Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вясна» патрабуе спыніць палітычны перасьлед актывіста Паўла Вінаградава


Павал Вінаградаў, архіўнае фота

Павал Вінаградаў, архіўнае фота

Рэкардсмэн па «сутках» ужо прабыў пад прэвэнтыўным наглядам тры з паловай гады.

Рада праваабарончага цэнтру «Вясна» апублікавала заяву з нагоды магчымага аднаўленьня прэвэнтыўнага нагляду за грамадзкім актывістам Паўлам Вінаградавым. 7 чэрвеня 2016 г. у судзе Маскоўскага раёну Менску прызначанае судовае пасяджэньне, на якім будзе вырашацца пытаньне ўвядзеньня нагляду на 6 месяцаў, хоць судзімасьць Вінаградава за «Плошчу-2010» будзе пагашаная ўжо праз тры месяцы.

«Падставамі для распачынаньня дадзенай працэдуры паслужыла тое, што Вінаградаў тройчы з пачатку года быў прыцянуты да адміністрацыйнай адказнасьці па арт. 23.34 КаАП Рэспублікі Беларусь (парушэньне парадку арганізацыі і ўдзелу ў масавых мерапрыемствах) у сувязі з рэалізацыяй ім свабоды мірных сходаў і выказваньня свайго меркаваньня», — піша «Вясна». «Чарговыя намаганьні ўладаў па ўстанаўленьні ў дачыненьні да Вінаградава працэдуры прэвэнтыўнага нагляду» яна лічыць «працягам практыкі палітычна матываванага перасьледу, увядзеньня дадатковых абмежаваньняў і стварэньня рэальнай пагрозы чарговага ўвязьненьня дадзенага актывіста».

Праваабарончы цэнтар настойліва заклікае ўлады неадкладна спыніць вытворчасьць па справе ўстанаўленьня прэвэнтыўнага нагляду ў дачыненьні да Вінаградава і спыніць іншыя формы палітычна матываванага ціску на Вінаградава і іншых грамадзян у сувязі з рэалізацыяй імі правоў, гарантаваных Канстытуцый краіны і міжнароднымі нормамі ў галіне правоў чалавека.

Сам Вінаградаў у размове з карэспандэнтам Свабоды выказваў меркаваньне, што яго, магчыма, хочуць зрабіць «кантраляваным» на час бліжэйшых выбараў, але дадаў:

«Вытрымаў тры з паловай гады — вытрымаю і пару месяцаў»

XS
SM
MD
LG