Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

13 красавіка ў вайсковым шпіталі памёр ад цяжкай хваробы вядомы журналіст і рэдактар, пісьменьнік, грамадзкі дзеяч Міхаіл Кацюшэнка. Яму было 69 гадоў.

З канца 1970-х Міхаіл Кацюшэнка рэдагаваў газэту беларускага камсамолу «Знамя юности», якая шмат гадоў была найбольш тыражным выданьнем краіны для дарослых чытачоў і, на думку многіх, рыхтавала ў Беларусі глебу для дэмакратычных пераменаў.

Былы старшыня саюзу журналістаў Беларусі Леанід Екель на пачатку 1980-х гадоў працаваў намесьнікам рэдактара «Знамя юности» Міхаіла Кацюшэнкі. Паводле Леаніда Екеля, гэта ў Міхаіла Кацюшэнкі ён вучыўся прафэсійным і рэдактарскім якасьцям, якім застаўся адданы на ўсё жыцьцё.

«Як рэдактар ён быў сьмелы і мужны. І для яго было найпершым тое, каб газэту бралі ў рукі і абмяркоўвалі.

Гэта пры ім у нас цэлымі палосамі пайшлі судовыя нарысы, якіх раней ніхто не даваў. Рэзананс у грамадзтве быў вялікі.

Але ён і сам выдатна валодаў пяром журналіста, меў і выдатны пісьменьніцкі дар. Яшчэ як рэдактар меў выключную ўчэпістасьць. Мог адным вокам глянуць на паласу, калі ўжо трэба было падпісваць, і ўмомант знаходзіў слабое месца, каб яшчэ нешта выправіць.

Пры ім зьнешняе аблічча газэты значна зьмянілася, і тут мы сталі наперадзе. Але самае важнае, што ён на першым месцы ставіў інтарэсы газэты, не зьвяртаючы ўвагі на тое, што потым скажуць у вышэйшых інстанцыях. Далейшае браў на сябе, а журналістам ствараў усе магчымыя ўмовы для творчасьці.

У той час варʼяцтвам выглядала паказваць, што нешта ў камсамоле дрэнна, але ў нас крытычныя матэрыялы зьяўляліся рэгулярна. І ня толькі пра справы камсамольскія, а пра праблемы ў грамадзтве, у эканоміцы. Прычым крытыка была не па вярхах, а істотная.

Як вынік, газэта ішла вельмі добра. Пры ім наклад „Знамени юности“ сягнуў амаль да 800 тысяч, больш мела толькі „Зорька“.

Пры ім матэрыялы не здымаліся з паласы, не адкладаліся на потым. „Лепш хай паляжыць“ — гэтага ніколі не было. Таму і такі быў рэзананс».

Да прыходу ў «ЗЮ» Міхаіл Кацюшэнка працаваў у аддзеле прапаганды ЦК беларускага камсамолу. Цяперашні супрацоўнік «БелаПАН» Юры Вельтнер, які двойчы за журналісцкую карʼеру працаваў пад кіраўніцтвам Міхаіла Кацюшэнкі, згадаў, як той бараніў сваіх падначаленых ад гневу камсамольскіх і камуністычных чыноўнікаў.

«У нас у „Знамёнцы“ карэспандэнтам па Гарадзенскай вобласьці працаваў Анатоль Ярась, бліскучы журналіст, паэт. І вось на Вялікдзень Толя разам са сваёй дзяўчынай наведаў царкву, а абласному начальству пра гэта стала вядома.

Была там такая начальніца Бірукова, камсамольская ці партыйная, ужо ня памятаю. Яна даслала ў газэту ліст „пра паводзіны“ карэспандэнта камсамольскай газэты, якія „не адпавядаюць“. Патрабавала строга пакараць.

Але Міша (а мы, хто крыху старэйшы, гэтак яго называлі) ламаў галаву, як Толю не пакараць, а ўратаваць. І ў выніку проста з таго месца звольнілі, а потым узялі на працу ў цэнтральную рэдакцыю. Не, пры ім рэпрэсіяў супраць журналістаў проста не магло быць.

Ці са мной самім быў выпадак. Мікалай Чаргінец, які тады працаваў у Саўміне, паскардзіўся ў газэту на матэрыял з суду, калі маці беларускіх аўганцаў судзіліся са Сьвятланай Алексіевіч з-за кнігі „Цынкавыя хлопчыкі“. Не спадабалася, бачыш, Чаргінцу, як мы асьвятлілі гэты працэс. Аўтарам быў ня я, а Жэня Сулыга, але да друку рыхтаваў матэрыял я. Выклікаў Кацюшэнка, фармальна даў нам вымовы, а сам паціснуў руку.

Вядома, перабудова да нас прыйшла пасьля таго, як Кацюшэнку ўжо замянілі і адправілі на вучобу ў Акадэмію грамадзкіх навук, але фактычна ён заклаў фундамэнт, на якім потым, у другой палове 1980-х, газэта стала адным з самых перабудовачных выданьняў Беларусі.

А ў 1992 годзе Міхаіл зноў прыйшоў на капітанскі мосьцік газэты, і тады выявілася, што ён ня толькі таленавіты журналіст ды пісьменьнік, але і таленавіты мэнэджэр. Бо прыйшлі большыя свабоды, незалежнасьць, але ў эканамічным сэнсе выпускаць газэту стала вельмі цяжка.

А ён упраўляўся. У яго былі сувязі ва ўрадзе, ён асабіста добра знаў прэмʼера Вячаслава Кебіча, і гэта дапамагала.

Вядома, падняць да былых вышыняў газэту не ўдалося, бо немагчыма двойчы ўступіць у адну раку, але ён дапамог уратаваць карабель ад патапленьня, гэта так».

Аляксандар Класкоўскі, адзін з рэдактараў «Знамени юности» часоў перабудовы, згадаў, як пачалося яго знаёмства з рэдактарам Міхаілам Кацюшэнкам.

«1979 год, самы брэжнеўскі застой. Прызначылі нам новага рэдактара, а я тады толькі прыйшоў і працаваў у сакратарыяце. І вось урэзаўся ў памяць такі эпізод, бо мы ж шапталіся, што прыйшоў апаратчык з ЦК, зараз будзе гнаць афіцыёз. Прыношу раніцай макеты чарговага нумару, а быў нейкі сьвяточны нумар, 1 траўня ці што, дзе звычайна шмат афіцыёзу. Паказваю рэдактару, хвалююся, а ён раптам кажа, каб адклаў макеты. І дастае з шуфляды пляшку сухога віна, як цяпер памятаю, «Піно». Кажа, давай пачастуемся, тады і праца лепей пойдзе.

У мяне быў такі лёгкі шок, але ён потым даказаў, што насамрэч праца для яго на першым пляне. І ўся рэдакцыя хутка была ў добрым сэнсе шакаваная, наколькі лібэральных поглядаў прыйшоў да нас чалавек.

Мяркую, гэтак было зь ім таму, што сам ён адчуваў сябе яшчэ і пісьменьнікам, шмат пісаў, вельмі давяраў моладзі. Ён набраў новых людзей, таленавітыя былі кадры, маладыя журналісты пры ім хутка расьлі ў творчым пляне, бо давер акрыляў. На тле брэжнеўскіх стагнацыйных часоў гэта было вялікім кантрастам.

І «Знамя юности» на тле афіцыёзных выданьняў была газэтай вельмі папулярнай, зь велізарным накладам. Яе выпісвалі і за межамі Беларусі, у Сыбіры, на Далёкім Усходзе, у Прыбалтыцы. То бок гэта рэальна быў флягман беларускай тагачаснай журналістыкі.

Там былі такія папулярныя рубрыкі, як «Сатырычны аддзел „Пятніца“, „Клюб аматараў фантастыкі“, хоць партыйныя функцыянэры вельмі падазрона ставіліся да фантастыкі, ім паўсюль мроілася крамола.

Гэтыя людзі, як Кацюшэнка, як Генадзь Бураўкін, які таксама нібыта працаваў у той камуністычнай сыстэме, — яны рассоўвалі рамкі існага, нават у тыя часы шмат рабілі, каб людзі мысьлілі самастойна і каб існавала моцная і сумленная журналістыка, наколькі тады гэта было магчыма.

Думаю, тыя, хто працаваў разам зь Міхаілам Кацюшэнкам у „Знамёнцы“, зь вялікім смуткам успрынялі гэтую нечаканую навіну».

Выпускнік журфаку БДУ, Міхаіл (Міхась) Кацюшэнка працаваў у газэце «Чырвоная зьмена», у ЦК беларускага камсамолу, намесьнікам галоўнага рэдактара часопісу «Крыніца» і галоўным рэдактарам беларуска-нямецкага часопіса «Евростиль». Быў галоўным рэдактарам газэты «Знамя юности». Аўтар дзевяці кніг, якія выйшлі ў Беларусі, Маскве і Варшаве, сябра Саюзу пісьменьнікаў і Саюзу журналістаў Беларусі, кандыдат філялягічных навук.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG