Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ганьба, што ад Беларусі ў вольнай барацьбе на Алімпіядзе — адны дагестанцы, — чэмпіён сьвету Васіль Сюльжын


Джавід Гамзатаў змагаецца за бронзу супраць баўгарына Мікалая Байракова
Джавід Гамзатаў змагаецца за бронзу супраць баўгарына Мікалая Байракова

Заняпад шэрагу дысцыплінаў, якія яшчэ ня так даўно былі візытоўкамі беларускага спорту, прывёў да таго, што асобныя каманды на Алімпійскіх гульнях у Рыё-дэ-Жанэйра цалкам сфармаваныя зь легіянэраў.

Тупіковую сытуацыю ў беларускай спартовай гімнастыцы, якая калісьці грымела на ўвесь сьвет, а цяпер спрабуе выкараскацца за кошт натуралізаваных замежнікаў, у нядаўняй размове са Свабодай аналізаваў славуты гарадзенскі трэнэр Рэнальд Кныш.

Тым часам аналягічная карціна склалася ў адзінаборствах: з шасьці заяўленых атлетаў у вольнай і грэка-рымскай барацьбе толькі адзін родам зь Беларусі, астатнія прыехалі з Паўночнага Каўказу.

Як ва ўсясьветнай гімнастыцы заканадаўцамі моды былі Алена Ваўчэцкая, Вольга Корбут, Тамара Лазаковіч, Антаніна Кошаль, Нэлі Кім, Сьвятлана Багінская, Віталь Шчэрба, Іван Іванкоў ды іншыя, так навечна ў залю спартовай славы ўнесеныя імёны барцоў вольнага і клясычнага стыляў Алега Караваева, Аляксандра Мядзьведзя, Васіля Сюльжына, Ігара Каныгіна, Сяргея Смаля, Аляксандра Карніцкага, Валерыя Ціленьця, Дзьмітрыя Дзябелкі і г.д.

Мінула ня так шмат часу, і сёлета на Алімпіяду ў Рыё-дэ-Жанэйра ад Беларусі выправіўся дэсант з натуралізаваных каўказцаў. У грэка-рымскай барацьбе толькі Цімафей Дзейнічэнка родам з Гомеля. Саслан Даураў прыехаў з Паўночнай Асэтыі, а Джавід Гамзатаў — з Дагестану. У вольнай барацьбе этнічных беларусаў няма ўвогуле: Амаргаджы Магамэдаў, Ібрагім Саідаў і Асадула Лачынаў — землякі, усе родам з Дагестану.

На якім этапе пачаўся ўхіл у бок легіянэраў? Куды падзеліся мясцовыя самародкі? Адказы на гэтыя ды іншыя пытаньні спрабуе знайсьці славуты дужаньнік вольнага стылю, заслужаны майстар спорту, чэмпіён сьвету, двухразовы чэмпіён Эўропы Васіль Сюльжын.

— Васіль Пятровіч, вядома, цешыць, што Джавід Гамзатаў прынёс бронзавую ўзнагароду ў скарбонку зборнай Беларусі. Але дзе слаўная плеяда беларускіх выхаванцаў? Няўжо ў другім-трэцім пакаленьні скончыліся таленты?

— Цалкам згодны, што традыцыі фактычна страчаныя. Асабліва што тычыцца грэка-рымскай барацьбы — там сапраўды была цэлая плеяда зорак усясьветнай велічыні. Таму праўда ў вашых словах ёсьць: сытуацыя выглядае ненармальнай. І пакуль яшчэ ёсьць магчымасьць паспрабаваць адкруціць назад, трэба гэта рабіць. Але на гэтым трэба сурʼёзна засяродзіцца, не спадзявацца, што Каўказ нам дапаможа. Вядома, там барацьбой займаецца практычна ўсё мужчынскае насельніцтва, недахопу ў ахвотных ня будзе. Але ці гэта выйсьце?

— Чаго не хапае для выхаваньня ўласных спартоўцаў? Школаў, базаў нібыта дастаткова...

Цяперашняя моладзь ня надта хоча ісьці ў адзінаборствы, хоча мець лёгкі хлеб

— Па вялікім рахунку, у нас створаныя ўсе ўмовы: ёсьць спэцыялізаваныя інтэрнаты, школы алімпійскага рэзэрву. Адзінае, калі казаць шчыра, абʼектыўна слабаватыя трэнэрскія кадры. А самае галоўнае — цяперашняя моладзь ня надта хоча ісьці ў адзінаборствы, хоча мець лёгкі хлеб. Цяпер можна стварыць бачнасьць дзейнасьці пры мінімуме высілкаў. Прыкладам, я пачаў займацца барацьбой з 18 гадоў. Прыехаў зь вёскі і пачаў трэніравацца. Гэта было за савецкім часам: людзі адыходзілі ад вайны, ніхто фізычных нагрузак не баяўся, выкладаліся па максымуме. Тыя і цяперашнія ўмовы не параўнаць. Так, ёсьць некаторыя праблемы, але пакажыце хоць які вынік, потым будзем даводзіць да ладу. Значыць, недапрацоўваюць трэнэрскія кадры. Калі прычына ў гэтым, то трэба гэта ўзяць на заметку Міністэрству спорту і турызму. Пакуль парадак ня будзе наведзены, толку ня будзе.

— Мяркуеце, сытуацыя яшчэ не зусім тупіковая, рэальна нешта зрушыць?

— Памятаю, калі выступаў за зборную Саюзу, паглядзеў, як выбудоўваюць працу гэдээраўскія немцы. У іх барацьба тады была сярод самых адсталых відаў, але яны мелі 30 высокакваліфікаваных трэнэраў, дзякуючы якім спартоўцы амаль заўсёды былі ў тройцы на эўрапейскіх першынствах. У нас сёньня лічба ў разы большая, а плёну ніякага. Дакладна не магу сказаць, але ў Беларусі трэнэраў дзесьці пад дзьве сотні. Колькасьць, на жаль, не адбіваецца на якасьці. Не працуе сыстэма, няма акрэсьленых патрабаваньняў. Я, вядома, наўрад ці змагу на нешта паўплываць, мне сёньня ўжо 70 гадоў, я прадстаўнік зусім іншага пакаленьня. І ўсё ж цікава: столькі задзейнічана людзей, столькі выдаткоўваецца сродкаў — чаму вынік амаль нулявы? Дрэнна, што такім пытаньнем не задаюцца іншыя.

— Гэта ўвогуле палітыка фэдэрацыі — запоўніць пустую айчынную нішу завезенымі спартоўцамі?

Вялікая ганьба, што ў вольнай барацьбе на Алімпійскіх гульнях — ніводнага чалавека зь Беларусі

— Такое адчуваньне, што проста ўсё кінута на самацёк. А наагул вялікая ганьба, што ў вольнай барацьбе на Алімпійскіх гульнях — ніводнага чалавека зь Беларусі. У мяне проста няма словаў. Столькі грошай укладзена, столькі кадраў задзейнічана, маем дзясятак аддзяленьняў вольнай барацьбы. Але навошта інтэрнат, у якім займаецца ўсяго пара чалавек? Там нават спарынг-партнэра не падбярэш! Калі адзін важыць 45 кг, а другі 70, як яны могуць трэніравацца? Зрабіце два інтэрнаты па вольнай барацьбе і гадуйце самародкаў! Вось як раней было — асноўная падрыхтоўка вялася і ў Бабруйску, і ў Менску, нашы юнакі на спартакіядзе школьнікаў былі другія ў Саюзе. Гэта ж узровень! А сёньня 10 чалавек на ўсё аддзяленьне. Пакіньце найлепшыя базы, мабілізуйце таленавітых трэнэраў і зьбярыце паўсотні хлопцаў, каб забясьпечыць патрэбныя спарынгі. Вось над якімі пытаньнямі трэба думаць кіраўніцтву. Складанае пытаньне, але над ім трэба працаваць, і працаваць найперш прафэсіяналам.

— Калі меркаваць па прадстаўніцтве ў Рыё, на дадзены момант вольнай барацьбы ў Беларусі фактычна няма, так?

— Ну, калі ў параўнаньні з колішнімі часамі, можна казаць і так. Сябе ўжо выхваляць ня буду, але грымелі Аксёнаў, Кацовіч, Лятун, Лосік, у наступным пакаленьні — Смаль, Карніцкі, Мацюшэнка, Мядзьведзеў. Канкурэнцыя была надзвычай моцная, беларусы неаднаразова станавіліся чэмпіёнамі Саюзу. А хачу сказаць, што чэмпіён СССР — гэта як чэмпіён сьвету. А цяпер такога ўзроўню практычна нікога няма, уяўляеце? Што кепска, і асаблівых пэрспэктываў ня бачу. Як ужо казаў, трэнэрскія кадры слабыя і ня вучацца, ня хочуць — і ўсё. Мы ў свой час вучыліся ў нашых трэнэраў, яны — адзін у аднаго, прычым яны таксама выходзілі на дыван, дужаліся, а не сядзелі на лаўцы. Таму што на першым месцы быў спорт. У цяперашняга пакаленьня на першым месцы, мабыць, нешта зусім іншае...

— Можа дайсьці да таго, што зь дзесяці спартоўцаў у вольнай і грэка-рымскай барацьбе будуць у лепшым выпадку адзін-два мясцовыя?

— Ды што гаварыць у будучым часе, калі ў вольнай барацьбе на Алімпіядзе ўжо ніводнага беларуса? Ганьба, інакш ня скажаш. Ня ведаю, але ж было даўно відаць, да чаго мы коцімся. Куды глядзіць кіраўніцтва? Ёсьць жа намесьнікі міністра, адказныя за адзінаборствы, створаныя цэнтры барацьбы. Пытаньне — дзеля чаго? Дзеля «птушачкі»? Хай яны адкажуць на гэта. Я не выключаю: можа, праблема ў трэнэрах, можа, сапраўды ніхто ня хоча гэтым займацца — мне цяжка сказаць, бо я адышоў ад спраў. Але вельмі крыўдна, калі ўзьнікае такая сытуацыя. Тым больш у відзе, які прынёс Беларусі ўсясьветную славу. Адзін Мядзьведзь — адна з найвыбітнейшых асобаў ХХ стагодзьдзя. А дажыліся, што за Беларусь змагаюцца тры чалавекі з Дагестану. Як гэта расцэньваць? Значыць, трэба запытаць з начальніка цэнтру, з намміністра спорту, што яны думаюць адносна гэтага. Хай пакажуць, надрукуюць праграму разьвіцьця барацьбы ў Беларусі. І асабліва пункт, які тычыцца месца беларускіх спартоўцаў.

— Васіль Пятровіч, дык да Беларускай фэдэрацыі барацьбы вы дачыненьне яшчэ маеце?

— Цяпер вымушаны больш займацца здароўем: адзін каленны сустаў ужо замяніў, другі таксама дрэнны, трэба нешта рабіць. Але я ў фэдэрацыі, прысутнічаю на паседжаньнях. Калі Юры Чыж быў на волі, часьцяком зьбіраліся, выказваліся па ўсіх пытаньнях. Ёсьць хлопцы, якія перасталі выступаць, але перажываюць за стан рэчаў у нашым відзе, хочуць зьменаў. Тым ня меней усё будзе на ўзроўні кухонных размоваў, пакуль ня зьявіцца праграма на дзяржаўным узроўні. Да таго ж трэба на адказныя пасады прызначаць кампэтэнтных людзей, а ня хто трапіўся пад руку. Каб потым можна было зь іх спытаць, заслухаць на прэзыдыюме. Так, барацьба цяпер надта хлеба не дае, дык хоць дзеля павагі перад традыцыямі згадайце! Пакуль што па вольнай барацьбе проста правал. Калі жаночая яшчэ больш-менш нічога, то мужчынская дайшла да ручкі: інфраструктура ёсьць, а на Алімпіяду едуць тры чалавекі з Дагестану.

— І ўсё ж не зусім зразумела: ад каго залежыць цяперашняя кадравая палітыка ў зборнай?

— Незадоўга да Алімпіяды нават па тэлебачаньні быў паказаны сюжэт, што на трэніровачнай базе ў Стайках пад Менскам адбудзецца так званая генэральная прыкідка, каго ў вольнай барацьбе пасылаць у Рыё-дэ-Жанэйра. Туды народу наехала, мне тэлефанавалі. А потым аказалася, што ўсё ўжо вырашана загадзя: начальнік цэнтру алімпійскага рэзэрву і намесьнік міністра спорту фактычна «прызначылі» ў склад каманды трох дагестанцаў. Трэнэры былі незадаволеныя, скандал атрымаўся: адным з кандыдатаў быў беларус Аляксандар Гуштын, а да схваткі справа нават не дайшла. Як так сталася, чаму — ня ведаю. І вам да роздуму, і мне таксама.

Васіль Сюльжын нарадзіўся 9 траўня 1946 году ў вёсцы Сяргеевічы Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці. Спартовец і трэнэр у вольнай барацьбе, заслужаны майстар спорту СССР (1973), заслужаны трэнэр Беларусі (1983). Чэмпіён сьвету (1973), чэмпіён Эўропы (1972, 1973). Уладальнік Кубку сьвету (1975), Кубку Эўропы (1972) у камандным заліку. Чэмпіён Усясьветнай унівэрсіяды (1973).

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG