Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Унікальная выстава старажытнага царкоўнага жывапісу ў Менску


У Нацыянальным мастацкім музэі пачала дзейнічаць выстава царкоўнага жывапісу Беларусі «Мір нябесны на зямлі».

Дзеля абразоў нават зьмянілі колер сьценаў музэю — зь белага на каралавы, які быў папулярны ў эпоху Барока. Каралавы — колер сьціпласьці ды імкненьня да мудрасьці, нагадвае пра ўзрост экспанатаў, большасьць якіх датуецца XVII-XVIII стагодзьдзямі.

Пэрлінка калекцыі, якая выстаўляецца ўпершыню, — гэта апостальскі рад з Брыгіцкага манастыра, які быў пабудаваны ў Горадні ў 1640-х гадах. Агулам, менская выстава налічвае каля ста рарытэтаў, сярод якіх «залаты запас» Нацыянальнага мастацкага музэю — крыжы, паціры ды арнат з фрагмэнтам гарадзенскага поясу.

Таксама на выставе можна пабачыць творы мастацтва сучасных іканапісцаў, якія працягваюць бізантыйскую традыцыю.

Ганаровым госьцем на адкрыцьці выставы «Мір нябесны на зямлі» стала Кацярына Фаронда, кіраўніца амэрыканскага дабрачыннага фонду «The Saviour» («Спас»). Кацярына прыляцела ў Беларусь са штогадовай місіяй, каб правесьці дабрачынную акцыю ў адным зь дзіцячых дамоў Менскай вобласьці.

— На выставу мяне запрашалі ў траўні, калі абразы выстаўляліся ў Ватыкане. На жаль, туды я не змагла прыехаць. Таму лёсавызначальна, што адразу пасьля прыезду ў родны Менск, я патрапіла на гэтую ўнікальную выставу, — распавяла Кацярына Фаронда.

Некаторыя праваслаўныя, каталіцкія і ўніяцкія абразы сапраўды вярнуліся ў Менск з падарожжа ў Ватыкан. Там іх змаглі ўбачыць каля двух мільёнаў турыстаў. Той міжнародны выставачны праект стаў сапраўднай падзеяй для Беларусі.

Марына Яўсейчык для Радыё Свабода,

фатаздымкі Кацярыны Фаронда

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG