Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Вы лічыце мяне ідыётам? Я не хачу сядзець 5 год», — намесьнік старшыні Вярхоўнага суду пра «судовы канвэер»


Ілюстрацыйнае фота, судзьдзя Бандарэнка чытае вырак Бяляцкаму

Першы намесьнік старшыні Вярхоўнага суду Беларусі Валеры Калінковіч пагутарыў з журналістамі напярэдадні пленуму Вярхоўнага суду ў пытаньнях адміністрацыйных судоў.

Карэспандэнт Tut.by распытаў яго пра суды апошняга месяцу — больш за 900 чалавек былі затрыманыя ў сувязі з акцыямі пратэсту, многія зь іх атрымалі штрафы, на 224 чалавекі прысуджана агулам 2328 сутак арышту.

На пытаньне пра ўсё часьцейшыя арышты пасьля двух год перавагі штрафаў над арыштамі Калінковіч адказаў, што суды адбываюцца «адпаведна прынцыпу індывідуалізацыі адказнасьці».

«Распаўсюджаныя некаторымі рэсурсамі і СМІ выдумкі аб тым, што суды дзейнічаюць па нейкай зададзенай праграме, не адпавядаюць рэчаіснасьці і ёсьць ня чым іншым, як спробамі ачарніць беларускае правасудзьдзе ў вачах недасьведчаных у пытаньні права грамадзянаў, — заявіў Калінковіч. — Судзьдзі вырашылі так, іх ніхто не праграмаваў. Іх ніхто ня можа праграмаваць у прынцыпе, гэта парушэньне закону, якое цягне ў тым ліку крымінальнае пакараньне да пяці гадоў пазбаўленьня волі. 392 артыкул крымінальнага кодэксу. Вы лічыце мяне ідыётам? Я не хачу сядзець пяць гадоў».

Карэспандэнт Tut.by згадаў суд над апэратарам «Белсату» Аляксандрам Баразенкам, якога прызналі вінаватым у «лаянцы матам і маханьні рукамі» ды пасадзілі на 15 сутак, хоць на прадстаўленым на судзе відэа затрыманьня не было чуваць мату, адно фразу «я журналіст». На пытаньне, як тады бараніцца ў судзе і даказаць сваю невінаватасьць, Калінковіч адказаў:

«Вы цяпер хочаце прымусіць мяне ўмяшацца ў ажыцьцяўленьне правасудзьдзя. Калі Аляксандр Баразенка або нехта яшчэ ня згодны з вынікамі разгляду ягонай справы судамі першай інстанцыі, ён мае права зьвярнуцца са скаргай у вышэйстаячы суд. Усе яго довады аб тым, што суд чагосьці не ўлічыў, чагосьці не дасьледаваў альбо прыняў няправільнае рашэньне, будуць уважліва разгледжаныя і атрымаюць ацэнку кампэтэнтнага суду. Я гэтыя довады ацэньваць тут і цяпер ня маю права. Я зараз выкажуся, а пасьлязаўтра Менгарсуд будзе разглядаць скаргу Баразенкі. Гэта недапушчальна — мне выказвацца па канкрэтнай справе на ўсю краіну».

Паводле Калінковіча, цяпер Вярхоўнаму суду трэба заняцца аптымізацыяй адміністрацыйных санкцыяў, у тым ліку, магчыма, зьняць ніжнюю мяжу штрафаў за канкрэтныя правапарушэньні. Ён асабіста выступае за тое, каб пашырыць магчымасьці вызваленьня ад адміністрацыйнай адказнасьці пры зьмякчальных абставінах і за папраўкі, якія б дазволілі не пачынаць адміністрацыйны працэс пры нязначных правінах.

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG