Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Па тэмпах пагаршэньня сытуацыі ў эканоміцы мы абагналі нават Украіну, — Віктар Цярэчшанка


Амаль кожнае чацьвёртае прадпрыемства ў краіне па-ранейшаму стратнае. Гэта вынікае з паведамленьня Нацыянальнага статыстычнага камітэту.

Паводле зьвестак Белстату, за першыя чатыры месяцы году стратнымі былі 1705 прадпрыемстваў і арганізацыяў, то бок 21,5% ад агульнай колькасьці. А сума іх чыстых страт склала 9,3 трыльёна рублёў. Гэта ў паўтара раза болей, чым было за той жа час летась.

Найбольш прыкры стан у першым квартале 2015 году — сярод арганізацыяў рыбалоўства (65% стратных) і прамысловасьці (30,8%).

Тэндэнцыя да павелічэньня колькасьці стратных прадпрыемстваў назіраецца цягам апошніх гадоў: за 2014 год стратнымі былі 13,5% арганізацыяў, у 2013 годзе — 10,3%.

Кандыдат эканамічных навук Віктар Цярэшчанка ў інтэрвію Радыё Свабода сказаў, што гэтая статыстыка, найхутчэй, неаб’ектыўная. Насамрэч стратных прадпрыемстваў значна больш, чым паведамляе Белстат:

Віктар Цярэшчанка

Віктар Цярэшчанка

«У Віцебскай вобласьці, дзе я цяпер знаходжуся, фактычна амаль усе сельгаспрадпрыемствы нерэнтабэльныя. Дзесьці з канца мінулага году ўсё часьцей заробкі тут выдаюць часткова рублямі, а часткова прадуктамі ўласнай вытворчасьці альбо раённай вытворчасьці. Гэта — сыр, каўбаса, мяса ды іншае. А ў ведамасьцях людзі расьпісваюцца, нібыта ўвесь заробак атрымалі грашыма.

Многія прадпрыемствы закрэдытаваныя і таму ўзяць новую пазыку проста ня могуць. А калі хто і атрымае грошы, то эфэктыўна імі скарыстацца ня можа.

Страшна робіцца, калі бачыш, што сытуацыя з году ў год, зь месяца ў месяц толькі пагаршаецца. І гэта бачна па розных пазыцыях: інфляцыі нацыянальнай валюты, індэксе спажывецкіх коштаў, росту цэнаў у крамах і рынках. Вы ж паглядзіце, мы апярэджваем тут усе іншыя краіны СНД і нават, па выніках апошняга месяца, Украіну. Пра што далей гаварыць?!

Калі ў 1990 годзе мы за сярэдні заробак маглі купіць 137 кіляграмаў ялавічыны, то цяпер — удвая меней. Затое гарэлкі мы цяпер можам купіць утрая болей. Ну як гэта разумець?!

Як жа ўрад усё гэта рэгулюе! Падобна, што ён ня бачыць нават таго, што творыцца пад носам. Народ — п’е. Гарэлка ператварылася ў другую валюту. Так было і раней. Але цяпер — асабліва».

XS
SM
MD
LG