Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Год таму афіцыйны Кіеў абвясьціў пра антытэрарыстычную апэрацыю на ўсходзе Ўкраіны, дзе свае парадкі пачалі ўсталёўваць прарасейскія сэпаратысты з самаабвешчаных Луганскай і Данецкай народных рэспублік.

Ваенныя дзеяньні спрычыніліся да масавага адтоку людзей з зоны канфлікту: згодна з дакладам ААН, агульная колькасьць уцекачоў з Данбасу ўшчыльную наблізілася да 2 мільёнаў чалавек. Зь іх 1 мільён 178 тысяч пераехалі ў цэнтральныя і заходнія рэгіёны Ўкраіны, больш за 625 тысяч зьехалі ў Расею, 81 тысяча знайшла прытулак у Беларусі.

Галоўны рэдактар старэйшага ў рэгіёне выданьня «Данбас» Аляксандар Брыж разам зь сям’ёй спачатку перабраўся ў Кіеў, потым у Запарожжа, нарэшце было прынятае рашэньне асесьці ў цэнтральнай Украіне, у Чаркасах. Адсюль спадар Брыж працягвае выпускаць газэту для тых, хто адважыўся перачакаць вайну ў родных мясьцінах:

«Пасьля прыходу да ўлады на частцы тэрыторыі вобласьці так званай ДНР мы вымушана прыпынілі выпуск газэты. Замест гэтага арганізаваная своеасаблівая онлайн-рэдакцыя, калі журналісты працуюць у розных месцах. У тым ліку ў Данецку, дзе карэспандэнты знаходзяцца, па сутнасьці, на нелегальным становішчы, на тэрыторыі гарадоў, не захопленых сэпаратыстамі — у Марыюпалі, Дзімітраве, Краматорску, у іншых месцах, куды людзі разьехаліся. Вёрстку арганізавалі ў Марыюпалі, друк — у Запарожжы. Ну, і ўжо адтуль пошта пастаўляе газэту на вызваленыя тэрыторыі Данецкай вобласьці.

Адзінае, што пасьля расколу вобласьці на дзьве часткі на захопленай тэрыторыі пошта перастала працаваць, пастаўляць туды газэту стала немагчыма. Так, у студзені мінулага году наклад выпуску з тэлепраграмай быў 32 тысячы асобнікаў. Пачынаючы з чэрвеня, мы замест трох разоў пачалі выходзіць ужо раз на тыдзень, і да ліпеня наклад таўстушкі А-3 зьвёўся да 10 тысяч, бо на акупаваныя тэрыторыі няма доступу, а з пачатку гэтага году падпісны наклад газэты — усяго 3 600 экзэмпляраў. Па сутнасьці, сэпаратысты забілі наша выданьне. Цяпер выхад газэты стратны, цягне за сабой адны толькі выдаткі».

Багата жыхароў украінскага ўсходу пад уплывам крамлёўскай прапаганды павыяжджалі ў суседнія вобласьці Расеі. Менскаму блогеру Андрэю Кабанаву падчас нядаўняй вандроўкі па расейскай глыбінцы ўдалося паглядзець, як уладкоўваюцца ўцекачы ў Растоўскай і Варонескай абласьцях:

Андрэй Кабанаў

Андрэй Кабанаў

«У той канкрэтнай сям’і, зь якой я кантактаваў, былі мужчына, яго жонка, дачка і маленькая ўнучка. Назад у Славянск ехаць ня хочуць, хоць там ужо і няма ніякіх сутыкненьняў — проста ў галавы сям’і зяць у нейкіх структурах ДНР і пакуль не дае каманды на вяртаньне. А са словаў мясцовага насельніцтва, як я зразумеў, такім „дармаедам“ ня вельмі рады. Ну чаго ім клапаціцца? Прыехалі на курорт, восем месяцаў жывуць, іх кормяць, пояць, апранаюць, працаваць яны ня хочуць.

Нават гаспадар гатэля ня раз прапаноўваў: ідзіце дапамажыце па гаспадарцы, заплачу — няма жаданьня. Зрэшты, гатэль атрымлівае добрую матэрыяльную кампэнсацыю ад дзяржавы, гаспадар вельмі задаволены. Скажам, нумар на суткі каштуе 1000–-1500 расейскіх рублёў, а калі жыве пяць чалавек, ён за кожнага мае па 800 рублёў, то бок адразу 4000. Чаму невыказна рады, купіў сабе новы джып. Так што „дзярбан“ грошай ідзе вельмі актыўны, і чыім коштам вайна — можна толькі здагадвацца. Усім выгодна, ідзе зарабляньне грошай з усіх бакоў».

Здараецца, украінскіх уцекачоў без асаблівага зь імі ўзгадненьня закідваюць у самыя аддаленыя раёны Расеі. Жыхар Іркуцку, актывіст беларускага нацыянальнага руху Алег Рудакоў пацьвярджае, што вялікая колькасьць перасяленцаў з Украіны спрабуе наладжваць жыцьцё як у Прыбайкальлі, так і па той бок Байкалу. Як рэагуюць людзі на тое, што апынуліся за многія тысячы кілямэтраў ад сваёй радзімы?

Алег Рудакоў

Алег Рудакоў

«Ведаеце, цяжка адназначна сказаць, бо насамрэч людзі збольшага заклапочаныя побытавымі пытаньнямі. Тое, што бежанцы ў нас ёсьць, — гэта факт, бо зь імі таксама кантактуе актыўны ўдзельнік беларускага руху Аляксей Церахаў, сябра Грамадзкай палаты Іркуцкай вобласьці. Ён з адмысловай дэлегацыяй езьдзіў, глядзеў, як уладкоўваюцца тыя ўцекачы.

Пару чалавек я сам сустракаў, размаўляў. Але, яшчэ раз кажу, пытаньні іх перадусім хвалююць толькі тыя, якія тычацца іх эканамічнага ўсталяваньня, атрыманьня дапамогі, дзе дах знайсьці, каб недзе засяліцца. Бо ёсьць і хворыя дзеці, і хворыя старыя бацькі. Праблемаў на самой справе шмат. Пра палітычныя пытаньні — чыя там праўда ў гэтым канфлікце — звычайна не размаўляюць. Хоць, дзеля справядлівасьці, ёсьць пэўныя людзі, якія могуць на камэру, зноў жа, паводле нейкага загаду, агучыць сваё нэгатыўнае стаўленьне: маўляў, улады Ўкраіны ваююць супраць уласнага народу, забіваюць жанчын і дзяцей і штосьці далей у гэткім жа духу. Толькі так, больш нічога».

У Беларусі зафіксавана больш за 80 тысяч украінскіх уцекачоў. І хоць беларускія ўлады абяцалі вымушаным перасяленцам рэжым найбольшага спрыяньня, абмежаванасьць рэсурсаў не дазваляе гэтага зрабіць.

Андрэй Гініх

Андрэй Гініх

Андрэй Гініх прыехаў з жонкай і двума малымі дзецьмі са Славянску. Найперш ратаваўся сам, бо падпадаў пад мабілізацыю з абодвух бакоў, але не хацеў служыць нікому. У Беларусі зьмянілі ўжо некалькі месцаў жыхарства — раней ці пазьней узьнікалі праблемы зь легалізацыяй і, адпаведна, працай. Як і многія выхадцы з Данбасу, адказнасьць за наступствы канфлікту ўскладае на афіцыйны Кіеў, які, ягонымі словамі, «ніколі не лічыў жыхароў усходу за людзей»:

«На момант пачатку баявых дзеяньняў я перавёз сваю сям’ю пад Славянск, у гарадок Мікалаеўка, літаральна за 10 кілямэтраў ад Славянску. Спачатку гэта быў пасёлак, але насельніцтва перавысіла 15 тысяч, і ён атрымаў статус гораду. Там было, скажам так, адносна ціха. Справа ў тым, што я адтуль зьехаў першы, а мая сям’я — дзесьці на тры тыдні пазьней. Дык вось апошні час яны ўжо спалі на падлозе ў калідоры, бо пачаліся абстрэлы Мікалаеўкі.

Я перакананы, што ўкраінскія войскі і тады, і цяпер (а я кантактую зь людзьмі, якія заставаліся ў Славянску на той час, калі я ўжо зьехаў, і цяпер там знаходзяцца) ніякім чынам не ўступалі ў непасрэдныя сутыкненьні з апалчэньнем ДНР. То бок — бралі і адпрацоўвалі па горадзе артылерыяй. У нас там ёсьць мікрараён Арцёма, выключна спальны раён. Там Славянскі дзяржаўны пэдунівэрсытэт, там шмат студэнцкіх інтэрнатаў, школаў, садкоў. Натуральна, вялікая колькасьць 9—14-павярховых дамоў. У мікрараёне жыве, мабыць, 10 тысяч чалавек, як мінімум. Дык вось, дзесьці на пачатку мінулага траўня яны пачалі адпрацоўваць па Арцёму артылерыяй. Як пасьля гэтага я магу ставіцца да такой улады?»

Паводле афіцыйнай справаздачы ўпраўленьня ААН па каардынацыі гуманітарных пытаньняў, колькасьць загінулых за ўвесь пэрыяд збройнага канфлікту ў Данецкай і Луганскай абласьцях перавысіла 6 тысяч чалавек, звыш 15 тысяч атрымалі раненьні ці былі пакалечаныя.

XS
SM
MD
LG