Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд павялічыў на паўгода тэрмін зьняволеньня Міхаілу Жамчужнаму


Міхаіл Жамчужны, архіўнае фота

Міхаіл Жамчужны, архіўнае фота

23 кастрычніка Вярхоўны суд прыняў рашэньне па касацыйнай скарзе заснавальніка праваабарончай арганізацыі «Плятформа інавэйшн» Міхаіла Жамчужнага.

Пра гэта паведаміла ў фэйсбуку праваабаронца Тацяна Равяка, якая, адзіная з прадстаўнікоў грамадзкасьці, прысутнічала на агалошваньні судовага рашэньня.

«Тэрмін зьняволеньня Міхаілу Жамчужнаму павялічаны на 6 месяцаў. Канчатковы прысуд — 6 з паловай гадоў пазбаўленьня волі. Сёньня першы раз пабачыла Міхаіла. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме, але агалошваньне рэзалюцыйнай часткі было адкрытым, чым я і скарысталася», — напісала Тацяна Равяка.

Касацыйную скаргу ў Вярхоўным судзе разглядалі ў закрытым рэжыме таму, што ў матэрыялах справы ёсьць сакрэтныя зьвесткі.

Паводле Равякі, судзьдзя Міхаіл Кашко, які агалошваў рашэньне, назваў павялічаны на паўгода тэрмін зьняволеньня для Міхаіла Жамчужнага — 6 гадоў і 6 месяцаў. Аднак ён не паведаміў, чым гэта матывавана. Пракурор патрабаваў для Жамчужнага 7 гадоў пазбаўленьня волі.

«Міхаіл Жамчужны быў у клетцы, яго ахоўвалі чатыры супрацоўнікі міліцыі. Я зразумела, што ён пазнаў мяне, паколькі павітаўся. Сам выглядае бадзёрым, падцягнутым. Калі мы ў залі чакалі судзьдзю, ён сказаў, што і надалей будзе займацца абаронай правоў зьняволеных», — распавяла сайту spring96.org Тацяна Равяка.

Што тычыцца сутнасьці сёньняшняга судовага паседжаньня, то, паводле Равякі, яно нічога не праясьніла:

«Мы па-ранейшаму спадзяёмся, што зможам атрымаць інфармацыю пра сутнасьць справы Міхаіла Жамчужнага, каб высьветліць, ці ўяўляе інфармацыя, якую ён спрабаваў здабыць, грамадзкі інтарэс і ці тычыцца яна абароны правоў зьняволеных».

Бліжэйшым часам ПЦ «Вясна» мае намер даслаць у Вярхоўны суд запыт на інфармацыю па справе Міхаіла Жамчужнага, бо прысуд яму ўступіў у законную сілу.

Жамчужны ўтрымліваецца ў менскім СІЗА № 1.

10 ліпеня бягучага году Міхаіл Жамчужны быў асуджаны Віцебскім абласным судом на 6 гадоў калёніі строгага рэжыму. Ён быў абвінавачаны па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэксу — гэта наўмыснае раскрыцьцё зьвестак, якія складаюць службовую тайну, незаконнае набыцьцё (выраб) сродкаў для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі, якая складае службовую таямніцу, а таксама даваньне хабару.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG