Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

У Гомелі ад зборшчыка подпісаў патрабуюць аплаціць месца на рынку


Віктар Хоміч

Віктар Хоміч

У Гомелі адміністрацыя «Прудкоўскага» рынку патрабуе ад зборшчыка подпісаў Віктара Хоміча, чальца ініцыятыўнай групы па вылучэньні кандыдатам у прэзыдэнты лідэра Беларускай партыі левых «Справядлівы сьвет» Сяргея Калякіна, аплачваць месца нароўні са звычайнымі гандлярамі.

«Да мяне ў сярэдзіне дня, — апавядае Віктар Хоміч, — падышлі ахоўнік і касір і запатрабавалі аплаціць месца. Я ім сказаў, што буду размаўляць з адміністрацыяй. Але больш ніхто не прыходзіў. Там зручнае месца, дзьве сьцежкі сыходзяцца, больш людзей ходзіць. Учора я там шмат подпісаў сабраў. І ўчора ж дакладаў сваім, што дырэктар рынку тут не дазваляе разьмяшчаць пікет і зьбіраць подпісы».

Гэта было 28 ліпеня. Сёньня, 29 ліпеня, Віктар Хоміч стаў тамсама, дзе і ўчора, але адміністрацыя рынку запатрабавала згарнуць пікет і перабрацца ў іншае месца.

«Сёньня я вярнуўся на тую ж кропку, зноў стаў пад вярбою на той жа сьцежцы, — апавёў зборшчык подпісаў. — Да мяне падышоў дырэктар рынку і ў грубай форме запытаў: „Хто вы такі? Давайце дакумэнты!“ Я кажу: „Назавіце сябе, пакажыце свае дакумэнты“. Ён адмовіўся. Але я паказаў яму свой пашпарт, пасьведчаньне чальца ініцыятыўнай групы Сяргея Калякіна і патлумачыў, што паводле закону я не павінен узгадняць, бо ёсьць рашэньне гарвыканкаму, дзе дазволена зьбіраць подпісы, а дзе — не. Ён адказаў, што яго не турбуюць рашэньні: „Вы павінны прыйсьці й па-чалавечы запытацца“. Маўляў, гэта прыватная тэрыторыя і тут нельга зьбіраць. Я не пагаджаюся, кажу, што гэта прылеглая, а не прыватная тэрыторыя. Нагадваю, што ўчора патрабавалі аплаты, а не „па-чалавечы запытацца“. Дырэктар: „Вы павінны адысьці ўбок“, — разьвярнуўся і сышоў».

Ахоўнік з касірам, прозьвішчы якіх Хоміч запісаў, чакалі, пакуль ён згорне пікет — і паказалі яму іншае месца, побач зь білбордам:

«Калі прыходзяць і груба патрабуюць: „Аплаці месца!“ — пры чым тут аплата? — патрабуюць: „Сыходзь, нельга тут, гэта прыватная тэрыторыя“, размаўляюць грубым тонам — гэтага я не разумею. Гэта непрыстойна, няправільна. Гэта валюнтарызм, непавага да беларускага выбарчага заканадаўства, непавага да прэзыдэнцкіх выбараў».

Дырэктар Прудкоўскага рынку Мікалай Гаўрычэнка, зь якім удалося зьвязацца праз тэлефон, адмаўляе, што ягоныя спэцыялісты патрабавалі аплату за зьбіраньне подпісаў на прырынкавай тэрыторыі:

«Мы такога не патрабуем. Калі чалавеку плацяць за тое, што зьбірае, — гэта іншае пытаньне. Можаце пра гэта напісаць».

Што да разьмяшчэньня пікету па зборы подпісаў каля рынку, то дырэктар Гаўрычэнка лічыць, што зборшчыкі павінны былі прыйсьці спачатку ў дырэкцыю й паказаць усе дакумэнты:

«Мы хочам, каб людзі, якія хочуць зьбіраць подпісы за кандыдатаў, прыйшлі ў адміністрацыю, паказалі свае пасьведчаньні, рашэньне гарвыканкаму, якое дазваляе ім гэта рабіць, пацьвердзілі сваю асобу. Ім укажуць месца, дзе можна зьбіраць. А проста прыйшоў хтосьці аднекуль і стаў і нібыта штосьці робіць, — так рабіць нельга».

Дырэктар кажа, што ў яго няма рашэньня Гомельскага гарвыканкаму пра тое, дзе можна, а дзе нельга зьбіраць подпісы. Да таго ж нібыта такога рашэньня ў адкрытым доступе наагул няма:

«У мяне няма гэтага рашэньня. І ў адкрытым доступе на інфармацыйным канале няма нідзе гэтага рашэньня. Чалавек, які зьбірае подпісы, павінен паказаць ці ўказаць нумар рашэньня за пэўнаю датаю — калі ласка, знаёмцеся. У мяне на сёньняшні дзень мае спэцыялісты не знайшлі такога рашэньня».

Насамрэч рашэньне № 597 ад 15.07.2015 зьмешчана на ўсіх сайтах раённых адміністрацыяў у горадзе і, канечне, на сайце гарвыканкаму. Публікавалася яно і ў мясцовым друку. Выпіска з рашэньня, праўда, без пазначэньня нумару й даты, ёсьць і ў зборшчыка подпісаў Віктара Хоміча, былога дэпутата Вярхоўнага Савету 13 скліканьня, старшыні камісіі па чарнобыльскіх пытаньнях.

Ён, дарэчы, рыхтуе заявы ў Цэнтравыбаркам і пракуратуру пра перашкоды ў зборы подпісаў за вылучэнцаў кандыдатамі на будучых прэзыдэнцкіх выбарах.

XS
SM
MD
LG