама вельмі ўмоўны. Мы 16 гадоў гралі «Тутэйшых», аж да 2007 году. Дзякуй богу, добра пайгралі гэты спэктакль. Мікіту, паводле п’есы, каля 20 гадоў, а мне было ўжо далёка за сорак. І галава пачала сівець. А гераіня, маці Мікіты, прамаўляе там: мой Мікіта такі маладзенькі, як васілёк у жыце. А які там васілёк у жыце зь сівымі валасамі?! Дык на апошнім спэктаклі нават чорнай фарбай ад капіравальнай паперы зачарнілі мне валасы. Я думаю, што цяпер гэта ня мае значэньня, бо самае галоўнае — душа.

Ракіцкі: Мікіта Зносак — пэрсанаж без узросту?

Манаеў: Так.

Ракіцкі: Але ваш мастацкі кіраўнік, пастаноўшчык «Тутэйшых» Мікалай Пінігін сярод іншых прычынаў, чаму немагчымы сёньня ў Купалаўскім гэты спэктакль, называе і тое, што няма ў трупе маладога актора, які б мог увасобіць гэты вобраз.

Манаеў: Я ўмоўна сказаў, што мог бы сыграць, гіпатэтычна мог бы. Але ж, натуральна, у п’есе ёсьць вонкавыя рэчы, узрост тут важны. Бо ў сыстэме пэрсанажаў ёсьць і маці, і каханая ім Наста Пабягунская. Тэатар — мастацтва і ўмоўнае, і канкрэтнае. Гамлета таксама ня будзеш выконваць у пяцідзесяцігадовым узросьце.

Ракіцкі: Але ў кіно расейскі актор Смактуноўскі, здаецца, у вельмі паважным узросьце выканаў гэтую ролю.

Манаеў: У нашым тэатры таксама некалькі дзесяцігодзьдзяў гралі Рамэа і Джульету Барыс Платонаў і Ірына Ждановіч. Але ня думаю, што ў сучасным тэатры гэта можа быць цікавым. Як нейкае дзіўнае відовішча можа быць, каб паказаць патэнцыял артыста, які не старэе.

Ракіцкі: А ці магчымы ў сучасным тэатры ўвогуле, у Тэатры імя Янкі Купалы ў прыватнасьці, нейкі спэктакль, які выклікаў бы падобны, як у выпадку з «Тутэйшымі», грамадзкі рэзананс? Што б гэта магло быць?

Манаеў: Ня ведаю. Калі мы рыхтавалі «Тутэйшых», мы пра рэзананс ня думалі. Пінігін прамовіў нам, што ставім спэктакль да даты, да 70-годзьдзя нашага тэатру. І ўзялі п’есу Купалы, якая даўно ня ставілася на гэтай сцэне. А што, як не «Тутэйшых», варта было ставіць у 1990 годзе? І спэктакль пацэліў у свой час. Гэта быў пераломны час. Здыхаў ужо камунізм. Нараджалася новае жыцьцё, паўставалі новыя ідэі, як і ў тым часе, пра які расказаў Купала, — 20-я гады 20-га стагодзьдзя, калі над Беларусьсю круціліся розныя віхуры.

Ракіцкі: А пра што сёньня варта было б паставіць спэктакль, які ўскалыхнуў бы сьпячую Беларусь? Разумею, такой сучаснай беларускай п’есы няма. І тым ня меней...

Сёньня павінен быць спэктакль, які б нагадаў гледачам пра бесьсьмяротнасьць душы

Манаеў: Сёньня павінен быць спэктакль, які б нагадаў гледачам пра бесьсьмяротнасьць душы. Пра гэта павінна гаварыць усё мастацтва. І пра тое, як застацца чалавекам у часта зусім нечалавечых умовах нашага сёньняшняга жыцьця, у той мітусьні, у якой чалавек патанае. Я маю на ўвазе рэчы больш касьмічнага маштабу — як не загінуць душы чалавека, каб заставалася яна бесьсьмяротнай.

Ракіцкі: Такую п’есу вы для сябе бачыце?

