Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Васіль Парфянкоў, які вярнуўся з фронту: Украінскаму палоннаму за тату трызубца адрэзалі руку


Васіль Парфянкоў

Васіль Парфянкоў

З-за чарговай ратацыі з фронту пад Данецкам вярнуўся былы беларускі палітвязень Васіль Парфянкоў, які змагаецца за незалежную Украіну ў складзе дабраахвотніцкага батальёну АУН. Па дарозе ў Кіеў Васіль Парфянкоў адказаў на пытаньні карэпандэнта Радыё Свабода.

— Якая сытуацыя пад Пяскамі, дзе вы ваюееце? Некаторыя пішуць, што здалі пазыцыі, ці гэта так?

— Не, ніхто нічога ня здаў. Была невялікая паніка, калі да нас падышла 93-я брыгада Ўзброеных сіл Украіны з Харкава. Яны паставілі сваю тэхніку каля нашых пазыцый, і тады ўзьніклі чуткі, што нібыта нас акружылі і загадалі здаць зброю. Але гэта не дакладна. Зброю ніхто не здаваў, добраахвотнікі ў Пясках як стаялі, гэтак і будуць стаяць. А ў мяне проста чарговая ратацыя. Цяпер вось знаходжуся ў Чырвонаармейску, а недзе праз 2 тыдні буду вяртацца.

— Апошні раз мы размаўлялі у канцы лютага. За гэтыя амаль ужо два месяцы ці вяліся пад Пяскамі баявыя дзеяньні? Як выконваецца перамір’е?

— Як такіх баёў не было, але працуюць снайпэры. Даводзіцца хадзіць сагнутым, каб ня трапіць пад стрэл. Бывае, з АГСаў працуюць — гэта аўтаматычны гранатамёт, які б’е чэргамі. Але іхняя артылерыя ў асноўным не працуе. Калі па нашых пазыцыях страляюць, мы адказваем агнём, яны бачаць гэта і спыняюцца. У нас былі лёгкія параненыя. У тым ліку асколкам ад АГС у сьпіну параніла беларуса. Ён быў ў бронекамізэльцы, таму гэта хутчэй кантузія, а не пранікальнае раненьне. Калі чалавек у бронекамізэльцы «ловіць» кулю ці асколак, то гэта вельмі моцны ўдар, адчуваньне, як конь б’е капытом. Такое ўжо даводзілася зьведаць.

— Вы жывы-здаровы, не паранены? Якія навіны ў вашым асабістым баявым жыцьці?

— Нічога асабліва новага. Здаровы. Адзінае, што перавялі са звычайных стральцоў у ДРГ — гэта дывэрсійна-выведкавая група. Ходзім у выведку, у тым ліку ў тылы праціўніка. Гэта, канечне, больш небясьпечна, бо мы ходзім, і яны ходзяць побач з намі, і мы часта нават чуем, што яны вядуць перамовы па рацыі. Вось так даводзіцца цяпер ваяваць.

Шлем, прабіты асколкам міны, Пяскі

Шлем, прабіты асколкам міны, Пяскі

— Як па назіраньнях, на другім баку рыхтуюцца да наступу?

— Цяжка сказаць. Апошнія 5 дзён дык наагул было вельмі ціха ў Пясках. Яны не стралялі нават са стралковай зброі і не адказвалі на нашы «прафіляктыкі», хаця раней адразу адказвалі. Магчыма, да чагосьці рыхтуюцца. Яны «камунякі», у іх хутка 9 траўня. Яны выходзілі на нашу хвалю і крычалі, што «ўкропы, вешайцеся, мы 9 траўня будзем у Кіеве» і гэтак далей.

— А як вашы байцы ўспрынялі гэты закон аб забароне камуністычнай сымболікі і помнікаў? Як вы асабіста да гэтага ставіцеся?

— Добра ўспрынялі, бо нікому гэтыя Леніны ды іншыя непатрэбныя. Вось помнікі салдатам, мяркую, можна захаваць. Ня важна, што яны змагаліся ў тыя савецкія часы, але ж за зямлю Ўкраіны. Я маю на ўвазе помнікі кшталту невядомага салдата. А гэтыя Леніны-Дзяржынскія, якія і ў нас паўсюль стаяць, іх, канечне, трэба прыбіраць. Бо чаго яны сымбалі? Толькі зьнічтажэньня народу.

— Міжнародная амністыя паведаміла пра факт расстрэлу прарасейскімі паўстанцамі 4 украінскіх вайскоўцаў-палонных. Палявы камандзір Матарола публічна прызнаўся, што асабіста расстраляў групу ўкраінскіх палонных. Вам пра такія факты вядома? Як ставяцца на тым баку да палонных?

Магу сказаць адно, што з добраахвотніцкага батальёну яны нас у палон не бяруць. Забіваюць адразу

— Магу сказаць адно, што з добраахвотніцкага батальёну — а тут служаць у батальёнах «Правага сэктару» і АУН — яны нас у палон не бяруць. Забіваюць адразу. Яны бяруць у палон у асноўным хлопцаў з Узброеных сіл Украіны, то бок вайскоўцаў. А з тымі па-рознаму абыходзяцца. Ведаю пра выпадак, што ў чалавека была наколатая татуіроўка «трызубец» на запясьці — дык адрэзалі разам з рукой па плячо.

Бывае, мяняюцца палоннымі. Але што да нас, добраахвотнікаў, дык нас яны ў палон не бяруць. З большага, як і мы іх. Калі дайшло да агнявога кантакту, дык на зьнічтажэньне.

— Узнагародаў яшчэ ня маеце?

— Не. Я ўвогуле замежнік, мяне ўзнагароджваць нельга паводле закону, дый мы ваюем не за ўзнагароды, а за вольную Ўкраіну і за вольную Беларусь. Бо калі мы дамо тут, на Данбасе, Пуціну па руках, ён крыху супакоіцца са сваім «рускім сьветам». Тут яму ня «рускі сьвет», і ў Беларусі «ня рускі сьвет». Можа, крыху зразумее, што ня трэба сюды лезьці. І мы гэта ўжо даказваем. Пяскі фактычна ўжо год трымалі, трымаем і будзем трымаць. І яны там ня пройдуць.

Падчас знаходжаньня «на ратацыі» Васіль Парфянкоў, паводле яго слоў, наведае жонку і сына, якія жывуць ва Ўкраіне.

XS
SM
MD
LG