Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вясьлярная база ў Рагачове прыйшла ў заняпад, але набірае ў сэкцыі дзяцей


Вясьлярная база зь лесьвіцай да затокі
Вясьлярная база зь лесьвіцай да затокі

Звыш трохсот маладых жыхароў Рагачова прыйшлі сёлета займацца ў СДЮШАР № 2 веславаньнем на байдарках і каноэ.

Некаторыя выхаванцы школы стала ўваходзяць у нацыянальную зборную каманду па згаданых відах спорту. Аднак суровыя ўмовы, у якіх падлеткі набываюць спартовыя навыкі, па сутнасьці, нічым не адрозьніваюцца ад тых, якія засьпеў тут паўстагодзьдзя назад алімпійскі чэмпіён з Рагачова Мікалай Гарбачоў.

Рагачоўскі Гарбачоў

Рагачоў, невялікі горад у Гомельскай вобласьці, у міжрэччы Дняпра й Друці, 50 гадоў таму прагрымеў як месца, дзе растуць алімпійскія чэмпіёны. У той час 24-гадовы рагачовец Мікалай Гарбачоў стаў чэмпіёнам ХХ Алімпійскіх гульняў у Мюнхэне па веславаньні на байдарках. На дыстанцыі тысячу мэтраў Гарбачову ў пары зь Віктарам Кратасюком не было роўных.

Вясьлярная слава Рагачова
Вясьлярная слава Рагачова

Праз два гады Мікалай Гарбачоў здабывае золата на ХI чэмпіянаце сьвету па веславаньні на байдарках і каноэ ў Мэхіка. А яшчэ былі перамогі на чэмпіянатах Эўропы і былога Савецкага Саюзу.

Калі Мікалай Гарбачоў адчуў, што ўдача яму больш не спадарожнічае, ён пакінуў вялікі спорт. Вярнуўся ў родны Рагачоў — стаў дзіцячым трэнэрам па веславаньні на байдарках, а пасьля й дырэктарам спэцыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзэрву. Апроч вясьлярства, тут займаюцца яшчэ плаваньнем ды гандболам.

База, якую варта зруйнаваць

База з тых часоў памянялася ня надта, кажа мясцовы актывіст, былы выкладчык фізычнай культуры Ўладзімер Мельнікаў:

Уладзімер Мельнікаў
Уладзімер Мельнікаў

«Сюды, у будынак гэтай вясьлярнай базы, і вярнуўся алімпійскі чэмпіён, каб вучыць дзяцей, — кажа Ўладзімер. — Базу гэтую склалі па цагліне самі трэнэры й весьляры яшчэ ў шасьцідзесятыя гады ХХ стагодзьдзя. Прыладзілі прыбудоўкі. З тае пары нічога не зьмянілася. Хоць бы яна ня рухнула — мінула ж больш як паўстагодзьдзя. Ня так даўно сюды прыяжджаў, калі быў яшчэ пры партфэлі, віцэ-прэмʼер Анатоль Тозік. Паглядзеў на гэтую базу і сказаў, што яе даўно трэба сьпіхнуць бульдозэрам з высокага берага ў абрыў».

Дзе захоўваюцца лодкі
Дзе захоўваюцца лодкі

Пакуль аглядалі базу, падʼехаў малады трэнэр Арцём Чарняцоў. Калі адамкнуў памяшканьне, зазірнулі ўсярэдзіну. Дах падцякае, старыя лодкі месьцяцца на стэляжах пры сьценах, каб не замакалі. Няма ні разьдзявалак, ні вучэбнай клясы, ні душа для спартоўцаў.

Трэнэр Арцём Чарняцоў
Трэнэр Арцём Чарняцоў

«Але ж займаемся, — кажа Чарняцоў. — У нас тут чатырнаццаць трэнэраў і больш як трыста выхаванцаў. Лодкі старыя, рамантуем, клеім, пераклейваем. Канечне, хацелася б хоць якога камфорту, самых элемэнтарных выгодаў».

Драўляныя пірсы для юных весьляроў
Драўляныя пірсы для юных весьляроў

Спуск да вады небясьпечны. Тое, што некалі было бэтоннай лесьвіцай, цяпер нагадвае паласу перашкодаў, дзе можна параніцца. Юныя весьляры абыходзяць гэтую лесьвіцу зьлева і справа, вытаптаўшы глыбокія сьцежкі.

Два невялічкія драўляныя пірсы, зь якіх юныя навучэнцы садзяцца ў лодкі, ледзьве трымаюцца. Яны падгнілі і пагрузілася ў ваду, дабіраюцца да іх дашчанымі кладкамі.

Вясьлярная база належыць да СДЮШАР № 2, дзе раней працаваў Мікалай Гарбачоў. Цяперашні яе дырэктар Міхаіл Кавалёў кажа, што новую базу меліся пабудаваць да меркаваных «Дажынак» у 2013 годзе, якія ўрэшце перанесьлі ў Жлобін. Там, дарэчы, збудавалі велічэзны цэнтар алімпійскага рэзэрву — зь лядовым палацам, аквапаркам, басэйнам, лыжаролернай трасай. Цяпер усё гэтае багацьце стала складана ўтрымліваць.

Пакуль «ген» не згубіўся

Былі некаторыя спадзевы ўзьвесьці ў Рагачове вясьлярную базу ў мікрараёне «Дзявяткі» і да сёлетняга Дня пісьменства, але таксама ня спраўдзіліся.

«На новую будоўлю патрэбна 11 мільярдаў недэнамінаваных рублёў, а іх у вобласьці не знайшлося. Губэрнатар нават да нас заходзіў, цікавіўся праектам. Але ж бяз грошай нічога ня зробіш. Дзеці пакуль пераапранаюцца ў памяшканьні для гандболу, а пасьля ўжо бягуць, тут недалёка, да вясьлярнай базы», — кажа дырэктар Кавалёў.

Нягледзячы на благія ўмовы, і цяпер у нацыянальнай камандзе па веславаньні на байдарках ёсьць выхаванцы СДЮШАР № 2 — Мікіта Борыкаў і Софʼя Юрчанка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG