Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сястры Саўчанкі забаранілі ўезд у Расею да 2020 году


Вера Саўчанка ў данецкім судзе

Вера Саўчанка ў данецкім судзе

Сястры ўкраінскай лётчыцы Надзеі Саўчанкі Веры забаранілі ўезд на тэрыторыю Расеі на 5 гадоў.

Пра гэта Вера Саўчанка паведаміла на сваёй старонцы ў Facebook.

Яна адзначыла, што падчас вяртаньня ва Ўкраіну на памежным пераходзе «Чарткова — Мілава» на мяжы РФ ёй паведамілі пра забарону ўезду ў Расею да 1 верасьня 2020 году.

Пры гэтым Вера адзначыла, што такое рашэньне было ініцыявана ФСБ.

«А як жа „суд“, я ж сьведка на судзе па справе сястрычкі. Можа, Платніцкаму таксама забароніць уезд у РФ служба ФСБ?» — напісала ў фэйсбуку сястра вядомай лётчыцы.

Адвакат Саўчанкі Марк Фейгін паведаміў у твітэры, што верагоднай падставай для забароны на ўезд была ч. 1 арт. 27 закону РФ «Аб выезьдзе і ўезьдзе» адносна пагрозы нацыянальнай бясьпецы. Ён мае намер абскардзіць такое рашэньне.

Суд над украінскай лётчыцай Надзеяй Саўчанка праходзіць у расейскім Данецку ў Растоўскай вобласьці. Саўчанку абвінавачваюць у датычнасьці да забойства двух расейскіх журналістаў летам мінулага году ў Луганскай вобласьці. Яна адмаўляе абвінавачаньні. Расейскія пракуроры абвясьцілі ўкраінцы абвінаваўчае заключэньне, па якім ёй пагражае да 25 гадоў зьняволеньня.

XS
SM
MD
LG