Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вярхоўны суд пакінуў у сіле сьмяротны прысуд жыхару Вілейкі Якавіцкаму


Генадзь Якавіцкі

Генадзь Якавіцкі

8 красавіка Вярхоўны суд Беларусі разгледзеў апэляцыйную скаргу Генадзя Якавіцкага, якога ў студзені Менскі абласны суд прысудзіў да расстрэлу.

Скарга не была задаволеная, прысуд пакінуты бязь зьмены. Генадзь Якавіцкі зьбіраецца падаваць прашэньне аб памілаваньні на імя Аляксандра Лукашэнкі, а ягоныя адвакаты і праваабаронцы плянуюць зьвярнуцца ў Камітэт па правах чалавека ААН.

49-гадовы жыхар Вілейкі Генадзь Якавіцкі быў прызнаны вінаватым у забойстве з асаблівай жорсткасьцю сваёй сужыцелькі Тацяны Апанасенкі. Трагедыя здарылася ў 2015 годзе ў хаце агульнага знаёмага, дзе піла кампанія зь пяці мужчын і адной жанчыны. Экспэрты знайшлі на целе нябожчыцы 46 сьлядоў зьбіцьця, у тым ліку ў яе была зламаная сківіца. Генадзь Якавіцкі на першым судзе ўзяў на сябе адказнасьць за 10–12 удараў, а сёньня на разглядзе апэляцыі сказаў, што нанёс пацярпелай толькі 5–6 удараў. Далейшага ня памятае, быў моцна пʼяны — цягам дня кампанія выпіла некалькі бутэлек гарэлкі і 6 бутэлек бальзаму. Як сказана ў прысудзе Менскага абласнога суду, Генадзь Якавіцкі першы раз ударыў сужыцельку з рэўнасьці і працягваў зьбіваць наўмысна.

Генадзь Якавіцкі матыў рэўнасьці адмаўляе:

«У нас былі блізкія і добрыя адносіны, рэўнасьці ў мяне не было, я шмат што ёй дараваў, прызвычаіўся да яе „выкідонаў“, але яна і безь мяне хадзіла ў сіняках», — сказаў асуджаны. Адносна ранейшага прызнаньня віны Генадзь Якавіцкі заняў сёньня наступную пазыцыю:

«Не, я не забіваў Тацяну, але вінаваты ў яе сьмерці, раз яна памерла».

Якавіцкі мяркуе, што забіць Тацяну Апанасенку мог нехта іншы, але сьледзтва з гэтым не разабралася і ўсё віну ўсклала толькі на яго.

Пракурор заявіла, што падстаў для адмены прысуду няма, віна Генадзя Якавіцкага была цалкам даказаная, у тым ліку празь сьляды крыві і біялягічнага рэчыва. Паводле пракурора, Якавіцкі біў сваю сяброўку па ранах гэтак моцна, што кроў пырскала на пасьцельную бялізну.

Чаму немагчыма адправіць забойцу ў турму?

Чаму выпраўленьне Генадзя Якавіцкага ва ўмовах зьняволеньня, паводле пракурора і суду першай інстанцыі, было немагчымае?

Пракурор прайшлася па біяграфіі Генадзя Якавіцкага, пачаўшы з таго, што ён нарадзіўся ў сямʼі афіцэра, магчымасьці, якія яму даваў лёс, ня выкарыстаў.

Пракурор згадала, што яшчэ ў 1991 годзе Якавіцкага ўжо прыгаворвалі да сьмерці за забойства, але тады ён пазьбег вышэйшай кары праз абскарджаньне і замену прысуду на 15 год няволі.

Калі выйшаў з-за кратаў, на шлях выпраўленьня ня стаў і некалькі разоў быў судзімы за крадзеж. Дарэчы, акрамя забойства, Якавіцкі быў цяпер асуджаны і за ўхіленьне ад утрыманьня свайго непаўналетняга сына. У выніку пракурор заявіла, што нават турма Якавіцкага ўжо ня выправіць, і таму яна просіць суд скаргу асуджанага адхіліць. Пасьля 2 гадзін абмеркаваньня Вярхоўны суд паведаміў, што гэтак і будзе.

На разглядзе апэляцыі Генадзя Якавіцкага прысутнічалі журналісты, праваабаронцы і сваякі асуджанага — ягоная дачка і былая жонка. Якавіцкага трымалі ў жалезнай клетцы з завязанымі за сьпіной рукамі. У судзе асуджаны прамаўляў спакойным голасам і не хаваўся ад фотакамэр журналістаў. Сваякі распавялі, што ў рэдкіх лістах з «Валадаркі» ён гэткі ж спакойны, піша, што чытае ў камэры кнігі.

Магчыма, апошні здымак. Пасьля таго як суд сышоў выносіць канчатковае рашэньне. Якавіцкі глядзіць у бок сваякоў

Магчыма, апошні здымак. Пасьля таго як суд сышоў выносіць канчатковае рашэньне. Якавіцкі глядзіць у бок сваякоў

Колькі засталося жыць Генадзю Якавіцкаму?

Калі Аляксандар Лукашэнка адмаўляе асуджанаму на сьмерць, таго ў той жа дзень расстрэльваюць. Але паміж падачай прашэньня аб памілаваньні і яго разглядам можа прайсьці некалькі месяцаў, а магчыма і каля году. Вядома, што за час свайго прэзыдэнцтва Аляксандар Лукашэнка памілаваў толькі аднаго з асуджаных на сьмерць, а пакарана было больш за 100 чалавек. Месца, дзе выконваецца сьмяротнае пакараньне, — дзяржаўны сакрэт, але праваабаронцы мяркуюць, што сьмяротныя прысуды выконваюць у менскім ізалятары на Валадарскага. Былы начальнік ізалятара Алег Алкаеў распавядаў пра стан асуджаных на сьмерць, што гэтыя людзі звычайна трацяць волю і выконваюць усе загады.

«Скажуць стаць, дык стаяць. Скажуць апусьціцца на калені, становяцца на калені». З гэтых словаў можна ўявіць, як у Беларусі расстрэльваюць асуджанага на сьмерць злачынцу.

Паводле праваабаронцаў, цяпер у Беларусі 4 чалавекі асуджаныя на сьмерць, зь іх Вярхоўны суд пацьвердзіў тры прысуды. Апэляцыйная скарга асуджанага на сьмерць Сяргея Хмялеўскага будзе разгледжаная ў траўні.

Беларусь застаецца адзінай у Эўропе краінай, дзе ўжываюць сьмяротнае пакараньне.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG