Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На музэй Адамовіча ў Глушы сабралі 1 працэнт ад патрэбнай сумы


Алесь Адамовіч
Алесь Адамовіч

За 8 месяцаў на музэй Алеся Адамовіча сабрана тысяча са 100 тысяч рублёў, неабходных на рамонт будынка, які знаходзіцца ў пасёлку Глуша, што ў Бабруйскім раёне. Будынак не эксплюатаваўся два дзясяткі гадоў.

Сёлета ў лютым, калі адкрывалі дабрачынны рахунак, выказваўся спадзеў, што музэй прыме наведнікаў на 90-годзьдзе пісьменьніка. Такія пляны цяпер выглядаюць занадта аптымістычнымі.

Рупліўцы беларушчыны сьцьвярджаюць, што ўлада пераклала клопат збору сродкаў для музэю Адамовіча на грамадзкасьць.

Музэй Адамовіча мусіць фінансавацца зь дзяржаўнага бюджэту

Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры, як кажа яго кіраўнік Антон Астаповіч, ад 2010 году ставіць пытаньне пра адкрыцьцё ў Глушы музэя Алеся Адамовіча. Таварыствам распрацаваны архітэктурна-будаўнічы праект капітальнага рамонту будынка з выведзеным каштарысам работ. У цэнах 2014 году рамонт будынка вымагаў каля паловы мільярда недэнамінаваных рублёў. Антон Астаповіч заўважае, што гэта толькі сродкі на будаўнічую частку работ.

«Я ведаю, што абласная і раённая ўлада вельмі спадзяюцца на Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры ў прыцягненьні сродкаў на рамонт, але наша арганізацыя ня можа ўзваліць на сябе ўвесь цяжар такой адказнасьці», — канстатуе кіраўнік таварыства.

Антон Астаповіч лічыць, што рашэньне ўлады ў пытаньні адкрыцьця музэю палавінчатае і хутчэй дэкляратыўнае, чым канчатковае.

Будынак, у якім зьбіраюцца разьмясьціць музэй Адамовіча
Будынак, у якім зьбіраюцца разьмясьціць музэй Адамовіча

«Дзяржава павінна цаніць аднаго з найлепшых беларускіх пісьменьнікаў, публіцыстаў ды грамадзкіх дзеячаў, таму рашэньне пра адкрыцьцё музэю мае быць канчатковым і фінансаваньне на гэтую справу павінна быць выдзеленае зь бюджэту», — тлумачыць пазыцыю Таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры яе кіраўнік.

«Не павінна быць так, што дзяржава ўхіляецца ад свайго ўдзелу ў фінансаваньні работ і перакладае гэты клопат на плечы грамадзкасьці, — дадае суразмоўца. — Дзяржава нібыта чакае, што людзі пачнуць талакой скідвацца. За такую пазыцыю ўладзе мусіць быць сорамна».

Адамовіч — нацыянальны гонар Беларусі, а сродкі на музэй зьбірайце талакой

У будынку, які зьбіраюцца прыстасаваць пад музэй, некалі разьмяшчалася пасялковая аптэка. У ёй ад 1931 году спачатку шараговай аптэкаркай, а потым загадчыцай працавала маці Адамовіча Ганна Мітрафанаўна. Драўляны будынак — адзін зь нямногіх у Глушы, у якім часта бываў пісьменьнік. Дом гэты знаходзіцца на цэнтральнай вуліцы пасёлка — Кастрычніцкай.

Антон Астаповіч выказвае занепакой станам будынка. «Ён вельмі праблематычны», — кажа суразмоўца.

«Яго візуальнае абсьледаваньне праводзілася ў 2013 годзе. Цяпер сытуацыя вымагае паўторнага абсьледаваньня канструкцыяў. І толькі пасьля яго мы будзем ведаць, наколькі за чатыры гады дэградаваў будынак. На маю думку, дэградацыя ёсьць і аптэку мы паволі страчваем».

Будынак аптэкі звонку выглядае няблага. Прыбудова, аднак, разбураецца
Будынак аптэкі звонку выглядае няблага. Прыбудова, аднак, разбураецца

Дабрачынны рахунак для збору сродкаў на капітальны рамонт і стварэньне музэю адкрылі сёлета ў канцы лютага.

«Ідэя аб стварэньні музэю нашага славутага земляка абмяркоўваецца даўно. Таму сымбалічна, што менавіта ў Год культуры прынятае канчатковае рашэньне, што музэю быць, сродкі будзем зьбіраць на гэтую добрую справу ўсёй грамадой. Мы спадзяёмся падключыць да гэтага прамысловыя прадпрыемствы, прыватных спонсараў, грамадзкасьць і ўсіх, хто неабыякавы да творчасьці геніяльнага чалавека, які заслужана ёсьць нацыянальным гонарам Беларусі», — камэнтаваў адкрыцьцё рахунку начальнік галоўнага ўпраўленьня ідэалягічнай працы Магілёўскага аблвыканкаму Андрэй Кунцэвіч.

Каб грошы на музэй не пачалі зьбіраць у «прымусова-добраахвотным парадку»

І Антон Астаповіч, і дачка пісьменьніка Натальля Адамовіч адзначаюць руплівасьць Кунцэвіча ў справе адкрыцьця рахунку для музэю. Натальля Аляксандраўна пры гэтым заўважае, што музэй варта было ствараць шмат гадоў таму.

«Сяброў Адамовіча ўжо няма. У Глушы не засталося ніводнага чалавека з тых, якія зь ім ваявалі», — кажа яна.

Вуліца імя Адамовіча. Шыльды па-расейску
Вуліца імя Адамовіча. Шыльды па-расейску

«Я ўдзячная Астаповічу, што ён штурхае саму ідэю стварэньня музэю. Да яго далучэньня былі толькі размовы пра спонсараў. А дзе іх узяць? Усё ўпіралася ў адсутнасьць грошай. Я дзіўлюся, што будынак дагэтуль выстаяў. Прыйшоў у аблвыканкам Андрэй Кунцэвіч, і дзякуючы яму адкрылі дабрачынны рахунак. Хоць дужа няёмка, што зьбіраюцца грошы».

Натальля Аляксандра выказвае непакой, што грошы пачнуць зьбіраць на музэй у «добраахвотна-прымусовым парадку».

«Работнікі ўстаноў культуры вымушаныя будуць зь невялікіх сваіх заробкаў „ахвяраваць“ частку сваіх сродкаў. Вось за гэта няёмка, — кажа суразмоўца. — Я не хачу гэтага, бо што будуць пасьля казаць людзі? Выходзіць, дзяржава ня можа, а ў людзей забіраюць апошняе. Трэба даваць дзяржаве на культуру больш грошай, тады і праблемаў будзе меней у ёй».

Рэальных дзеяньняў з боку дзяржавы па збору сродкаў на музэй не відаць

Вядома, што на патрэбы музэю за 8 месяцаў сабрана блізу 1000 рублёў. Калі рахунак адкрылі, то заяўлялася, што работы па адкрыцьці музэю вымагаюць 1 мільярда недэнамінаваных рублёў — 100 000 на новыя.

Кіраўнік Магілёўскай абласной арганізацыі Таварыства беларускай мовы Яраслаў Клімуць — адзін з тых, хто патрабуе, каб улада актывізавала збор сродкаў. Руплівец беларушчыны кажа, што адкрываць музэй варта было б на 90-годзьдзе Алеся Адамовіча. Пры гэтым ён прызнае, што наўрад ці ўдасца тое зрабіць.

«Хатынская аповесьць» — знакавы твор Алеся Адамовіча пра «вайну пад стрэхамі»
«Хатынская аповесьць» — знакавы твор Алеся Адамовіча пра «вайну пад стрэхамі»

«Сродкаў на музэй сабралі зусім мала. Дзяржава ў гэтай справе асаблівага ўдзелу не бярэ. На словах яна падтрымлівае гэтую ініцыятыву, але пакуль мы ня бачым рэальных дзеяньняў. Мы хочам, каб сродкі зьбірала ня толькі грамадзкасьць, але і дзяржава далучыла свае структуры», — кажа Яраслаў Клімуць.

Два працэнты з бюджэту на культуру — і праблемаў зь ёй будзе меней

Дэпутатка Палаты прадстаўнікоў Алена Анісім возьме ўдзел у абмеркаваньні сытуацыі, якая складваецца вакол музэю Алеся Адамовіча. Магілёўскія рупліўцы беларушчыны, паводле Анісім, узяліся арганізаваць «круглы стол», падчас якога будуць гаварыць, як актывізаваць прыцягненьне сродкаў на музэй. Гэтую тэму зьбіраюцца абмяркоўваць і на камісіі адукацыі, культуры і навукі Палаты прадстаўнікоў.

У школьнай бібліятэцы нямала кніжак, падораных беларускімі пісьменьнікамі. Сяргей Законьнікаў адну са сваіх кніг прысьвяціў жыхарам Глушы, каб яны «Несьлі праз жыцьцё свой гонар і сумленьне, як ваш слаўны Зямляк Алесь Адамовіч»
У школьнай бібліятэцы нямала кніжак, падораных беларускімі пісьменьнікамі. Сяргей Законьнікаў адну са сваіх кніг прысьвяціў жыхарам Глушы, каб яны «Несьлі праз жыцьцё свой гонар і сумленьне, як ваш слаўны Зямляк Алесь Адамовіч»

«Вельмі важна, каб такая справа была клопатам дзяржавы і грамадзкасьці. Алесь Адамовіч — постаць у беларускай культуры вельмі знакавая, таму пытаньне адкрыцьця музэю павінна не адкладацца, а стаяць на парадку дня. Мы будзем дамагацца, каб у бюджэце закладаліся два працэнты на культуру. Тады з гэтых сродкаў можна мэтанакіравана браць грошы на падобныя рэчы, як адкрыцьцё музэю, а таксама на падтрыманьне аб’ектаў культуры. Музэй жа ня толькі ўстанова, якая паглынае грошы, яна можа і зарабляць», — выказалася Алена Анісім.

Плянуецца, што музэй у Глушы будзе музэем ваеннага летапісу «Вайна пад стрэхамі». Тут разьмесьцяць і экспазыцыю, прысьвечаную жыцьцю і творчасьці Алеся Адамовіча.

Дачка пісьменьніка Натальля Адамовіч адзначыла, што ў аптэчным будынку важна захаваць атмасфэру 1930-х гадоў, не парушыць аўтэнтыкі дома.

У 1996 годзе пасялковы савет і мясцовыя жыхары прапаноўвалі цэнтральнай вуліцы пасёлка надаць імя Адамовіча. Беларускі ПЭН-цэнтар, якім тады кіраваў Васіль Быкаў, ды Беларускі саюз пісьменьнікаў, на чале якога стаяў Уладзімер Някляеў, ініцыятыву падтрымалі. Яна, аднак, не была ўхваленая ўладаю. Вуліца імя Адамовіча ў Глушы ёсьць. Яна вядзе да мясцовай школы, якую ня раз наведваў пісьменьнік. Школа з расейскай мовай навучаньня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG