Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта перамога!» — Вярхоўны Суд вызваліў прадпрымальніцу ад штрафаў на 538 000 даляраў


Нечаканае судовае рашэньне на карысьць індывідуальнай прадпрымальніцы зь Пінску.

Вышэйшая судовая інстанцыя — калегія ў камэрцыйных справах Вярхоўнага Суду — адмяніла рашэньні эканамічнага суду Берасьцейскай вобласьці і апэляцыйнай інстанцыі, згодна зь якімі Тацяна Цібец, прадпрымальніца зь Пінску, павінна была выплаціць у даход дзяржавы больш за 1 мільён 17 дэнамінаваных рублёў, альбо 538 тысяч даляраў.

Да таго ж падатковая інспэкцыя Пінску павінна кампэнсаваць прадпрымальніцы ўсе судовыя затраты (больш за 1 тысячу рублёў).

Рашэньне калегіі Вярхоўнага Суду было цалкам нечаканым для грамадзянскага мужа і бацькі Тацяны Цібец. Сама прадпрымальніца на судовым паседжаньні не прысутнічала, яна шматдзетная маці, малодшаму дзіцяці 1 месяц. Цягам гадзіны судзьдзі слухалі хадайніцтвы, заявы і спрэчкі бакоў — адвакаткі Юліі Куцар і прадстаўніцы пінскай падатковай інспэкцыі.

Юлія Куцар
Юлія Куцар

Прычынай спрэчак стала дамова, якую падатковая інспэкцыя параіла Тацяне Цівец напісаць «заднім чыслом». Жанчына займаецца продажам будматэрыялаў. Спачатку яна працавала як індывідуальная прадпрымальніца. Але ў 2008 годзе ІП забаранілі наймаць работнікаў, акрамя блізкіх сваякоў, і Цівец зарэгістравала яшчэ і прыватнае гандлёвае ўнітарнае прадпрыемства «ТТТ-Буд». Усе дамовы з заводамі-вытворцамі ў Тацяны Сівец былі зарэгістраваныя на яе як індывідуальную прадпрымальніцу: яна купляла тавар, а потым прадавала яго свайму ж ПГУП «ТТТ-Буд», і наёмныя гандляры яго прадавалі. Тацяна Цівец у поўным абʼёме сплочвала ўсе падаткі, пра што сьведчылі падатковыя праверкі, праведзеныя ў 2008, 2013 і 2015 годзе. Але праз 4 месяцы пасьля апошняй праверкі падаткавікі сказалі, што не хапае дамовы 2008 году, і параілі ёй зрабіць гэтую дамову «заднім чыслом». А потым гэтую дамову палічылі незаконнай, бо падпісаная яна была з двух бакоў Тацянай Цівец (як прыватнай прадпрымальніцай і як кіраўніцай «ТТТ-Буд»).

Эканамічны суд Берасьцейскай вобласьці прызнаў зьдзелку паміж ІП і «ТТТ-Буд» па гэтай дамове несапраўднай і палічыў, што ўвесь абарот за 8 гадоў (з 2008-га па 2016-ты) — незаконна атрыманы прыбытак.

Берасьцейскі эканамічны суд пастанавіў, каб абодва бакі выплацілі 496 243 рублі ў даход дзяржавы, а таксама па 10 387 рублёў дзяржаўнага мыта і яшчэ 2075 рублёў за парушэньні. То бок прадпрымальніца Тацяна Цібец вінная дзяржаве больш за 1 мільён рублёў. Пазьней апэляцыйная інстанцыя пакінула рашэньне ў сіле. Вярхоўны Суд аказаўся апошняй інстанцыяй, якая магла вызваліць прадпрымальніцу ад непадʼёмнага штрафу, большага за паўмільёна даляраў.

На працэсе ў Вярхоўным Судзе адвакатка Юлія Куцар, якая прадстаўляла Тацяну Цівец, падала тры хадайніцтвы. Яна настойвала на прыпыненьні разгляду справы да заканчэньня праверкі, якую цяпер праводзіць Пінскае РУУС, а таксама на правядзеньні экспэртызы дамовы, што і стала прычынай такіх шалёных штрафаў. Суд усе хадайніцтвы адхіліў.

Прадстаўніца падатковай інспэкцыі гораду Пінску ў сваёй прамове некалькі разоў паўтарала фразу «Абурае пазыцыя адказніка», абараняла «гонар мундзіру».

Прадстаўніца падатковай інспэкцыі
Прадстаўніца падатковай інспэкцыі

Грамадзянскі муж прадпрымальніцы Антон Умінскі спрабаваў патлумачыць судзьдзям сытуацыю, але яго рэзка абарвалі, слова не далі.

Калі перад абвяшчэньнем рашэньня судзьдзі абвясьцілі кароткі перапынак, настрой у прадстаўнікоў прадпрымальніцы быў пэсымістычны. Адвакатка раіла сваякам Тацяны Цібец, як падаваць скаргу на новы разгляд справы ўжо ў якасьці нагляду калегіяй Вярхоўнага Суду. Яна таксама прасіла старшыню грамадзянскага абʼяднаньня «Пэрспэктыва» Анатоля Шумчанку патлумачыць усім прадпрымальнікам, што калі ў іх ёсьць дамовы, падпісаныя адной асобай з двух бакоў, тэрмінова перааформіць іх у новай рэдакцыі.

Таму, калі судзьдзя зачытала пастанову, прысутныя ў залі яе спачатку не зразумелі. Дакладна яна прагучала так:

«Судовая калегія ў камэрцыйных справах Вярхоўнага Суду Рэспублікі Беларусь, судзьдзя пастанавіла: рашэньне эканамічнага суду Берасьцейскай вобласьці ад 4 жніўня 2016 году і пастанову апэляцыйнай інстанцыі гэтага суду ад 15 верасьня 2015 году ў частцы задавальненьня факту несапраўднасьці зьдзелкі паміж індывідуальнай прадпрымальніцай Тацянай Цібец і прыватным гандлёвым унітарным прадпрыемствам „ТТТ-Буд“ і прымяненьнем наступстваў яе несапраўднасьці адмяніць. У задавальненьні пазову ў гэтай частцы Інспэкцыі па падатках і зборах Пінску адмовіць».

Анатоль Шумчанка нават папрасіў судзьдзю: «Перакладзіце на зразумелую мову». У адказ пачуў: вам адвакат перакладзе.

Таксама Інспэкцыя па падатках і зборах павінна кампэнсаваць па 504 дэнамінаваныя рублі за падачу апэляцыйнай і касацыйнай скаргаў прадпрымальніцы Цівец і «ТТТ-Буду».

Муж Антон Умінскі пасьля абвяшчэньня рашэньня быў у разгубленасьці: «На адну сотую працэнта мы верылі, што Вярхоўны Суд разьбярэцца і вынесе рашэньне на нашу карысьць. Але шырокі грамадзкі рэзананс у СМІ, умяшаньне рэспубліканскага грамадзкага абʼяднаньня прадпрымальнікаў „Пэрспэктыва“ дапамаглі нам».

Адвакатка бюро «Права і парадак» Менскай гарадзкой калегіі адвакатаў Юлія Куцар сказала ў інтэрвʼю Свабодзе, што вельмі задаволеная такім законным і абгрунтаваным рашэньнем апошняй інстанцыі — Вярхоўнага Суду. Але сумневы ў яе былі:

«Да гэтай справы суды першай і апэляцыйнай інстанцыі падышлі фармальна, яны не дасьледавалі ўсіх доказаў, не былі дапытаныя ўсе сьведкі, не была дадзеная ацэнка ўсім довадам адказьнікаў. Вярхоўны Суд больш уважліва паставіўся да справы».

Бацька і муж Тацяны Цібец, справа — Анатоль Шумчанка
Бацька і муж Тацяны Цібец, справа — Анатоль Шумчанка

На пытаньне, ці можна спадзявацца, што Інспэкцыя па падатках і зборах гораду Пінску можа панесьці адказнасьць, адвакатка адказала:

«Калі ня будзе заведзеная крымінальная справа паводле вынікаў праверкі, якую зараз праводзіць Пінскае РУУС, то ніякай адказнасьці падатковая не панясе. Калі будзе адмоўлена ў завядзеньні крымінальнай справы, санкцыяў можа і ня быць. Але давайце дачакаемся вынікаў праверкі».

Пастанова Вярхоўнага Суду ўступіла ў законную сілу з моманту абвяшчэньня і можа быць абскарджаная ў парадку нагляду.

«Мы перамаглі!», — пракамэнтаваў гэтае рашэньне лідэр прадпрымальнікаў Анатоль Шумчанка.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG