Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мінінфарм вынес папярэджаньне сайту «Витебский курьер» за артыкул пра тое, як дзяцей забіраюць у сацыяльны прытулак


Міністар інфармацыі Лілія Ананіч, архіўнае фота
Міністар інфармацыі Лілія Ананіч, архіўнае фота

Артыкул «За что ребёнка забирают из благополучной семьи» зьявіўся на сайце 25 лістапада. Ён мае падзагаловак «5 шакуючых выпадкаў у Віцебскай вобласьці». У тэксьце згадваецца некалькі гісторый, калі дзяцей забіралі зь семʼяў, на думку аўтара, беспадстаўна.

Роўна празь месяц, 26 сьнежня, стала вядома, што Міністэрства інфармацыі вынесла інтэрнэт-выданьню пісьмовае папярэджаньне «за распаўсюджваньне непраўдзівай інфармацыі, якая можа нанесьці шкоду грамадзкім інтарэсам». Пра гэта паведаміў сайт Міністэрства інфармацыі. Аднак пра прычыны спагнаньня ў рэдакцыі нічога ня ведалі да апошніх дзён.

Афіцыйны ліст, падпісаны асабіста міністрам інфармацыі Ліліяй Ананіч, прыйшоў толькі нядаўна. Прычым са спасылкай на Віцебскі аблвыканкам, які лічыць «і загаловак, і зьмест матэрыялу» непраўдзівым. Непраўдзівым настолькі, што ён «можа нанесьці шкоду грамадзкім інтарэсам, якая выражаецца ў масавай дэзынфармацыі насельніцтва, падрыве аўтарытэту органаў дзяржаўнага кіраваньня ў частцы абароны правоў і законных інтарэсаў непаўналетніх, якія знаходзяцца ў сацыяльна небясьпечным становішчы, а таксама прафіляктыкі сямейнай нядобранадзейнасьці ў Рэспубліцы Беларусь».

Ліст зь Міністэрства інфармацыі разьмешчаны на сайце кампаніі «Наш дом», якой кіруе Вольга Карач. Яна ж і ўладальніца інфармацыйнага рэсурсу vkurier.by — пераемніка газэты «Витебский курьер», якая ўжо некалькі гадоў не выходзіць у друкаваным выглядзе.

Мінінфарм загадвае «ліквідаваць парушэньні цягам 24 гадзін» і неадкладна пра гэта паведаміць. У якасьці адказу на сайце кампаніі «Наш дом» выкладзена наступнае: «Хочацца заўважыць, што з адным сьцьверджаньнем мы згодныя. У матэрыяле сапраўды падарваны аўтарытэт „органаў дзяржаўнага кіраваньня“. Бо парушаць нормы права не дазволена нікому. Таму і аўтарытэту такія парушальнікі не заслугоўваюць».

У рэдакцыі лічаць, што папярэджаньне вынесена «за сапраўдную абарону правоў семʼяў». Бо ўсіх дзяцей, якія згадваюцца ў артыкуле, ужо вярнулі з прытулку ў родныя семʼі — прызнаўшы тым самым, што яны «добранадзейныя» і падставаў, каб клопат пра непаўналетніх узяла на сябе дзяржава, няма. Кожны факт з артыкула, паводле рэдакцыі, можа быць пацьверджаны дакумэнтальна. А таму «Витебский курьер» мяркуе, што папярэджаньне было вынесена на падставе тых прычын, якія палічыў «небясьпечнымі» аблвыканкам.

Датычнасьць мясцовых уладаў да захадаў супраць рэдакцый незалежных СМІ фіксуецца ў Віцебску не ўпершыню. Так, на пачатку студзеня Віцебскі гарвыканкам абурыўся паведамленьнем пра тое, што нельга ўзлазіць на навагоднюю ялінку. Жарт пра галоўную навагоднюю ёлку на Плошчы Перамогі быў апублікаваны на сайце «Народныя Навіны Віцебска», і аддзел ідэалягічнай работы, культуры і па справах моладзі Віцебскага гарвыканкаму назваў яго «несапраўднай інфармацыяй», якая «дыскрэдытуе мясцовыя органы ўлады перад жыхарамі і гасьцямі Віцебску». У камэнтарах да артыкула «Лайфхак: Как встретить Новый год под главной ёлкой Витебска и не попасть в милицию» ад імя невядомага прадстаўніка гарвыканкаму напісана, гэта можа стаць «падставай для стасаваньня нормаў адказнасьці згодна зь дзейным заканадаўствам у галіне сродкаў масавай інфармацыі да ўладальніка інфармацыйнага рэсурсу».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG