Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сіўчыка будуць судзіць за лёзунгі «Жыве Беларусь» і «Слава героям»


Вячаслаў Сіўчык на сустрэчы з выбарцамі 23 верасьня
Вячаслаў Сіўчык на сустрэчы з выбарцамі 23 верасьня

У Цэнтральным РУУС Менску апазыцыянэру Вячаславу Сіўчыку не паказалі рапарт, які быў складзены на яго за ўдзел у акцыі 23 верасьня, але папярэдзілі, каб чакаў позвы ў суд. Вячаслаў Сіўчык апавёў Свабодзе пра вынікі свайго візыту ў райаддзел міліцыі 1 кастрычніка «для дачы тлумачэньняў».

«Даваць тлумачэньні я адмовіўся. Напісаў, што ня згодны з пратаколам, у якім сказана, што мяне абвінавачваюць у незаконным пікетаваньні. Знайшлі падставу — што выкрыкваў лёзунгі „Жыве Беларусь“ і „Слава героям“! Прычым адмовіліся паказваць мне рапарт, які на мяне склалі, толькі паказалі тлумачэньні міліцыянтаў, але бязь іх асабістых зьвестак. Тлумачэньні напісаныя пад капірку. У выніку сказалі, што прышлюць позву ў суд», — сказаў Сіўчык.

Кіраўнік руху салідарнасьці «Разам» Вячаслаў Сіўчык 23 верасьня на менскай плошчы Свабоды выступіў перад удзельнікамі сустрэчы выбарцаў, якую склікаў Мікалай Статкевіч. Былы кандыдат на прэзыдэнта Мікалай Статкевіч запрашаў на сустрэчу Аляксандра Лукашэнку, каб задаць яму 5 пытаньняў адносна ягонага прэзыдэнцтва, аднак кіраўнік дзяржавы на сустэчу з выбарцамі на плошчы Свабоды не прыйшоў. Вячаслаў Сіўчык кажа, што сам ён ня мог ня ўдзельнічаць у гэтай акцыі, а таксама ня мог не зьвярнуцца да выбарцаў з прамовай:

«Гэта быў мой абавязак. У тым ліку я казаў пра тое, якая ёсьць самая вялікая небясьпека сёньня для Беларусі, — гэта агрэсіўны пуцінскі рэжым у Расеі. Таму я хацеў убачыцца з Лукашэнкам падчас гэтай сустрэчы, каб пра гэта заявіць, але ён пабаяўся прыйсьці да беларусаў. Ён прыйсьці пабаяўся, а на тых, хто выступіў перад людзьмі, складаюць незаконныя пратаколы».

30 верасьня за ўдзел у акцыі на плошчы Свабоды Цэнтральным судом Менску былі пакараныя грашовымі штрафамі лідэры апазыцыі Мікалай Статкевіч, Уладзімер Някляеў і Анатоль Лябедзька. Вячаслаў Сіўчык стаў чацьвёртым удзельнікам акцыі, на каго быў складзены пратакол за адміністрацыйнае парушэньне.

Улады паказваюць, што нават мінімальна ня могуць правесьці выбарчую кампанію гэтак, як трэба

Вячаслаў Сіўчык мяркуе, што рэпрэсіі супраць удзельнікаў акцыі 23 верасьня дэманструюць сапраўдныя намеры ўладаў:

«Дзякуючы міліцыянтам з Цэнтральнага РУУС беларускія ўлады паказваюць, што нават мінімальна ня могуць правесьці выбарчую кампанію гэтак, як трэба. Здавалася, падчас выбарчай кампаніі падобныя пратаколы ня мусяць складацца, а лёзунгі кшталту „Жыве Беларусь“ ці „Слава героям“ ня могуць станавіцца прыкметай правапарушэньня. Але ў нас могуць. Між тым ва ўсім сьвеце людзі маюць права выказвацца пра дзеючую ўладу, асабліва падчас выбарчай кампаніі. Атрымліваецца, беларусы пазбаўленыя такіх правоў і нават у сытуацыі, калі Лукашэнка чакае вылучэньня заходніх крэдытаў, ягоная рэпрэсіўная машына не спыняецца».

Апазыцыйны актывіст Вячаслаў Сіўчык зьехаў зь Беларусі ў канцы 2010 году пасьля разгону мітынгу пратэсту супраць фальшаваньня прэзыдэнцкіх выбараў 19 сьнежня 2010 году. Свой ад’езд апазыцыянэр тлумачыў рэпрэсіямі ўладаў. Пасьля амаль 5 гадоў жыцьця ва Ўкраіне ў сярэдзіне верасьня 2015 году Вячаслаў Сіўчык вярнуўся ў Беларусь і адразу ўключыўся ў палітычнае жыцьцё краіны.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG