Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маларыта (з фота)


Ягор Маёрчык, Маларыта, Берасьцейшчына (эфір 18 ліпеня) Новая перадача сэрыі “Палітычная геаграфія”.

Да бабулі зь дзядулем прыехаў унук. Радасьць ад сустрэчы зьмянілася на непрыемнае зьдзіўленьне — аказалася, што старыя і малы проста размаўляюць на розных мовах. Працягне баба Іра:

(Ірына: ) “Ён дзевяць гадоў правучыўся ў Расеі. А тут у яго былі ўрокі беларускай мовы, літаратуры і гісторыі і гісторыя — усё на беларускай мове. І яму гэта дужа не падабалася. “Я не хачу і ўсё!” “Тады едзь вучыцца ва Ўкраіну!Там паступіш, але вучыся гаварыць так, як мы”. “А я не хачу! Расея — лепш за ўсіх!” І гэта пры тым, што ў яго маці і бацькі ўкраінцы!”

(Карэспандэнт: ) “А якія думкі былі ў вашага мужа ад таго, што ўнук ні беларускай мовы ня ведае, ні ўкраінскай вучыць ня хоча?”

(Ірына: ) “Ён на яго злаваўся. Ён яму тлумачыў: “На, чытай кнігі на ўкраінскай мове!” А ён не жадаў чытаць. І тады сказаў: “Едзь і вучыся там па-расейску”.

Malaryta - Маларыта

(Карэспандэнт: ) “Ён паступіў і недзе вучыцца ў Расеі?”

(Ірына: ) “Дзіма, куды ты будзеш паступаць?” — “У Пермскі політэхнічны інстытут”.

(Карэспандэнт: ) “А паступіў куды?”

(Ірына: ) “А паступіў у ПТВ”.

Гэтая сытуацыя цікавая яшчэ і тым, што дзед расейскага ўнука Ўладзімер Харсюк — старшыня суполкі ўкраінскага культурніцкага аб’яднаньня “Просьвіта”. Ён апантана змагаецца за захаваньне мовы і культуры свайго народу на абшарах Маларыцкага раёну Берасьцейшчыны.

Два гады таму спадар Харсюк удзельнічаў у перадачы “Палітычная геаграфія”. Запіс з архіву Радыё Свабода. Гаворка ідзе пра стасункі з уладамі:

Malaryta - Маларыта (Харсюк: ) “Настолькі сталі яны да нас агрэсіўна ставіцца, што нават выдумалі, што Харсюк хоча адрэзаць Палесьсе да Ўкраіны. А я хачу, каб была справядлівасьць. Мы ня маем ні газэты, ні школы — нічога! Гэта справядлівасьць? Не, гэта распальваньне нянавісьці між народамі. Садок дзіцячы... А напраўду што гэта? Па-мойму, унівэрсытэт русіфікацыі. Там закладаюць русафільскую думку, што адна мова прыгожая, а іншая — сялянская”.

Каб бараніць роднае ўкраінскае і суседзкае беларускае Ўладзімер Харсюк запісаўся ў БНФ. У тутэйшую суполку ўваходзіць яшчэ адзін Уладзімер — Малей. Колішні камандзір ракетнай батарэі войскаў стратэгічнага прызначэньня, маёр, на дадзены момант дэпутат раённага савету. Некалі тутэйшая вэртыкаль перакрыла ў кватэрах гарачую ваду з прычыны, як яны патлумачылі, нястачы сродкаў. А спадар Малей дамогся, каб трубы былі цёплымі хоць пару дзён на тыдзень. Ён кажа, што тымі дзеяньнямі абудзіў народныя масы і заваяваў сымпатыю выбарцаў.

Запіс зь першай перадачы “Палітычная геаграфія”:

(Малей: ) “Праходзіць адзін тыдзень без гарачай вады, другі тыдзень... Я іду па вуліцы, жанчыны, што гуляюць з малымі дзецьмі на двары, падыходзяць і кажуць: “Давайце нешта зробім, у нас жа вады няма, невыносныя ўмовы!” “О, — кажу, — нарэшце расплюшчылі вочы!”

Malaryta - Маларыта

Дэпутацкая дзейнасьць раённага маштабу натхніла Ўладзімера Малея балятавацца ў Нацыянальны сход. Паводле афіцыйных зьвестак, у Маларыце за яго прагаласавала 40%. Новае інтэрвію са спадаром Малеем.

(Карэспандэнт: ) “Спадар Малей, вы зьяўляецеся дэпутатам раённага савету. Калі браць перадвыбарчую праграму, што зрабілі і чаго не ўдалося?”

(Малей: ) “Цэнтральная вуліца Савецкая больш-менш асфальтаваная, але ў маёй акрузе ёсьць вуліца Лермантава, якая з 1962 году не асфальтаваная. Цяпер тут пабудавалі кавярні і прыватныя крамы. У добрае надвор’е людзі п’юць піва. А калі пройдзе машына, пыл ляціць на гэтых людзей. У сваёй праграме я ставіў на мэце забавязаць райвыканкам заасфальтаваць гэтую вуліцу. Ужо пайшоў трэці год, і кожны раз улады кажуць: няма грошай! Я пляную актывізаваць выбарцаў, будзем зьбіраць подпісы і патрабаваць, каб гэта было выканана”.

(Карэспандэнт: ) “А якія ўзаемаадносіны ў вас з раённай вэртыкальлю?”

(Малей: ) “Ад 2000 году я нідзе не працую. Я скончыў Беларускі інстытут правазнаўства, юрыст і маю практычны досьвед працы. У Маларыцкім райвыканкаме зьявілася вольная пасада начальніка аддзелу працы і сацыяльнай абароны насельніцтва. Паўгоду нікога не маглі знайсьці. Я напісаў да старшыні райвыканкаму просьбу ўзяць мяне на гэтую працу. Як толькі я зьвярнуўся, старшыня сказаў, што яны ўжо знайшлі чалавека. На гэтую пасаду ён прызначыў сваю жонку”.

Беспрацоўе ў Маларыце ёсьць. Калі верыць статыстыцы, яно трымаецца ў межах некалькі адсоткаў. А колькі яго схаванага, ніхто і ня ведае. Ад самага ранку пэрон чыгуначнай станцыі забіты людзьмі. Штодня прыкладна дзьве сотні чалавек езьдзяць на працу ў Берасьце.

(Спадар: ) “У Маларыце знайсьці працу вельмі цяжка. Месцы ёсьць, але там мала плацяць. І людзі езьдзяць працаваць у Берасьце: гадзіна туды і гадзіна назад. У абласным цэнтры працу знайсьці можна, каб можна было сябе пракарміць”.

Malaryta - Маларыта

У тутэйшым райвыканкаме я хацеў уведаць толькі адну лічбу: колькі працоўных месцаў створана ў горадзе за апошнія гады? Размова з чыноўнікам аказалася кароткай і ня надта зьмястоўнай.

(Чыноўнік: ) “Начальнік у адпачынку. Інфармацыяй па беспрацоўных я не валодаю — гэта не мае абавязкі”.

(Карэспандэнт: ) “А пра Хаціслаўскае радовішча. Яно ў вас распрацоўваецца ці не?”

(Чыноўнік: ) “Размовы вядуцца, але ня болей за гэта. То пачынаецца рух, то зноў прыпыняецца. Пакуль ніякіх асаблівых зрухаў няма”.

Згаданае Хаціслаўскае радовішча знаходзіцца непадалёк ад Маларыты. Тут самы якасныя ў Беларусі пясок і крэйда. Уражваюць і аб’ёмы: 215 мільёнаў тонаў і 50 мільёнаў кубічных мэтраў адпаведна. І ўсё гэтае дабро ляжыць на паверхні, ніякіх адмысловых капальняў будаваць ня трэба. Распрацоўка радовішча дапамагла б палегчыць жыцьцё Маларыты — у тым ліку зьліквідаваць беспрацоўе і зьлезьці з датацыяў. А раён, між іншым, на 70% фундуецца з нацыянальнага і абласнога бюджэтаў. Аднак тутэйшыя ўлады ня могуць вырашыць самай галоўнай праблемы — знайсьці інвэстара.

Пры мікрафоне мясцовы паэт Аляксандар Ізьбіцкі. Верша пра Хаціслаўскае радовішча ў яго няма, але кажа, што не заўважаць праблемы немагчыма.

(Ізьбіцкі: ) “Яно на якім роўні было, на такім і засталося — на мізэрным роўні. А ў сапраўднае прадпрыемства, якое тут павінна было быць, яно ня вырасла. Дарога, якая туды пабудаваная, не выкарыстоўваецца. Усё стаіць бяз справы”.

(Карэспандэнт: ) “А людзі ў Маларыце ведаюць пра выбары, што будуць 2006 годзе?”

(Ізьбіцкі: ) “Простыя людзі — не, а набліжаныя да начальства — так. Тыя рыхтуюцца і ўжо ведаюць вынікі галасаваньня. Ужо ўсё вырашана. А калі б было сапраўднае галасаваньне, то Лукашэнка ня быў бы другі тэрмін ля ўлады”.

Malaryta - Маларыта

Спадар Ізьбіцкі даўно на пэнсіі. Жыве толькі на тое, што плаціць дзяржава. Ён прызнаецца, што раней, калі было здароўе, займаўся чаўночным гандлем — з аднаго боку тут Украіна, зь іншага Польшча. Цяпер жа на штодзённыя цяганьні празь мяжу бракуе сілаў.

На зьмену такім, як Аляксандар Ізьбіцкі, прыходзяць маладыя. Прадстаўніком новай хвалі мог бы стаць Віця. Але, паводле ягонага ўласнага азначэньня, хлопец зьяўляецца інтэлектуальна разьвітай асобай і далёкі ад памежнага гандлю. Віця рыхтуецца да паступленьня ва ўнівэрсытэт.

(Віця: ) “Ня вельмі весела. Няма куды схадзіць у вольны час. Можна адзін раз на тыдзень наведацца на дыскатэку. А кіно няма. Быў у нас кінатэатар, разваліўся. На ягоным месцы пабудавалі нейкі сацыяльны цэнтар. Для чаго, нікому не вядома”.

(Карэспандэнт: ) “А чым моладзь тады займаецца?”

(Віця: ) “Швэндаюцца па горадзе туды-сюды. Увечары на вуліцах розны бандытызм квітнее. Нядаўна ў нас адкрыўся дыска-клюб. Увечары побач лепей не праходзіць. Страшна, бо могуць у галаву бутэлькай кінуць, а могуць і нажом ударыць”.

(Карэспандэнт: ) “А міліцыя?”

(Віця: ) “Самі там гуляюць”.

Malaryta - Маларыта

(Карэспандэнт: ) “Ці ёсьць нейкія пэрспэктывы для моладзі?”

(Віця: ) “Я б сказаў, што няма. Мне б хутчэй адсюль вырвацца. Няма дзе працаваць! Няма чаго рабіць! Цыгарэты, гарэлка, сьпірт — возяць з Украіны ў Польшчу”.

(Карэспандэнт: ) “Ці шмат грошай прыносіць такі занятак?”

(Віця: ) “За адзін раз да 20 даляраў можна зарабіць толькі на адным паліве”.

Пэрспэктыва заробку 20 даляраў на дзень не спакушае Віктара. Ён цьвёрда вырашыў пакінуць родную Маларыту ў пошуках лепшага.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG