Лінкі ўнівэрсальнага доступу

50% віцебскіх прадпрымальнікаў паверылі ўладам, а 50% — не


У гандлёвым цэнтры «Эвіком» у Віцебску прайшоў сход прадпрымальнікаў. Некаторыя адмыслова прыйшлі на сустрэчу, бо з 1 сакавіка так і не пачалі працаваць.

Паводле Ірыны Яскевіч, удзельніцы аргкамітэту па стварэньні прафсаюзу прадпрымальнікаў «Разам», аднавілі працу каля паловы гандляроў:

«Выйшлі на працу тыя, хто паверыў уладам. Гэта, скажам так, крэдыт даверу: што насамрэч ня будзе пакуль ніякіх пакараньняў за гандаль таварамі зь непацьверджанай якасьцю — якія ня маюць сэртыфікацыйных дакумэнтаў. Праз тое, што такіх дакумэнтаў мы здабыць ня можам, і праз тое, што непамерна растуць падаткі, прадпрымальнікі і спынялі працу. Хтосьці ўжо пачаў працаваць, і я мяркую, што такіх яшчэ дабавіцца бліжэйшым часам. Сёньня на сходзе я распавяла, што 9 сакавіка ў дэпартамэнце прадпрымальніцтва прынялі прапановы ад нашай дэлегацыі, што зь імі пазнаёміліся і ў міністэрстве падаткаў. Прынамсі, нас выслухалі, і цяпер мы будзем чакаць вынікаў».

Ірына Яскевіч

Ірына Яскевіч

Паводле спадарыні Яскевіч, адна з прапановаў ад прадпрымальнікаў — зьменшыць падаткі, у прыватнасьці, за кошт спыненьня росту падвышальнага каэфіцыенту. Яшчэ адна — стварыць працоўную групу з уключэньнем туды прадпрымальнікаў, каб разам вырашаць праблему з дакумэнтамі аб сэртыфікацыі тавараў.

На «Эвікоме» палова ралетаў зачынена дагэтуль

На «Эвікоме» палова ралетаў зачынена дагэтуль

На сёньняшні дзень яснасьці ў апошнім пытаньні няма. Прадпрымальнікам абяцаюць, што працаваць можна «без дакумэнтаў» і што вось-вось будзе выдадзена тлумачэньне, што гэта значыць — безь якіх канкрэтна дакумэнтаў. Таму палова віцебскіх прадпрымальнікаў аднавіла гандаль на кірмашах і ў гандлёвых цэнтрах, а палова чакае. Яны баяцца, што празь некарэктныя фармулёўкі абяцаньняў ад дзяржаўных структураў могуць трапіць пад карныя санкцыі за парушэньне правілаў гандлю.

XS
SM
MD
LG