Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аднаўленьне цікавасьці да гістарычнай сымболікі стымулюе беларусаў згадваць розныя сфэры, у якіх да рэфэрэндуму 1995 году выкарыстоўваліся бел-чырвона-белы сьцяг і герб «Пагоня».

Адзін з адметных прыкладаў ужываньня нацыянальнай атрыбутыкі захоўваецца ў менскага калекцыянэра Ягора Сурскага: гэта этыкеткі з бутэлек, якія да сярэдзіны 1990-х сыходзілі з канвэера Менскага заводу шампанскіх вінаў.

Налепкі з выявай «Пагоні» ўпрыгожвалі найперш экспартны варыянт шыпучага напою: па-ангельску і па-нямецку было пазначана, што гэта менавіта «советское шампанское», а ўнутры вінаграднага вянка быў адлюстраваны знаёмы ўсім вершнік:

«Сапраўдны гістарычны экзэмпляр: „Советское шампанское“ з „Пагоняй“. Дакладней, у дадзеным выпадку яго іншамоўныя вэрсіі: „Sowjetischer sekt“ па-нямецку і „Soviet sparkling wine“ па-ангельску. Мяркуючы па ўсім, гэта экспартны варыянт, не для беларускага спажыўца. Магу памыляцца, але быў такі дызайнэр Зьміцер Мілаванаў, які потым зьехаў у Польшчу, дык вось ён у той час працаваў у агенцтве, якое „абслугоўвала“ завод шампанскіх вінаў. І гэтыя этыкеткі распрацоўваў. Прадукцыя пайшла ў абарот, і, як я разумею, адпачатку яна была арыентаваная не на ўнутраны рынак, а на экспарт».

Зьміцер Мілаванаў, зь якім удалося зьвязацца праз сацыяльныя сеткі, удакладніў, што, хутчэй за ўсё, аўтарства этыкетак належыць Максіму Хартону — гаспадару рэклямнага агенцтва «Б-2», у якім на пачатку 1990-х працаваў і ён сам. Фірма сапраўды збольшага выконвала замовы менавіта Менскага заводу шампанскіх вінаў.

Тым часам Ягор Сурскі зьвяртае ўвагу на тэхнічныя нюансы ў афармленьні прадукцыі, якая сьмела пачала заваёўваць зьнешні рынак:

«Ёсьць самыя розныя нюансы, і іх, канечне ж, трэба ўлічваць. Як на мой погляд, „sparkling wine“ — усё ж падача не зусім карэктная. Гэта як некалі спрабавалі перакласьці на ангельскую мову назву пладовага віна „Крыжачок“ — атрымалася проста бессэнсоўная гульня словаў. „Мацаванае“ аўтаматычна пераклалі як strong, хоць маецца на ўвазе зусім іншае. То бок замежнік, які прачытае, наўрад ці зразумее, пра што ідзе гаворка».

Рарытэтны экзэмпляр больш як 20-гадовай даўнасьці захоўваецца ў менчука Аляксандра Іваніцкага — тое самае беларускае шампанскае, але ў падарункавым варыянце. Кардонная каробка ўзору 1994 году ў тэматычным афармленьні да 50-годзьдзя вызваленьня Беларусі дасталася ў спадчыну ад бабулі. На тытульным баку — «Пагоня» паміж прывакзальнымі вежамі і бел-чырвона-белы сьцяг зьверху і зьнізу пакунка:

«Гісторыя такая. Мая бабуля была вэтэранам тылу падчас Вялікай айчыннай вайны, таму на 9 траўня заўсёды атрымлівала нейкія падарункі ад працоўнага калектыву ды дзяржавы. Але гэтыя падарункі часта маглі ляжаць нявыкарыстанымі цягам ня толькі месяцаў, але і гадоў. Вось і гэты „шампусік“ праляжаў у шафе да 2007 году. Толькі калі мне дасталася ў спадчыну бабуліна маёмасьць, напой быў ужыты паводле прызначэньня. Дарэчы, істотна адрозьніваўся ад сьвежага і смакам, і колерам — быў цямнейшы, ня ўтрымліваў ужо газаў. Ніякага „выбуху“ падчас адкрыцьця, бязь пены ды бурбалак. Хачу яшчэ зьвярнуць увагу на стракатасьць у надпісах: на каробцы напісана „Освобождения Белоруссии“, а зьнізу — „республика Беларусь“, чамусьці з маленькай літары».

Ад пачатку незалежнасьці і да сярэдзіны 1990-х герб «Пагоня» і бел-чырвона-белы сьцяг у якасьці афіцыйных сымбаляў Рэспублікі Беларусь сталі звыклым антуражам шмат якіх сфэраў жыцьця. У прыватнасьці, «сярпаста-малаткастую» бээсэсэраўскую форму зьмянілі на новую некаторыя спартовыя каманды. Журналіст Аляксандар Старыкевіч дагэтуль захоўвае хакейную майку пад № 17 з «Пагоняй», якую атрымаў у падарунак ад сябра з хакейных колаў:

Форма хакейнай зборнай Беларусі да 1995 году. Аляксандар Старыкевіч з хакейным рарытэтам

Форма хакейнай зборнай Беларусі да 1995 году. Аляксандар Старыкевіч з хакейным рарытэтам

«Вось у такіх майках зборная Беларусі па хакеі выступала ў першай палове 1990-х. Майку я атрымаў як падарунак на дзень нараджэньня ад сябра. Праўда, здарылася гэта ўжо крыху пазьней, пасьля сумна вядомага рэфэрэндуму 1995 году. У тыя часы мне ўдалося наведаць тры турніры: 1996 год — Эйндговэн, тады яшчэ група „В“, 1997 год — вырашальныя гульні ў Катавіцах, калі зборная Беларусі ўпершыню трапіла ў эліту ўсясьветнага хакею, ну, і ўласна 1998 год — дэбют на чэмпіянаце сьвету ў Швайцарыі ў кампаніі наймацнейшых зборных плянэты».

З-за неразваротлівасьці чыноўнікаў і адсутнасьці патрэбнага фінансаваньня ў першыя галодныя гады незалежнасьці многія галіны абеларусіцца ўсё ж не пасьпелі, таму пасьля траўня 1995-га лёгка вярнуліся да чырвона-зялёнага спалучэньня эпохі савецкай Беларусі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG