Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Завод «Віцязь» пачне вырабляць гіраскутэры


Фота ©Shutterstock

Фота ©Shutterstock

Транспартныя сродкі плянуецца выпускаць і надалей, бо вытворчасьць гіраскутэраў падобная да вытворчасьці тэлевізараў.

Беларуская дзяржаўная кампанія «Віцязь», што займаецца вытворчасьцю тэлевізараў, рознай бытавой тэхнікі і мэдыцынскага абсталяваньня, заключыла пагадненьне з расейскай кампаніяй на пастаўку 1700 гіраскутэраў уласнай вытворчасьці, паведаміў БЕЛТА гендырэктар прадпрыемства Сяргей Гунько.

Надалей «Віцязь» плянуе выпускаць гіраскутэры пад асобныя кантракты і не выкарыстоўваць на іх уласны таварны знак, а «зыходзіць з пажаданьняў замоўцы». Паводле слоў Гунько, у гіраскутэрах шмат электронікі, таму спэцыфіка яго вытворчасьці «ня вельмі адрозьніваецца ад тэлевізійнага прымача».

Гіраскутэры — даволі новы від транспарту, яны пачалі зьяўляцца ў продажы ў 2014 годзе (хоць яшчэ ў 1999 годзе пад такую прыладу была зарэгістрапаная гандлёвая марка Hoverboard). У іх вытворчасьць інвэставаў шэраг галівудзкіх зорак, а таксама сьпявак Джастын Бібэр. Гіраскутэры рухаюцца за кошт двух матораў, якія перасоўваюць дошку наперад, калі карыстальнік нахіляецца наперад, а паварочваюць, калі карыстальнік пераносіць вагу ў адпаведны бок.

Гіраскутэры вытворчасьці «Віцязя» змогуць разьвіваць хуткасьць да 15 км/г, будуць мець запас зоду ад аднога зараду батарэі каля 20 км. Будуць выпускацца мадэлі з коламі ў 6,5, 8 і 10 цаляў. Апошнія дзьве будуць мець bluetooth-дынамікі для прайграньня музыкі.

XS
SM
MD
LG