Прэзыдэнт Ірану Хасан Роўхані назваў невыканальным абяцаньне абранага прэзыдэнта ЗША перагледзець так званую ядзерную зьдзелку, заключаную з Тэгеранам адразу некалькімі дзяржавамі.
На думку Роўхані, словы Трампа на гэты конт — усяго толькі набор лёзунгаў, якія ня маюць дачыненьня да рэальнасьці. Сваё меркаваньне прэзыдэнт Ірану агучыў на прэс-канфэрэнцыі ў гонар гадавіны адмены санкцый супраць яго краіны.
Дамова паміж Іранам, ЗША і яшчэ пяцьцю краінамі была падпісаная ў ліпені 2015 году пасьля доўгіх перамоваў. Зьдзелка прадугледжвала зьняцьце санкцый з Ірану ў абмен на ягоную адмову ад распрацоўкі ядзернай зброі.
Згодна з умовамі зьдзелкі, Тэгеран пагадзіўся пазбавіцца ад большай часткі ядзернага паліва і забясьпечыць допуск інспэктараў МАГАТЭ на ядзерныя абʼекты, каб тым самым гарантаваць, што не спрабуе стварыць зброю масавай паразы.
Трамп падчас сваёй перадвыбарчай кампаніі неаднаразова крытыкаваў зьдзелку, заключаную з Іранам. Гэтая зьдзелка лічыцца адным з галоўных зьнешнепалітычных дасягненьняў Барака Абамы, які пакідае пасаду прэзыдэнта ЗША.