Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Віцебску прадпрымальнікі правялі сход і прапаноўвалі падняць заробкі пакупнікам


На Полацкім кірмашы ў Віцебску прайшоў сход прадпрымальнікаў. Яны вырашылі не плаціць падаткі і не выходзіць на працу, пакуль ня ўбачаць новых дакумэнтаў, якія рэглямэнтуюць прадпрымальніцкую дзейнасьць.

Дэклярацыі пра тое, што ўжо рыхтуецца новы ўказ, які дазволіць гандляваць без абавязковай сэртыфікацыі, прадпрымальнікаў не задаволілі. Віцебскія кірмашы па-ранейшаму ня дзейнічаюць, спынілі працу каля 80% прадпрымальнікаў. Што да Полацкага кірмашу, то зь мінулай нядзелі ён практычна пусты.

Гандляры ня выйшлі на працоўныя месцы, але сабраліся на сход, ініцыяваны Анатолем Шапавалавым, актывістам рэспубліканскага грамадзкага аб’яднаньня «Пэрспэктыва».

«Няма надзеі на тое, што новы дакумэнт нешта істотна зьменіць у нашым жыцьці. Бо яго рыхтуюць тыя самыя структуры, якія раней стваралі нам толькі праблемы ў працы. «Пэрспэктыва» сфармулявала шэраг прапаноў, мы даслалі іх на разгляд. Праўда, маю асабістую прапанову не ўключылі, а я прапаноўваў запісаць, каб неадкладна паднялі заробкі нашым пакупнікам, інакш гандлёвыя цэнтры і кірмашы застануцца пустыя, і ўжо не праз тое, што мы не працуем. У людзей проста няма грошай!» — кажа Анатоль Шапавалаў.

Анатоль Шапавалаў

Анатоль Шапавалаў

Прадпрымальніцкі сход працягваўся ўсяго каля 20 хвілін. Гандляры пагадзіліся, што пакуль няма чаго абмяркоўваць: абяцанага дакумэнту як не было, так і няма. Абмяркоўвалі хіба тое, ці плаціць падаткі. Менавіта да гэтага заклікаюць прадпрымальнікаў, абяцаючы не караць іх за адсутнасьць сэртыфікатаў на тавары. Але падаткі павялічыліся — праўда, ніхто ня можа патлумачыць мэханізм, чаму яны так узрасьлі.

Прадпрымальнікі абмяркоўваюць умовы працы

Прадпрымальнікі абмяркоўваюць умовы працы

Менавіта спадзяваньнямі, што яны ўсё ж заплацяць падаткі, прадпрымальнікі і тлумачаць тое, што пакуль іх ніхто не штрафуе і не канфіскоўвае рэчы. Нават у тых адзінак, якія не спынілі працу і па-ранейшаму спрабуюць завабіць пакупнікоў.

Зрэшты, пакупнікоў на Полацкім кірмашы таксама няма. Людзі ведаюць, чаму спынены гандаль, і не ідуць на закупы.

За сходам прадпрымальнікаў пільна назірала віцебская міліцыя: у натоўпе былі заўважаны службовыя асобы досыць высокага рангу — прадстаўнікі абласной управы МУС у цывільным. У абмеркаваньні і спрэчкі яны ня ўмешваліся.​

XS
SM
MD
LG