Манаеў: Я думаю, што пра гэта казалі сусьветныя клясыкі.

Ракіцкі: Вы пераважна камічны актор. Але тое, пра што вы цяпер гаворыце, тычыцца перадусім трагічнага рэпэртуару. Можа, «Караля Ліра» трэба ставіць і яго вы хочаце сыграць?

Манаеў: «Кароль Лір» вельмі актуальны сёньня. Вядома, гэта сёньня быў бы цуд.

Ракіцкі: Вы як актор гатовы да такой ролі?

Манаеў: Ну як тут застацца сьціплым?.. Ну, пакуль ты актор, ты, як савецкі піянэр, мусіш быць заўсёды і на ўсё гатовы. І асабліва калі роля адпавядае твайму ўнутранаму стану і сьветапогляду.

Ракіцкі: А рэжысура? Ці ёсьць рэжысэры, якія гэтаму адпавядаюць і якія здольныя на маштабнае мысьленьне?

Манаеў: У нас у Беларусі ўвогуле вельмі цяжка з рэжысурай. Вы ж ведаеце, Вячаслаў, што шмат гадоў існуе катэдра рэжысуры ў Акадэміі мастацтваў, а рэжысэраў няма. Сучасны беларускі тэатар квітнеў пры рэжысэрах Барысу Луцэнку і Валерыю Раеўскім, на зьмену ім прыйшоў Мікалай Пінігін. А дзе яшчэ кадры?..

Ракіцкі: Вам пашанцавала, што вы ў сваім творчым жыцьці сустрэлі Мікалая Пінігіна, які вас разумее як актора, ставіць спэктаклі на вас. Вы не стаміліся працаваць практычна ўсё жыцьцё з адным рэжысэрам?

Манаеў: Не. Ні ў якім разе. Жыцьцё ж рухаецца наперад, зьмяняемся і мы разам зь ім, набываем новыя якасьці.

Ракіцкі: Мне здаецца, што ў жыцьці вам увогуле вельмі пашчасьціла. Вы прыйшлі ў гэты тэатар, калі працавалі ў ім яшчэ вялікія і прыгожыя легенды нацыянальнай сцэны — Станюта, Макарава, Стома, Кармунін, Рахленка, Бірыла, Браварская, Давідовіч... Са Станютай у адным спэктаклі «Гаральд і Мод» вы сыгралі адну зь лепшых роляў у сваёй кар’еры. Вы адчувалі нейкую асаблівую павагу да іх, мо нават страх? Ногі ня слухаліся, голас дрыжэў? Што ўзялі вы ад іх?

Манаеў: Яны былі болей чым партнэры. Я часта думаю, чаму мы так часта пра іх успамінаем. Мала быць добрым, выкшталцоным, спрактыкаваным артыстам. Трэба быць асобай. Яны былі непаўторнымі асобамі. Маштаб асобы — вось што было.

Ракіцкі: Я кожныя пяць гадоў прыходжу на вашы юбілейныя вечарыны. І кожны раз я бачу вельмі падобныя мізансцэны. Пад музыку са спэктакля «Паўлінка» расчыняецца заслона, і на сцэне сядзіць уся трупа. А ў першым шэрагу звычайна дзясятак, а то і два дзясяткі буйных майстроў, маштабных асобаў. Гэтым разам трупа не сядзела, а стаяла. І ў першым шэрагу не было так шмат буйных майстроў, асобаў. Генадзь Аўсяньнікаў, Генадзь Гарбук, Марыя Захарэвіч, вы... А траціну з тых, хто быў на сцэне, я, крытык, які глядзіць увесь рэпэртуар у вас, увогуле пазнаваў зь цяжкасьцю. Здрабнела трупа? Здрабнеў сучасны актор? І ўвогуле — сучасны тэатар імя Янкі Купалы?

Манаеў: Здрабнелі, як здрабнела і ўсё наша жыцьцё. Я не адрываю тэатар ад кантэксту ўсяго нашага жыцьця. Драбнеем, драбнеем. Можа, гэта такі дух часу, які мае такія запатрабаваньні?

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG