Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Віцебскія прадпрымальнікі зьбіраюцца ехаць у Менск «на Плошчу»


Прадпрымальнікі перад Віцебскім аблвыканкамам. У цэнтры — Ірына Яскевіч

Прадпрымальнікі перад Віцебскім аблвыканкамам. У цэнтры — Ірына Яскевіч

Такое рашэньне прыняў сход, які адбыўся ў гандлёвым цэнтры «Эвіком». Цяпер прадпрымальнікі вырашаюць, на каторай плошчы ў Менску яны хочуць сабрацца 15 лютага.

Віцебскія прадпрымальнікі ня згодныя з тым, што РГА «Пэрспэктыва» адклікала заяўку на масавую акцыю, якая мелася адбыцца 15 лютага. Іхны галоўны аргумэнт такі: рашэньне пра мітынг прымаў форум прадпрымальнікаў, а не асобна «Пэрспэктыва».

«Сход прыняў рашэньне, што ехаць у Менск, зьбірацца разам і прыцягваць увагу да нявырашанай дагэтуль праблемы па-ранейшаму трэба. Многія зь віцебскіх прадпрымальнікаў абураныя, яны не разумеюць, што адбываецца — чаму нехта адзін вырашае за ўсіх. Таму мы вырашылі, што 15 лютага, як і зьбіраліся, паедзем у Менск. Будзем праводзіць ня мітынг, а сход прадпрымальнікаў. Час збору — той самы, 12 гадзін дня. А на якой плошчы будзем зьбірацца, яшчэ абмяркоўваем. Але пэўна гэта будзе не Бангалор», — распавяла Ірына Яскевіч, каардынатар аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам».

Кірмашы і гандлёвыя цэнтры ў Віцебску па-ранейшаму стаяць амаль пустыя. Прадпрымальнікі ня могуць працаваць ва ўмовах дзеяньня ўказу № 222, і не адчуваюць дапамогі, якую абяцалі мясцовыя ўлады на сходзе 28 студзеня. На ніводзін са сваіх лістоў, накіраваных і да мясцовых, і да рэспубліканскіх уладаў, яны не атрымалі адказу. Адзінае паведамленьне, дасланае ў адказ па пошце, — пра тое, што звароты прадпрымальнікаў «перадалі па інстанцыях».

Кіраўнік РГА «Пэрпэктыва» Анатоль Шумчанка патэлефанаваў на Радыё Свабода і заявіў, што ня згодны з інтэрпрэтацыяй падзеяў віцебскімі прадпрымальнікамі:

«Рашэньне пра мітынг 15 лютага было прынята радай РГА „Пэрспэктыва“ 1 студзеня пратаколам № 1. Затым гэтым самым пратаколам была даручана адказнасьць за гэты мітынг мне і Пеліпуку. 29 студзеня за нумарам 22 наш ліст быў адпраўлены ў Менгарвыканкам , нумар 12/15 уваходны, таксама за 29 студзеня. Мы падалі заяўку на мітынг на 15 лютага. А 1 лютага мы гэта агучылі на форуме, а падалі 29 студзеня, гэта рашэньне рады „Пэрспэктывы“. На форуме мы гэта толькі агучылі. Так што гэтыя меркаваньні не адпавядаюць рэчаіснасьці».

На пазыцыю віцебскіх прадпрымальнікаў гэтае ўдакладненьне не паўплывала: яны гатовыя ехаць у Менск на сход ужо толькі таму, што для іх прынцыпова важная адмена ўказу № 222. Свае далейшыя дзеяньні ў гэтым кірунку яны і хочуць абмеркаваць супольна з калегамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG