Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віктар Асьлюк: Нацыянальнай ідэяй можа быць толькі змаганьне са сьмерцю нацыі


Віктар Асьлюк

Віктар Асьлюк

Віктар Асьлюк — найбольш тытуляваны і прызнаны ў сьвеце беларускі рэжысэр дакумэнтальнага кіно, сябра Эўрапейскай кінаакадэміі.

Вячаслаў Ракіцкі: Мы сустракаемся з вамі пры самым канцы году. Што зроблена? Якія фільмы зьнялі, на якіх фэстывалях пабывалі? Якія прызы заваявалі?

Віктар Асьлюк: Быў толькі адзін прыз. А ўвогуле год быў звычайны. Нічым асаблівым ён ня вылучыўся з тых пятнаццаці-дваццаці гадоў, цягам якіх я здымаю кіно.Я нічога не зрабіў звыш таго, што плянаваў. А ўвогуле ў наш час і ў маёй прафэсіі кінадакумэнталіста цяжка нешта плянаваць. А мо нават і ня вельмі разумна. Жыву, як складваецца. Фільму, якім бы я моцна ганарыўся пры канцы году і якім бы я мог прэзэнтаваць сябе ў наступным годзе, я сёлета ня зьняў.

Ракіцкі: Колькі ўсяго вы зьнялі фільмаў за свае 20 гадоў працы і колькі ўзнагародаў атрымалі? Ці лічылі?

Асьлюк: Фільмы я лічыў. Я зьняў каля сарака дакумэнтальных фільмаў. А калі лічыць і фільмы пра вытворчасьць сьвініны, дык нават і крыху болей іх набярэцца. Так, я здымаў і такія фільмы, і з задавальненьнем успамінаю тыя часы, калі здымаў стужкі на замову. Гэта лёгкая для рэжысэра праца. Што тычыцца ўзнагародаў, дык сам ня ведаю, як так сталася, але за апошнія 15 гадоў усе мае фільмы хоць дзе-небудзь, але атрымлівалі ўзнагароды. Але ж узнагарода ўзнагародзе розьніца. Для кар’еры рэжысэра дакумэнтальнага кіно важныя ўзнагароды толькі на вельмі малой колькасьці выбітных фэстываляў. І гэтыя фэстывалі ўсім вядомыя. Такія ўзнагароды, па-першае, пацьвярджаюць твой прафэсіяналізм, па-другое, даюць падставы прэтэндаваць на нешта большае. А малыя фэстывалі — ня болей, чым турызм.

Кадар зь фільму «Андрэй»

Кадар зь фільму «Андрэй»

Ракіцкі: Чаму пытаюся пра ўзнагароды? Мне здаецца, што беларускія дакумэнталісты перадусім працуюць дзеля фэстываляў і статуэтак.

Асьлюк: А што ім рабіць?

Ракіцкі: І крытэрам якасьці фільму зьяўляецца колькасьць узнагародаў. У публікі ж дакумэнтальнае кіно ня ў першым шэрагу мастацкіх прыярытэтаў. Таму і нельга казаць пра касавы посьпех у кінатэатрах, як і пра колькасьць паказаў на тэлеэкране. Дык для каго і дзеля чаго вы працуеце?

Асьлюк: Не зусім так. Дакумэнтальнае кіно ўсё ж паказваецца па тэлебачаньні. Гэта для яго асноўная пляцоўка дэманстрацыі. І ў Беларусі цяпер ёсьць 3-і канал Беларускага тэлебачаньня, на якім наша кіно прысутнічае. Прафэсія дакумэнталіста — таксама прафэсія, і ў ёй таксама ёсьць такія паняцьці, як посьпех, запатрабаванасьць. Фільмы пасьпяховых рэжысэраў паказваюць і па тэлебачаньні, і на мноствах фэстываляў, якія зьяўляюцца формай пракату дакумэнтальнага кіно. Фэстываляў мноства, і калі фільм на дзясятак, сотню фэстываляў трапляе, а такое бывае, дык ня кожны спэктакль тэатральны будзе мець такую колькасьць паказаў і столькі публікі. На самой справе ня ўсё так драматычна. Драматычна гэта для тых людзей, якія працуюць толькі на грошы зь дзяржаўнага фінансаваньня, і фільмы якіх нідзе не паказваюцца. Былі б фільмы, а паказаць іх ёсьць і дзе, і каму. Праблема ў тым, што фільмаў мала здымаецца, і стаўленьне да іх стала адметным. Ад іх патрабуюць акупляльнасьці. Гэта дзіўна, бо ні ў адной краіне сьвету такога няма. Дзяржава павінна вырашыць, ці ёй патрэбна дакумэнтальнае кіно? Калі так, тады фінансуйце, калі не — дык не. У бальшыні краінаў, нават у афрыканскіх краінах, дакумэнтальнае кіно цалкам існуе на дзяржаўныя грошы. Ня будзем казаць пра ЗША, там зусім іншая сытуацыя — там мноства фондаў, якія фінансуюць дакумэнтальнае кіно. Дакумэнтальнае кіно — гэта ня толькі чыясьці творчасьць, але і летапіс жыцьця чалавека, дзяржавы ў пэўны пэрыяд. Калі здымаць толькі афіцыйныя мерапрыемствы, а не здымаць жыцьцё чалавека звычайнага — гэтыя гады зьнікнуць для дзяржавы і яе народу.

Кадар зь фільму «Зямля»

Кадар зь фільму «Зямля»

Ракіцкі: У Беларусі дакумэнтальнае кіно дастаткова падтрымліваецца дзяржавай?

Асьлюк: Не, вядома, недастаткова. За апошнія два гады пайшло звужэньне фінансаваньня аж у разы.

Ракіцкі: Ці існуе сучаснае беларускае дакумэнтальнае кіно як зьява?

Асьлюк: Не, не існуе. Для таго, каб беларускае дакумэнтальнае кіно існавала як зьява, перш за ўсё патрэбная свабода творчасьці. Таксама патрэбнае своеасаблівае асяродзьдзе, у якім стваралася б кіно, абмяркоўвалася яго стварэньне. Ня ведаю, што гэта павінна быць — студыі, ці грамадзкае аб’яднаньне, ці той жа Саюз кінэматаграфістаў, але нешта тое, што аб’ядноўвала б, павінна быць. Калісьці гэта было. Але сёньня, у пэрыяд паўзы, пераходны пэрыяд, новыя формы ўзаемаадносінаў людзей, якія займаюцца адной прафэсіяй, не працуюць. Мы нават не знаёмыя паміж сабой, натуральна, і фільмы адзін другога не глядзім. Магчыма, крамолу скажу, але... Я лічу, што да тых часоў, пакуль хоць неяк дзяржава фінансуе кіно, найлепшай формай існаваньня кіно за беларускія грошы і для беларусаў застаецца кінастудыя «Беларусьфільм» у яе, так бы мовіць, сацыялістычным варыянце. Напэўна, за ідэал можна ўзяць пачатак 1990-х гадоў, калі дзяржава дае грошы, а студыя сама мае свабоду выбару тэмаў і аўтараў. І гэта было, яшчэ нядаўна было. Гэта былі ня самыя багатыя гады, а фільмаў і нядрэнных было нямала. Менавіта таму тады я зрабіў свае найлепшыя фільмы. Таму я і кажу, калі мы ня можам прыдумаць нешта новае, лепшае, давайце вернемся да старога, да таго, што дазволіла вырасьці і застацца ў прафэсіі майму пакаленьню. А цяпер сытуацыя да такой ступені тупіковая, што яна не дае вырасьці новым творцам. І фінансаваньне звузілася, і міністэрства культуры пачало даваць заданьні на здымкі фільмаў. У форме замоўнага фільма творчасьць існуе вельмі ўмоўна.

Віктар Асьлюк на здымках

Віктар Асьлюк на здымках

Ракіцкі: Вы кажаце, што такой зьявы як беларускае дакумэнтальнае кіно няма, а якая тады зьява — Віктар Асьлюк?

Асьлюк: Я ня думаю, што я зьява...

Ракіцкі: Зьява. Вы — аўтар дзясяткаў фільмаў, якія атрымалі дзясяткі міжнародных прызоў, вас выдатна ведаюць у сьвеце, з вамі асацыююць беларускае дакумэнтальнае кіно. Вы, нарэшце, адзіны ў Беларусі сябра Эўрапейскай кінаакадэміі.

Асьлюк: Кажуць, што адзін у полі ня воін...

Ракіцкі: Можа, вы тады зьява аўтарскага кіно, незалежнага, кіно андэрграўнду?

Асьлюк: Так. І тут, можа, я пачну пярэчыць таму, што казаў раней. Цяпер насталі зусім новыя часы для кінадакумэнталіста. Паўсталі такія выклікі, якія нават уявіць не было магчымым гадоў 10 — 15 таму. І дакумэнтальнаму кіно тэхнічная рэвалюцыя прынесла такія магчымасьці, якіх не было раней. У нашы дні дакумэнталіст, як і пісьменьнік, можа рабіць свой фільм доўгія гады. Дакумэнталіст сёньня можа працаваць і як фатограф, які ўвесь час у пагоні за ўдачай, за мастацкай вартасьці кадрам. Усё гэта можна рабіць і ў кінадакумэнталістыцы. Магчымасьці амаль неабмежаваныя. Нават бяз грошай можна рабіць фільмы. Іншая справа, што прафэсія становіцца няпэўнай: за нешта трэба жыць, зарабляць чымсьці іншым, а кіно зрабіць забавай. Але аматарства ў дакумэнтальным кіно таксама вялікая праблема. Вядома, можна аднаму існаваць. Але я веру у адукацыю. Я веру ў ціск асяродзьдзя, у людзей, якія адной з табой прафэсіі. Рэжысэр-дакумэнталіст — гэта складаная прафэсія, ёй трэба вучыцца. Аднаму можна быць толькі тады, калі паставіш не адзін фільм, калі маеш зваротную сувязь з гледачамі.

Вячаслаў Ракіцкі і Віктар Асьлюк у студыі Радыё Свабода

Вячаслаў Ракіцкі і Віктар Асьлюк у студыі Радыё Свабода

Ракіцкі: Як я разумею, вы ня вельмі верыце ў тое, кіно, якое сёньня масава здымаецца на айфоны, фотакамэры людзьмі, якія ня маюць прафэсійнай адукацыі, а называюць свой прадукт незалежнымі фільмамі?

Асьлюк: Я ня веру ў камэру, якая каштуе ніжэй за 7 тысяч даляраў. Першае, што я буду абмяркоўваць, ці гэтая камэра мае добрую оптыку? Пераход з 35 мілімэтраў на відэа быў страшнай драмай. Гэта быў крок назад. У мысьленьні, у якасьці выявы. І зараз лічбавая камэра — гэта крок назад для кіно як мастацтва. Можна зьняць усім, чым папала. Але ў мяне ёсьць досьвед назіраньня за рэжысэрамі, якія нібыта і на нядрэнным, нават на скандальным матэрыяле здымалі фільм, і затым зьнікалі. Бо бракавала ім прафэсіі і сапраўднай тэхнікі. За іх гаварылі героі, а пасьля зноў трэба было пакутліва шукаць герояў, якія б за іх з экрана ўсё расказалі. Гэта не кіно. Таму прафэсія патрэбная, і ёй трэба вучыцца. Я думаю, што правіла дзесяці гадоў у кіно, мае сэнс. Насамрэч, і ў гульнявым, і ў дакумэнтальным кіно толькі празь дзясятак гадоў пачынаеш нешта па-сапраўднаму разумець і ўмець. Некаторым раней адкрыецца сваё прафэсійнае і чалавечае я, ці ты зьявай ёсьць, а некаторым пазьней. Але ня ў той момант, калі ты захацеў раптам зьняць кіно. І нават папрацаваўшы ў кіно 20 гадоў, я не магу яшчэ сьцьвярджаць, што я зьяўляюся зьявай. І кожны раз, калі пачынаю здымаюць новы фільм, адчуваю ўсё роўна сябе пачаткоўцам. Пачынаю баяцца, а то і пазьбягаць новых фільмаў.

Мая шчырасьць, можа, нават наіўнасьць мая, раскрывала гэтых людзей. Вось і ўвесь мой мэтад. Але калі хтосьці лічыць, што гэта проста, ён памыляецца

Ракіцкі: І тым ня меней, вы ўжо маеце сваіх пераемнікаў. Вас пераймаюць у вашым мэтадзе кінаназіраньня. Чым вабяць вашы фільмы замежную публіку, спэцыялістаў? Часта малюнак жыцьця, асяродзьдзе, у якім існуюць, жывуць Вашы героі, ці там, дзе вы іх знаходзіце, ня самы прыгожы. Ня Монтэ Карла ж на экране, а апладзіруюць.

Асьлюк: Ведаеце, я ўжо не хачу здымаць такія фільмы. Для мяне такія фільмы ўжо ня ёсьць вялікай каштоўнасьцю, я іх раблю даволі лёгка. Я зразумеў, што з маім героем трэба быць шчырым. І вось мая шчырасьць, можа, нават наіўнасьць мая, раскрывала гэтых людзей. Вось і ўвесь мой мэтад. Але калі хтосьці лічыць, што гэта проста, ён памыляецца. Можна і так сказаць: які ты чалавек, такі твой і мэтад. Але, вядома, я крыху хітрую. Не заўсёды я са сваімі героямі паводзіў сябе шчыра. Былі і моманты правакацыі. Так, я ў тых рэдкіх выпадках быў шчыры, але разумеў, калі я буду толькі шчырым і наіўным, такім будзе і зьняты матэрыял. Бывае, што гуляю з героямі, нібыта закрываюся ад іх. Гэта мае рэжысэрскія прыстасаваньні да героя ў рамках майго мэтаду.

Кадар зь фільму «Вальс»

Кадар зь фільму «Вальс»

Ракіцкі: Дык што перадусім бачаць на Захадзе ў вашых фільмах?

Асьлюк: Тое, што я апяваю нашу традыцыйную вёску, сьпяваю песьню нашага спрадвечнага плачу. Гэта яны адчуваюць. Адзін крытык у Парыжы выскачыў і заявіў: «У вашым фільме няма вас, але вы тут цалкам». Яны там разумеюць, што ў гэтых фільмах ёсьць я — мой характар, мае адносіны да герояў і сытуацыі. І я свае адносіны ніколі, адрозна, напрыклад, ад Сяргея Лазьніцы, ніколі не хаваю, паказваю іх. Сяргей жа лічыць, што гэтага нельга рабіць. У яго заўсёды ёсьць дыстанцыя ад героя, ад сытуацыі. Я ва ўсіх сваіх фільмах перш за ўсё праяўляю сябе. Пра гэта там пісалі, што я — рэаліст. Хай так і будзе: адрозна ад мэтафарыста Лазьніцы я — суровы рэаліст.

Ракіцкі: Якія культурныя коды робяць фільмы нацыянальна адметнымі, беларускімі? Напрыклад, вашы фільмы?

Асьлюк: Што такое нацыянальнае, беларускае?.. Гэта калі ты глядзіш на ўсё, што адбываецца, на ўсе рэчы ў той краіне, дзе ты нарадзіўся і жывеш, а таксама і на самыя глябальныя праблемы, што паўстаюць перадусім чалавецтвам, праз прызму беларушчыны, тады ты і робіш нацыянальнае кіно. Прыкладам, можна глядзець на Чарнобыль як на катастрофу сусьветнага маштабу, але глядзець беларускімі вачыма. Тымі кодамі, якімі чалавека закадзіравала тая тэрыторыя, на якой ён жыве. Таксама мова, веданьне гісторыі — вельмі важныя рэчы. Сантымэнт да камянёў, увогуле прыроды. Карацей, адносіны да беларушчыны — катэгорыя маральная. Калі чалавек вырастае на гэтай зямлі, і плюе на беларускую мову, культуру, значыць, у яго ёсьць нейкія маральныя хібы. Значыць, ён — чалавек тыражны, які вылецеў у глябалістычную трубу і ляціць некуды, каб там лепей жыць. У яго іншых клопатаў няма. У нас існуюць свае культурныя коды, толькі іх трэба выслабаніць. Паўтару, нацыянальнае паўстае тады, калі і на глябальнае — і на Чарнобыль, і на ваенныя канфлікты, і на зьмены клімату — глядзіш беларускімі вачыма.

Кадар зь фільму «Драўляны народ»

Кадар зь фільму «Драўляны народ»

Ракіцкі: Сьвет сёньня поўны трывогаў, выклікаў, няшчасьцяў. Выглядае, што, нават хітры беларус не схаваецца ад іх у бульбу, на сваім панадворку. Перафантазіраваць сучасны сьвет нельга, заганяць лютыя рэаліі ў падтэкст, у мастацкія вобразы, як у фабульным кіно, усё цяжэй. Дакумэнталістыка ўсё больш пранізвае ўсё віды мастацтва. Вось і Сьвятлана Алексіевіч у Нобэлеўскай лекцыі заявіла, што «зьмест ірве форму». Вы згодны? Найбліжэйшая будучыня за дакумэнталістыкай пра глябальныя праблемы. Вы таксама ў той боку рушыце?

Асьлюк: Ня зьмест рве форму. Калі зьмест рве форму, то атрымліваецца бясформенны, ці зь хібамі формы твор. Рэальнасьць ірве форму. Рэальнасьць, у якой мы жывем, заўсёды ірвала форму, проста ня ўсе гэта заўважалі. А калі ўжо стала гэта маштабным, раптам усе заўважылі, што рэальнасьць на форму ўплывае болей, чым мы думалі. Зьмест ня можа рваць форму, бо ў мастацтва ёсьць свае законы. Калі ж ён разрывае форму, значыць, мы будзем чытаць апошнюю кнігу Сьвятланы Алексіевіч «Сэканд хэнд» і зьдзіўляцца, навошта той, ці іншы маналёг у ёй зьяўляецца. Я, напрыклад, абсалютна не магу знайсьці сувязі паміж некаторымі зь іх. Можа, у самой пісьменьніцы і ёсьць гэтая сувязь, але я яе знайсьці не магу. Як дакумэнталіст я магу зразумець пісьменьніцу, якой шкада выкінуць удалы маналёг пра каханьне, але зьмест у гэтым выпадку не разрывае форму, а робіць кнігу бясформеннай. А вось рэальнасьць форму рве. Рэальнасьць становіцца настолькі новай, так абвастрыла праблемы, якія ляжалі проста глыбай, што ўзьнікае адчуваньне ядзернага выбуху. Гераіня майго фільма «Мы жывем на краі» пералічвала, што адбываецца сёньня зь людзьмі, і казала, ці не перад канцом гэта сьвету? І яна, простая жанчына, магчыма, нават большую рацыю мае, чым мы ў сваіх доўгіх разважаньнях. Адбываецца паскарэньне жыцьця, і задача дакумэнтальнага кіно не скакаць за гэтым паскарэньнем, а прыпыніцца. Мастацтва пачынаецца тады, калі наступае момант цішыні, і герой фільма пачынае суназіраць. І вось гэты момант упускае цэлае пакаленьне людзей. Мала таго, што людзей стала шмат, што іх мільярды. што адбылося перанасяленьне, але ж яны ўсе мітусяцца, ня хочуць прыпыніцца. Момант прыпыненьня і ёсьць мастацтвам, у тым ліку і ў дакумэнтальным кіно. Таму многія і ня хочуць глядзець добрае дакумэнтальнае кіно, бо яны ня могуць прыпыніцца. «Экшн» ім падавай... А я хацеў бы, каб людзі прыпыніліся і паглядзелі мае сьціплыя фільмы пра тое, як памірае беларуская вёска.

Віктар Асьлюк у кінаэкспэдыцыі

Віктар Асьлюк у кінаэкспэдыцыі

Ракіцкі: Якім чынам вы ў сваіх фільмах будзеце пакідаць апошнія беларускія вясковыя панадворкі і выходзіць у глябальны сьвет?

Асьлюк: Мне таксама часта хочацца кінуцца наўздагон усім гэтым праблемам. Але пасьля супакойваюся і задаю сабе пытаньне: а, можа, ня трэба ляцець, можа, трэба працягваць сьпяваць сваю песьню, плакаць па беларускай вёсцы? Дарэчы, зноў згадваецца Алексіевіч. Яна ў сваёй лекцыі выказала вельмі блытаную думку пра тое, што сымбаль Беларусі — гэта вёска, якая яе стрымлівае. Вельмі няясна. А я скажу, што сымбалем сучаснай Беларусі зьяўляюцца Асіповічы, якія я не люблю. Іх стварылі людзі, якія выехалі зь вёсак. Аграгарадок — таксама сымбаль сучаснай Беларусі, а ня вёска. Вёска — гэта больш глыбока. Вёска — гэта апошняе, што ўспомніць чалавецтва, калі запаскудзіць усе землі і набудуе шклобэтонавых каробак па ўсёй Зямлі. Вёска — гэта рай, і я ідэалізую яе. У ёй людзі маюць стасункі зь першаснымі рэчамі — зямлёй, чыстай вадой, чыстым паветрам, дрэвам, жывёламі.

А я скажу, што сымбалем сучаснай Беларусі зьяўляюцца Асіповічы, якія я не люблю. Іх стварылі людзі, якія выехалі зь вёсак

Ракіцкі: А ці здольныя беларусы ўбачыць глыбіню глябальных праблемаў, адчуць далучанасьць да іх?

Асьлюк: Беларусы — людзі звычайныя, простыя. Яны, натуральна ж, пойдуць за тымі, хто іх павядзе да лепшай, ці наадварот, катастрафічнай будучыні. Але... Я часам успамінаю словы, сказаныя мне эстонскім выдатным рэжысэрам-дакумэнталістам, палітыкам Маркам Саасарам адносна беларусаў: «Апошнія будуць першымі». Гэта было каля дваццаці гадоў таму, а мы ўсё апошнія і апошнія. Я думаю, што першымі мы і ня будзем. У нас і людзей няшмат, і сілаў не хапае ўжо, мы маем усе хранічныя хваробы сучаснага грамадзтва, хаця грамадзтва наша ня вельмі сучаснае. Ня ведаю, што будзе. Але ня трэба сьпяшацца. У нас ёсьць адна праблема, якую мы так і не асэнсавалі, хоць яна ўплывае на ўсё наша жыцьцё. Гэта — Чарнобыль. Ён ёсьць паказчыкам таго, якімі мы ёсьць. Мы не змаглі Чарнобыль ні асэнсаваць, ні пераадолець. Мы нават ня выкарысталі аўтарытэт сьмерці, што, дарэчы, добра выкарыстоўвае Сьвятлана Алексіевіч. Мы ня выкарысталі яго ня толькі ў мастацтве, але і ў сваіх адносінах да жыцьця. Мы паступілі вельмі банальным і вельмі прымітыўным чынам. І гэта застаецца паказчыкам, як мы будзем дзейнічаць перад іншымі выклікамі. Мы зноў нічога ня будзем разумець і будзем жыць так, нібыта нічога не адбылося. У нашым выпадку праблема ня ў тым, што шмат народу, а ў тым, што яго становіцца ўсё меней і меней. Ужо гэта ня дасьць нам шанцу быць у першых шэрагах.

Кадар зь фільму «Цяпло»

Кадар зь фільму «Цяпло»

Ракіцкі: Калі ня першы — значыць, не стваральнік. Мо тады трэба быць хоць бы захавальнікам таго, што ёсьць, ці што нядаўна было? Герой вашага шмат у чым мэтафарычнага фільма «Драўляны народ», самотны дзед-разьбяр выразае лялькі і тым самым у драўляных фігурках захоўвае сьвет, які на ягоных вачах зьнікаў, зьнік. Ці ня ў гэтым і задача беларускай кінадакумэнталістыкі?

Асьлюк: Ведаеце, я заўсёды ўсьміхаюся, калі чую разважаньні пра нацыянальную ідэю. Вось нядаўна Пятро Парашэнка заявіў, што нацыянальная ідэя Ўкраіны — трапіць у Эўразьвяз, стаць неад’емнай часткай Эўропы. Магчыма, я апушчуся да нейкага прымітыву, але скажу, што ідэяй кожнай нацыі, як і кожнага чалавека, зьяўляецца барацьба з канцовасьцю — са сьмерцю. Нацыянальнай ідэяй можа быць толькі змаганьне са сьмерцю нацыі. Гэтай ідэі нельга саромецца. У ёй — аднаўленьне нашых гарадоў, якімі яны былі ў лепшыя пэрыяды, захаваньне прыроды. Трэба рабіць усё, каб перамагчы сьмерць нацыі. Гэта — зьберажэньне людзей, захаваньне сваёй мовы, мэнтальнасьці, захаваньне і адраджэньне страчанага. Усё, што ў нас укралі, знайсьці і купіць. Тое, што разбурылі, адбудаваць. Гэта павінна быць праграмай існаваньня народу, нацыі. Адраджаючы, адбудоўваючы, вяртаючы, нацыя супрацьдзейнічае сваёй сьмерці.

Фільм Віктара Асьлюка «Драўляны народ»

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG