Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ужо сёньня: Міжнародны дзень інвалідаў


Акцыя пратэсту супраць недаступнасьці гарадзкога асяродзьдзя для інвалідаў, архіўнае фота
Акцыя пратэсту супраць недаступнасьці гарадзкога асяродзьдзя для інвалідаў, архіўнае фота

Падзеі 3 сьнежня ў беларускай і ўсясьветнай гісторыі, а таксама афіша на сёньня.

3 сьнежня адзначаецца Міжнародны дзень інвалідаў. Гэты дзень быў абвешчаны ААН у 1992 годзе, каб прыцягнуць увагу да праблемаў людзей з абмежаванымі магчымасьцямі, абароны іх годнасьці, правоў і дабрабыту.

Таксама ў гэты дзень

1586 — у Англію з Амэрыкі ўпершыню завезьлі бульбу.

1621 — Галілеа Галілей вынайшаў тэлескоп.

1775 — упершыню быў падняты амэрыканскі сьцяг.

1918 — Рада і ўрад Беларускай Народнай Рэспублікі пакінулі Менск.

1921 — у Менску створаная Беларуская кантора Дзяржбанку РСФСР. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь, утвораны ў 1991 годзе, лічыцца пераемнікам гэтай установы.

Нацыянальны банк
Нацыянальны банк

1955 — пры ЮНЭСКО заснавана Міжнароднае агенцтва па атамнай энэргетыцы (МАГАТЭ).

1965 — гурт The Beatles выпусьціў альбом Rubber Soul, які прынята лічыць пачаткам карэнных зьменаў у музыцы лівэрпульскай чацьвёркі.

Гурт The Beatles у аэрапорце Джона Кенэдзі. Нью-Ёрк, 1964 год
Гурт The Beatles у аэрапорце Джона Кенэдзі. Нью-Ёрк, 1964 год

1967 — паўднёваафрыканскі хірург Крыстыян Барнард упершыню ў гісторыі зрабіў пасьпяховую перасадку сэрца.

У гэты дзень нарадзіліся

1907 — беларускі паэт Рыгор Крушына.

1926 — беларускі паэт Янка Юхнавец.

Янка Юхнавец у Нью-Ёрку, 1992 год
Янка Юхнавец у Нью-Ёрку, 1992 год

1936 — савецкі праваабаронца, дысыдэнт і палітычны вязень Міхась Кукабака.

1948 — ангельскі рок-вакаліст Озі Осбарн.

1987 — Юры Лядаў, беларускі біятляніст

У памяці

1894 — памёр ангельскі пісьменьнік Робэрт Стывэнсан.

1919 — памёр францускі мастак П’ер-Агюст Рэнуар.

1994 — памерла Ірына Ждановіч, беларуская артыстка.

Што будзе?

У віленскім клюбе Loftas 3 сьнежня адбудзецца канцэртная прэзэнтацыя альбому «Псыхасаматыка» Лявона Вольскага. Гэта яго першы альбом пасьля сьмерці жонкі Ганны сёлета ў сакавіку. Грошы на выданьне «Псыхасаматыкі» сабралі праз краўдфандынгавую кампанію.

Фэстывалі і майстар-клясы

Фэстываль творчых магчымасьцяў

Фэстываль ставіць мэтай сфармаваць праз мастацкія сродкі станоўчы вобраз людзей з інваліднасьцю. У праграме фэсту: выстава дзіцячай творчасьці, майстар-клясы і канцэртная праграма.

Менск, Нацыянальны мастацкі музэй (вул. Леніна, 20)
Пачатак а 12:00.

Майстар-кляс па вулічным вязаньні

У суботу 3 сьнежня менчукоўги навучаць вязаць шапкі і шалікі для дрэваў. Такі занятак узьнік у ЗША ў 2005 годзе і атрымаў назву ярнбомбінг. Арганізатары абяцаюць, што зрабіць спальны раён больш яскравым атрымаецца нават у людзей, якія ніколі не трымалі ў руках вязальных прыладаў.

Апранутае ў швэдар дрэва насупраць касьцёла Сьвятой Ганны ў Вільні
Апранутае ў швэдар дрэва насупраць касьцёла Сьвятой Ганны ў Вільні

Копішча, мікрараён Новая Баравая, дзіцячая пляцоўка на вуліцы Леанадра да Вінчы, 2 (800 м ад прыпынку «Гінтаўта», 2 км ад станцыі мэтро «Ўручча»).
Пачатак а 12:00.
Уваход вольны.

Кінафэстываль «Чалавечая годнасьць, роўнасьць, справядлівасьць»

На працягу фэстывалю з 1 па 10 сьнежня менскія гледачы змогуць паглядзець стужкі пра чалавека і яго годнасьць, барацьбу за шчасьце насуперак абставінам. У межах кінафэсту 3 сьнежня будзе прадстаўлены італьянскі фільм «Грамадзянін нуль».

Менск, кінатэатар «Перамога» (Інтэрнацыянальная вул., 20).
Пачатак у 19:00.
Уваход вольны.

Канцэрты

Канцэрт гурту Nizkiz у Віцебску

Адной зь яскравых зьяваў апошніх гадоў у беларускай альтэрнатыўнай музыцы стала магілёўская каманда Nizkiz. Актыўную канцэртную і студыйную дзейнасьць хлопцы пачалі ў 2012-м, адразу ж згуртаваўшы вакол сябе аматараў насычанага гучаньня і адметнага голасу вакаліста.

Nizkiz: Па-беларуску выходзяць больш лірычныя і асэнсаваныя песьні

Віцебск, Бітл-клюб (Кастрычніцкая вул., 2).
Пачатак а 20:00.​
Квіткі: 13–15 рублёў.

Канцэрт украінскага гурту «Колір» у Гомелі

Украінскі гурт «Колір» працягвае свае гастролі па Беларусі і выступіць 3 сьнежня ў Гомелі. Напрыканцы лета музыкі з Адэсы выдалі альбом "Хто, як не ми«.​

Гомель, бар «Квартирник» (Білецкі спуск, 1).
Пачатак а 21:00.
Квіткі: 7 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG