Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Затрымалі старшыню Ўзьдзенскага райвыканкаму


Вячаслаў Пахольчык

Вячаслаў Пахольчык

Сьледчы камітэт Беларусі паведаміў, што паводле абвінавачаньня ў атрыманьні хабару затрымалі старшыню Ўзьдзенскага райвыканкаму і дырэктара «Ўзьдзенскага райаграсэрвісу». Паводле афіцыйных зьвестак, раённыя чыноўнікі атрымалі хабар — 8 тысяч эўра.

«Службовыя асобы былі затрыманыя супрацоўнікамі ўправы па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Менгарвыканкаму ў момант атрыманьня хабару памерам 8 тысяч эўра ад прадстаўнікоў вядомага замежнага вытворцы сельскагаспадарчай тэхнікі за арганізацыю заключэньня кантракту і перамогу ў тэндэры», — паведамілі ў Сьледчым камітэце.

Прозьвішчаў затрыманых сьледчыя не раскрылі.

Ва Ўзьдзенскім райвыканкаме пацьвердзілі, што затрыманыя старшыня райвыканкаму Вячаслаў Пахольчык і дырэктар райаграсэрвісу Аляксандар Біч. «Затрымалі на тэрыторыі раёну, гэта было ў мінулы чацьвер ці пятніцу», — сказала крыніца з райвыканкаму.

Ці прызнае сябе вінаватым у хабарніцтве Вячаслаў Пахольчык?

Першы намесьнік старшыні Ўзьдзенскага райвыканкаму Міхаіл Беразоўскі гэтак адказаў карэспандэнту Свабоды:

«Ведаю ня больш за тое, што кажуць па тэлевізары і што пішуць у інтэрнэце. Я зь ім не сустракаюся».

Паводле Міхаіла Беразоўскага, сам ён надалей працуе першым намесьнікам старшыні райвыканкаму, то бок абавязкаў старшыні ў сувязі з затрыманьнем Вячаслава Пахольчыка на яго не ўскладалі.

Таксама спадар Беразоўскі абверг зьвесткі, што затрыманы дырэктар «Узьдзенскага райаграсэрвісу» Аляксандр Біч — сваяк Вячаслава Пахольчыка. «Гэта глупства», — сказаў Міхаіл Беразоўскі.

Што кажуць жыхары Ўзды пра затрыманага кіраўніка раёна? Ці вераць, што ён мог браць хабар?

Жыхар Узды Мікалай М., які прасіў не называць ягонага прозьвішча, да гісторыі з хабарам ставіцца асьцярожна.

«Адны ў яе адразу паверылі, другія — не. Мне ж падаецца, як чалавеку веруючаму, што пра гэта рана казаць, пакуль не было суду, бо „не судзіце і ня будзеце асуджаныя“. Што такі тэндэр праводзіўся, у раёне казалі. Сельскагаспадарчую тэхніку трэба паступова абнаўляць, вось і была выкарыстана дзяржаўная праграма. Кажуць, тэндэр праходзіў сёлета, а загаварылі пра яго яшчэ летась. Нібыта тэндэр быў на набыцьцё буракаўборачнага замежнага камбайна, які каштуе 300 тысяч эўра. Але чуткі пра хабар узьніклі толькі тры дні таму, як стала вядома пра затрыманьне Пахольчыка, раней пра гэта не казалі. І пра тое, што ён карупцыянэр, асабіста я ня чуў».

А што да абвінавачаньня ў хабары, дык з кім чаго ня можа здарыцца

Што кажуць ва Ўзьдзе пра асобу старшыні райвыканкаму Вячаслава Пахольчыка?

«Мне асабіста ён падаваўся прыстойным і гаспадарлівым чалавекам. Ён у нас недзе 3 гады, прыйшоў зь Нясвіскага раёну. Сам працаваў да позьняга, асабліва падчас сельскагаспадарчых кампаніяў, іншых гэтак жа прымушаў працаваць. Дамогся, каб летась ва Ўзьдзе прайшлі абласныя „Дажынкі“, дзякуючы гэтаму горад стаў прыгажэйшы. Заўсёды праз райгазэту віншаваў са сьвятамі вернікаў, прычым розных канфэсіяў, ціску ад яго нікому не было. Ад тых, хто зь ім непасрэдна працаваў, чуў, што ён паважліва ставіўся да іншай думкі. А што да абвінавачаньня ў хабары, дык з кім чаго ня можа здарыцца. Пра жыльлёвыя ўмовы вядома, што год таму жыў у службовай кватэры. Быў прыхільнікам здаровага ладу жыцьця і змагаўся з ужываньнем алькаголю».

Узьдзенскі раён — выключна сельскагаспадарчы, буйных прамысловых прадпрыемстваў тут няма. Паводле назіральнікаў, асноўныя фінансавыя патокі ў раён ідуць на пастаўкі сельгастэхнікі, набыцьцё прадукцыі сельскіх гаспадарак, угнаеньні, будоўлю.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG