Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Пуціна» можна схаваць бутэльку, а «Лукашэнку» некуды прыляпіць


Напярэдадні адкрыцьця фэстывалю «Славянскі базар у Віцебску» на вуліцах абласнога цэнтру ўжо стаяць гандлёвыя шэрагі. На пешаходнай вуліцы Суворава пачаўся гандаль сувэнірнай прадукцыяй — самаробнай і фабрычнага вырабу.

Спаміж магнітаў на лядоўню, аздобленых фэстывальнай сымболікай ці краявідамі Віцебшчыны, у вочы кідаюцца сувэніры «ідэалягічнага кірунку». Круглы магніт з выявай герба Беларусі, Аляксандра Лукашэнкі, Уладзімера Пуціна на фоне дзяржаўных сьцягоў каштуе 20 тысяч. Магніты прастакутнай формы таньнейшыя, па 15 тысяч. Але тут сюжэты з выявай Аляксандра Лукашэнкі больш разнастайныя — ня толькі ў вобразе дзяржаўнага дзеяча, але й з клюшкай у руках, і ў вайсковай форме, як быў на парадзе 9 траўня. З суровым выразам твару і з хітрай усьмешкай...

Такія магніты можна набыць у некалькіх кропках. Дзе іх вырабляюць і адкуль прывозяць, гандляры не прызнаюцца.

Апрача магніта з выявай прэзыдэнта суседняй дзяржавы, можна набыць расейскі сьцяжок і магніт з выявай расейскага сьцяга, а таксама магніты з жоўта-чорнай стужкай і надпісам па-расейску «Спасибо деду за победу», «Я помню, я горжусь».

У гандлёвых шэрагах па вуліцы Талстога можна набыць магніты з савецкай сымболікай: гербам СССР або выявай ордэна Леніна. Тут гандляры ідэалягічных прынцыпаў не прытрымліваюцца, а таму асартымэнт на любы густ: ёсьць магніты з выявай расейскага герба, а ёсьць — з «Пагоняй».

А калі нехта хоча набыць ня нейкую дробязь, а прадмет мастацтва — то сярод карцін ёсьць і выява юнага піянэра. У гальштуку і з марозівам у абедзьвюх руках.

На «Задзьвінскім кірмашы» кошты ўжо больш сур’ёзныя, і Ўладзімер Пуцін прадаецца ў іншым абліччы. За 200 тысяч можна набыць вялікую керамічную ляльку. Пустую ўсярэдзіне, каб туды можна было схаваць бутэльку, тлумачыць гандлярка. Лялька без «сакрэту» і крыху меншага памеру каштуе 150 і 100 тысяч.

Вялікай колькасьці ахвотных набыць сувэнірныя вырабы з Лукашэнкам або Пуціным няма. Людзі абмінаюць шэрагі з такімі сувэнірамі не з палітычных меркаваньняў, а з куды больш простай прычыны: няма лішніх грошай.

XS
SM
MD
LG