Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вецер, пара і вада або Дзе змалоць зерне


Млын у Музэі народнай архітэктуры і побыту. Фота Sergei Prokhorov, ©Shutterstock

Млын у Музэі народнай архітэктуры і побыту. Фота Sergei Prokhorov, ©Shutterstock

Дзе стаіць самы высокі ў Беларусі вятрак? Каму млынары ахвяроўвалі мяса? Што намалявана на самай дарагой карціне Фэрдынанда Рушчыца? Колькі паверхаў мае самы вялікі вадзяны млын краіны? Яна Шыдлоўская запрашае ў вандроўку да старых беларускіх млыноў.

1. Пальтрак і «казлоўка» у Строчыцах

Яшчэ на пачатку 20 стагодзьдзя Беларусь можна было б назваць краінай ветраных млыноў, хоць і разьмешчаная яна ў зоне слабых вятроў. У 1950-я іх тут налічвалася некалькі тысяч, а першыя згадкі пра ветракі на беларускіх землях датуюцца 16 стагодзьдзем. Будавалі ветраныя млыны пераважна з дрэва.

Адразу два ветракі можна ўбачыць, прыехаўшы на экскурсію ў Музэй народнай архітэктуры і побыту, што пад Менскам. Адзін з іх быў перавезены ў Строчыцы з Клеччыны, з вёскі Даматканавічы. Адшукаць яго можна ў сэктары, які дэманструе побыт цэнтральнай часткі Беларусі. Збудаваны ў 80-я гады 19 стагодзьдзя Даматканавіцкі млын служыць прыкладам самага пашыранага ў краіне тыпу млыноў — так званай «казлоўкі». Назва паходзіць ад спэцыяльнай канструкцыі — козлаў, на якіх корпус млына пад найбольш спрыяльным ветрам паварочваецца разам з крыламі. Квадратныя ў пляне «казлоўкі» ўзвышаліся над зямлёй на 8-12 мэтраў. Млын у Строчыцах мае максымальную вышыню і тры ўзроўні — з восевым слупам, які рабілі з сасны, радзей — з дубу, на першым, скрыняй для мукі на другім і каменем для памолу зерня — на трэцім.

Ветраны млын з вёскі Янушоўка, што на Мядзельшчыне, упрыгожвае частку экспазыцыі, прысьвечаную Беларускаму Паазерʼю. Збудаваны ў 1926 годзе млын уяўляе з сябе клясычны пальтрак — гэты тып млыноў зьяўляецца ў Беларусі ў 20 стагодзьдзі. Замест козлаў корпус млына быў пастаўлены на спэцыяльнае кола, што знаходзілася на ўзроўні зямлі, і таксама падпарадкаваны сіле ветру, паварочваўся разам з крыламі.

2. Галяндзкі альбо шатровы вятрак у Дудутках

Фота Katsiuba Volha, ©Shutterstock

Фота Katsiuba Volha, ©Shutterstock

Тып ветрака з нерухомым корпусам распаўсюджваецца ў Эўропе ў 17 стагодзьдзі і набывае назву «галяндзкага». У Беларусі такія млыны яшчэ называлі шатровымі — з-за зьнешняга падабенства з вялізным шатром, што ўпрыгожваў краявід і ўзвышаўся амаль на 18 мэтраў. Корпус шатровага млына завяршаўся гарызантальным драўляным колам, на якое ставілася рухомая верхняя частка. «Шапка» рухалася разам з крыламі. Больш складаныя ў канструкцыі млыны галяндзкага тыпу адзначаліся высокай прадукцыйнасьцю, бо маглі прыводзіць у рух дзьве пары жорнаў, і мелі перавагу над «казлоўкамі» — паварочваць даводзілася толькі шапку, што было значна прасьцей.

Каб убачыць вятрак галяндзкага ці шатровага тыпу, варта наведаць музэйны комплекс старажытных народных рамёстваў і тэхналёгій «Дудуткі». Сюды ветраны млын быў перавезены па ініцыятыве стваральніка музэю Яўгена Будзінаса ў 1992 годзе з вёскі Бярозаўка на Гомельшчыне. Там вятрак малоў муку з 1905-га і да пачатку 70-х гадоў 20 стагодзьдзя, пасьля чаго быў закінуты і пачаў разбурацца. Драўляны шацёр млына з магутнымі крыламі, што мае 5 ярусаў і 14 мэтраў вышыні, узвышаецца над музэйным комплексам і бачны здалёк. Побач з млыном адкрыта для наведваньня хата завозьніка, дзе раней прыпыняліся на вячэру і начлег сяляне, якія не пасьпелі змалоць зерне цягам дня.

3. Ляхавіцкі млын у Наносах-Навасельлі

Ляхавіцкі млын у Наносах-Навасельлі

Ляхавіцкі млын у Наносах-Навасельлі

На тэрыторыі агра-турыстычнага комплексу «Наносы-Навасельле» аднавілі вятрак, пабудаваны яшчэ ў 1876 годзе ў Ляхавіцкім раёне. Млын быў працоўным да канца 20 стагодзьдзя, праўда, у апошнія гады крылы замяняў электрычны прывад. На жаль, драўляны корпус млына-«казлоўкі» не захаваўся. Ацалеў толькі ўнутраны мэханізм — за выняткам асобных дэталяў ён быў знойдзены ў добрым стане і да сёньня прыдатны для памолу мукі. Корпус «казлоўкі» аднавілі, згодна з традыцыямі млынабудаваньня ў Беларусі, з ліставых парод дрэваў. Дарэчы, будаўніцтва ветракоў патрабавала значных ведаў і высокага ўзроўню майстэрства. Істотна было не толькі выбраць матэрыял, але і належным чынам яго падрыхтаваць. У выпадку з дрэвам — добра яго прасушыць. На зубчыкі ўнутранага барабану была прыдатная толькі моцная драўніна: граб, яблыня, клён, бяроза. Вал рабілі з дубу ці сасны. Млынавыя колы зьбіралі доўга і грунтоўна — пераважна ўзімку, па завяршэньні асноўных гаспадарчых прац.

4. Вятрак у Буйнічах пад Магілёвам

Фота — Аляксей Белы, Яна Шыдлоўская

Фота — Аляксей Белы, Яна Шыдлоўская

Яшчэ адзін шатровы вятрак можна ўбачыць у стылізаванай беларускай этнаграфічнай вёсцы 19 стагодзьдзя ў двух кілямэтрах ад Магілёва. Сярод шэрагу майстэрань комплексу дзейнічае хата пекара, дзе раскажуць і пакажуць, як у даўнія часы з намолатай на млыне мукі пяклі хлеб, караваі, кулічы.

Падарожжа па беларускіх млынах можна было б прымеркаваць да 25 кастрычніка (альбо 12 кастрычніка, згодна старога стылю), калі сьвяткаваўся дзень млынара. Верагодна, адзначаўся ён каля ветракоў ці вадзяных млыноў, якія заўжды лічыліся месцамі таямнічымі і загадкавымі. Магчыма, выконвалі тады і традыцыйны танец «Млынок», падчас якога ў жвавым тэмпе танцоры імітавалі вярчэньне млынавых жорнаў і работу млынара. Упершыню на сцэне гэты танец быў выкананы на пачатку 20 стагодзьдзя першай беларускай трупай Ігната Буйніцкага. Сцэнічны вобраз ветрака ўдала ўпісваецца і ў пасьпяховыя сучасныя праекты. Так, сёлета ў дваццаць пяты раз адбыўся буйны фэстываль «Млын моды», а найбуйнейшы кірмаш майстроў краіны таксама носіць імя «Млын».

5. Гальшанскі вадзяны млын

Першыя млыны, што зьявіліся на тэрыторыі Беларусі, былі вадзянымі. Іх будавалі на берагах рэк і азёр. Асабліва актыўна вадзяныя млыны будаваліся ў 16-18 стагоддзях і шырока бытавалі да пачатку 20-га. Традыцыйна іх рабілі з дрэва — з дакладным улікам усіх элемэнтаў канструкцыі. Як выглядаў драўляны вадзяны млын, можна пабачыць, наведаўшы багатыя на славутасьці Гальшаны. На беразе ракі Гальшанкі млын стаіць з канца 19 стагодзьдзя і знаходзіцца ў даволі добрым стане. Млын стаіць як напамін аб лепшых часах — на мяжы вякоў аблічча мястэчка складалі 4 невялікія заводы, майстэрні, гандлёвыя крамы, касьцёл, праваслаўная царква, 2 капліцы, сынагога, габрэйскія малітоўныя дамы. Штотыдзень у Гальшанах ладзіліся кірмашы, якія асабліва славіліся вязанымі местачкоўцамі рукавіцамі, панчохамі і каптанамі. Муку ў Гальшанах малола адразу некалькі млыноў, усяго ж у 1860 гады ў Гарадзенскай губэрні налічвалася 592 вадзяныя млыны, 157 конных і 374 ветраных.

6. Вадзяны млын у Жодзішках

Вадзяны млын у Жодзішках недалёка ад Смаргоні — гэта прыклад таго, як адраджалі сямейную рэліквію. Будынак млына быў узьведзены ў 1871 годзе, а каменны падмурак, магчыма, заклалі яшчэ ў 1708-м адначасова з узьвядзеньнем езуітамі ў Жодзішках касьцёла і кляштара. Гаспадарыла ў млыне сямʼя родам з Вілейшчыны і працавала на ім да сярэдзіны 20 стагодзьдзя, пакуль будынак млына не забралі ў калгас. У 1996 годзе нашчадак першага гаспадара Франц Жылко выкупіў млын у дзяржавы і на ўласныя сродкі адрэстаўраваў яго, захаваўшы драўляныя сьцены, вокны, кроквы на драўляных цьвіках, стары фундамэнт. Складзены з часаных камянёў, ён да гэтай пары застаецца сымбалем моцы і непарушнасьці. Давялося замяніць турбіну, працоўныя мэханізмы, жорны, а старыя элемэнты і камяні дагэтуль захоўваюцца як сьведкі гісторыі. Ёсьць у млына і млынар. Уладзіслаў жыве ў Жодзішках, працуе на млыне, прыглядае за будынкам і на прыгожай беларускай мове праводзіць грунтоўныя экскурсіі па сваіх уладаньнях. Дарэчы, ахвочых змалоць зерне на дзеючым вадзяным млыне не на шмат менш, чым экскурсантаў. Пакуль млын працуе, гаспадары зьбіраюць у ваколіцах старыя аўтэнтычныя рэчы, каб з цягам часу адчыніць у млынавых памяшканьнях невялічкі музэй культуры і побыту.

7. Шасьціпавярховы вадзяны млын у Росі

Вадзяныя млыны будаваліся пры княжацкіх дварах, у манастырскіх вотчынах, уладальнікамі іх таксама былі купцы і дзяржава. Асобныя млыны выглядалі як сапраўдныя палацы. Да прыкладу, цагляны вадзяны млын на грунтоўным каменным падмурку ў мястэчку Рось на Гарадзеншчыне меў шэсьць паверхаў і некалькі колаў. Млын і цяпер стаіць на беразе ракі Рось, у якой, кажуць, здабывалі рачны жэмчуг, каб аздобіць карону польскай каралевы Ядвігі. У млыне-шматпавярховіку звычайна на першым паверсе зьмяшчалася вадзяное кола альбо турбіна, на другім — каменныя жорны. Яшчэ вышэй — сьвіран для захоўваньня зерня і мукі і крама, дзе можна было адразу купіць гатовую прадукцыю. Справа ў тым, што буйныя млыны маглі вырабляць не толькі муку. Акрамя жорнаў вадзяныя колы рухалі і станкі для часаньня шэрсьці альбо пілы для расьпілоўваньня бярвёнаў. Часта над сваёй гаспадаркай мог жыць і сам млынар з сямʼёй.

8. Руіны вадзянога млына ў Траскоўшчыне

Шматлікія вадзяныя млыны захаваліся ў даволі добрым стане, прыдатным для пераўвасабленьня іх у кавярню ці прыдарожны гатэльчык. Аднак ёсьць і руіны, вартыя захаваньня і наведваньня. Так, адны з самых маляўнічых руін старога млына захаваліся ў вёсцы Траскоўшчына на Меншчыне. Рэшткі млына 18-19 стагодзьдзяў, упрыгожанага гатычнымі аркамі і каменнай муроўкай, стаяць на беразе ракі Іслач, якая сярод беларускіх рэк вылучаецца хуткай хадою. І гэта толькі адзін з 795 вадзяных млыноў, што дзейнічалі ў Менскай губэрні ў 1840 годзе. Аб млынах складалі казкі, паданьні, легенды, песьні. Лічылася, што каля млыноў — у вірах рэк і на дне азёр жыве «вірнік». Яму прыпісвалі рух, памутненьне вады, пару над ёй. Вірнік псаваў рыбалоўныя прылады, разбураў плаціны, млыны. Каб залагодзіць вірніка, у першыя замаразкі млынары часам ахвяроўвалі яму мяса.

Маляўнічая архітэктура млыноў натхняла на стварэньне твораў мастацтва. Так, карціна Фэрдынанда Рушчыца «Зімовы млын» — адна з самых вядомых і ўзначаліла рэйтынг самых дарагіх прац мастака. З сучасьнікаў тэму млыноў у сваёй творчасьці ўдала раскрыў Віктар Нямцоў. Выявы ветракоў, каменных і драўляных будынкаў вадзяных млыноў упісаныя ў пэйзажы розных рэгіёнаў краіны і склалі творчы праект «Млыны Беларусі». Яго працы мастацтвазнаўцы характарызуюць як гісторыка-жывапісную рэканструкцыю.

9. Паравы млын у Заслаўі

Паравому млыну ў Заслаўі сёлета спаўняецца 106 гадоў, 80 з якіх ён пасьпяхова малоў муку з дапамогай паравога рухавіка, кацёл якога цепліўся дровамі. Пазьней паравую канструкцыю замянілі на польскай вытворчасьці дызэльную, а ў сярэдзіне 20 стагодзьдзя на млыне ўстанавілі электрычны рухавік. Драўляны трохпавярховы млын быў пабудаваны ў Заслаўі ў 1910 годзе заможным местачкоўцам Ясонам Мяхедка-Савіцкім. Праз пяць гадоў млынавы будынак — з нагоды пажаранебясьпекі — пераносяць з цэнтра мястэчка бліжэй да чыгункі, дзе яго варта шукаць і сёньня. На памол мукі ў Заслаўе прыяжджалі сяляне з навакольля. За паслугі млына гаспадар прасіў з кожнага карыстальніка дзясятую частку мукі. У заслаўскім этнаграфічным комплексе побач з млыном адноўлены і хата завозьніка, дзе сяляне маглі спыніцца на ноч і падʼесьці, і прывезены з Віцебшчыны сьвіран, дзе гаспадар захоўваў зерне і муку. Дапаўняе комплекс рэканструяваная кузьня, дзе можна было скарыстацца паслугамі каваля.

10. Музэй і гатэль у будынку старога млына ў Браславе

Будынак паравога млына быў узьведзены на беразе найвялікшага ў ваколіцах возера Дрывяты на пачатку 20 стагодзьдзя. Дарогі, што цяпер лягла паміж млыном і возерам, у тыя часы не было, і вада падыходзіла пад самы фундамэнт. Прыватны, бо знаходзіўся ва ўласнасьці габрэйскай сямʼі Бык, млын, аднак, забясьпечваў электрычнасьцю мястэчка, дзякуючы зьяўленьню пры ім у 20 гады дадатковай энэргаўстаноўкі. Млын быў зачынены ў 60-я гады, а ў 90-х пачаліся працы па прыстасаваньню будынка пад музэй. Распрацаваны групай менскіх архітэктараў праект прадугледжваў узьвядзеньне пры млыне невялікага гатэля, які дзейнічае і цяпер. У будынку былога млына, дзе захавалася прыгожая каменная муроўка, з 1995 года адкрыты для наведвальнікаў Музэй традыцыйнай культуры. Яго супрацоўнікі адраджаюць старыя рамёствы. У летні час на музэйным панадворку ладзяцца кірмашы, куды з уласнымі вырабамі зьяжджаюцца мясцовыя майстры. Музэй у былым млыне і гатэльчык з выглядам на возера пры ім — добры прыклад таго, як могуць быць выкарыстаны старыя, але грунтоўныя будынкі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG