Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«За 30 гадоў адчуваньне небясьпекі ад радыяцыі прытупілася», — чэрыкаўскі краязнаўца Васіль Максіменка


У Чэрыкаўскім раёне, што на Магілёўшчыне, 25 вёсак былі адселеныя ў выніку радыяцыйнага забруджаньня. Амаль усе яны пахаваныя. Чэрыкаўскі краязнаўца Васіль Максіменка — адзін зь нямногіх у раёне, хто імкнецца захаваць памяць пра зьніклыя паселішчы краю.

Паводле краязнаўцы, у зоне радыяцыйнага забруджаньня апынуліся пераважна чэрыкаўскія вёскі з гэтак званага Засожжа. На многія гады наперад адселеныя і ўжо пахаваныя Вепрын, Чудзяны, Малінаўка сталі тутэйшымі знакамі радыяцыйнай бяды. Вялізарныя плошчы раёну абязьлюдзелі.

Васіль Максіменка ведае кожную з адселеных вёсак і іхныя адметнасьці. Краязнаўца абышоў усе гэтыя паселішчы, зьбіраючы тое, што мусіць, на ягоную думку, захаваць пра іх памяць.

«Праз Чарнобыль мы страцілі дужа адметнае мясцовае беларускае культурніцкае асяродзьдзе, — адзначае ён. — Мы спрабавалі пакуль вёскі не былі закапаныя захаваць рэшту іхнай спадчыны, каб не згубіць повязь часоў. У першай школе райцэнтру стварылі этнаграфічны музэй. У яго экспазыцыях сабраныя рэчы з засоскіх паселішчаў».

Найвялікшай з адселеных вёсак у раёне, кажа краязнаўца, быў Вепрын. Жыло ў ёй больш за тысячу чалавек. Васіль Максіменка два гады настаўнічаў у мясцовай школе.

Васіль Максіменка
Васіль Максіменка

«У вёсцы быў знакаміты помнік прыроды „Парк маёнтку Васілеўскіх“. Там заставаліся і рэшткі таго маёнтку. Яго ўладальніка Вацлава Васілеўскага бальшавікі арыштавалі ў 1918 годзе і, паводле некаторых зьвестак, пазьней расстралялі. Ён ачольваў групу тутэйшых землеўладальнікаў, якія чынілі супраціў усталяваньню Савецкай улады», — апавядае пра Вепрын краязнаўца.

«Вёска была дужа багатая на традыцыі, — кажа ён. — У ёй ткалі гэтак званы „Вепрынскі ручнік“, і ён вылучаўся адметным узорам у характэрным для краю краснапольскім строі. У вёсцы адшукалі дужа рэдкі ручнік зь беларускім арнамэнтам. Наагул адзеньне, якое шылі ў Вепрыне, адрозьнівалася ад таго, якое было ў суседніх вёсках.

Памятны знак зьнішчанай вёсцы Вепрын
Памятны знак зьнішчанай вёсцы Вепрын

У Вепрынскай школе стварылі музэй, як для школы дык вельмі цікавы. Пазьней, калі школу расфармавалі, частку экспанатаў перадалі ў гісторыка-этнаграфічны музэй Чэрыкава, а частка зьнікла невядома куды. Там былі экспанаты, вышыўкі, ручнікі. Дзеці апантана зьбіралі экспанаты для музэйнай экспазыцыі. І дагэтуль мне баліць, што яны бясьсьледна зьніклі», — адзначае краязнаўца.

Унікальны «вепрынскі ручнік» зь беларускай свастыкай
Унікальны «вепрынскі ручнік» зь беларускай свастыкай

У Вепрыне ды недалёкіх ад яго Ўшака́х быў незвычайна багаты мясцовы фальклёр, дадае Васіль Максіменка: «Былі цікавыя абрады, звычаі, легенды. Я пасьпеў запісаць некалькі абрадаў. Але большасьць песьняў, прымавак сышлі ў нябыт».​

Гэтак выглядае радыяцыйная зона ў Чэрыкаўскім раёне
Гэтак выглядае радыяцыйная зона ў Чэрыкаўскім раёне

Васіль Максіменка быў сьведкам таго, як людзей высялялі зь вёсак. Вяскоўцы, згадвае ён, трымаліся сваіх хат і не хацелі выяжджаць у чужыя для іх краі. За тры дзясяткі гадоў колькасьць жыхароў раёну зьменшылася напалову.

«Як пачалі высяляць людзей, дык гэта для іх была трагедыя, асабліва для старых. Моладзь перанесла гэта спакайней, бо ўсё роўна зьехала б зь вёсак, а многія старыя потым вярталіся. Куплялі хаты, каб быць бліжэй да сваіх абязьлюдзелых вёсак. Нямала людзей празь перанесены стрэс пайшлі з жыцьця заўчасна, — працягвае краязнаўца. — Гэта ж быў такі псыхалягічны зрух. Я і цяпер сустракаюся з жыхарамі Вепрына, Малінаўкі, Ушакоў, і ў людзей адно пытаньне: ці слушна тады рабілі, што высялялі зь вёсак. Тое ж пытаньне і ў мяне. У вёсцы Галоўчыцы, напрыклад, частка людзей зьехала, а частка засталася. Забруджваньне там меншае, чым у самім Чэрыкаве».

Хата ў адной з адселеных вёсак
Хата ў адной з адселеных вёсак

Краязнаўца лічыць, што многае ў 1990-я гады рабілася бяздумна. Як прыклад згадвае пасёлак Майскі. Яго ўзьвялі за некалькі кілямэтраў ад адселеных вёсак. За тры дзясяткі гадоў многія жыхары зьехалі з Майскага, бо пэрспэктыў у ім не было.

Васіль Максіменка, калі адбылася аварыя на ЧаЭС, працаваў у райкаме партыі. Згадвае, як сабралі апарат райкаму і загадалі ў вёсках Засожжа шукаць парашок жоўтага колеру.

«Я той парашок шукаў у самай забруджанай вёсцы раёну Чудзяны. Апытваў людзей. Гэтым парашком, як вядома, асаджвалі радыяцыйныя аблокі. Я не знайшоў парашку, але мясцовыя жыхары, можа, і знаходзілі. Вяскоўцы тады лічылі, што нічога страшнага не адбылося, бо мала каму былі вядомыя наступствы аварыі», — заўважае суразмоўца.

Уезд забаронены, радыяцыйны лес
Уезд забаронены, радыяцыйны лес

Землі, якія падпалі пад радыяцыйнае забруджаньне ня вернутыя ў севазварот. Паводле краязнаўцы, яны перададзеныя ў Дзяржаўны лясны фонд. Іх засаджваюць сасонкамі.

«Балюча тое, што забруджаная пойма Сажа. У левабярэжжы забаронена пасьвіць свойскую і калгасную жывёлу, але там цудоўныя пашы. Я абышоў тыя мясьціны, вывучаючы Сож ды азёры, і мушу сказаць, што яны насамрэч забруджаныя».

Жыхары Чэрыкаўшчыны звыкліся жыць з радыяцыяй, кажа Васіль Максіменка. «Вастрыня ўспрыманьня небясьпекі ад радыяцыі значна прытупілася, — адзначае ён. — Гэтая небясьпека цяпер на другім пляне, недзе ў далёкім куточку нашай сьвядомасьці. Вакол столькі прыроднага багацьця, і зь яго анічога ня ўзяць для сябе нашы людзі ня могуць. Апасаюцца, але многія бяруць грыбы ды ягады. Трыццаць гадоў жа мінула — прытупілася пільнасьць».

Помнік зьнішчаным радыяцыяй чэрыкаўскім вёскам
Помнік зьнішчаным радыяцыяй чэрыкаўскім вёскам

Краязнаўца лічыць, што за прамінулы час узровень радыяцыйнага забруджаньня Чэрыкаўшчыны зьменшыўся на 20-30 працэнтаў. Жыцьцё працягваецца, кажа ён. На яго думку, мясцовыя ўлады мусяць задумацца, як найлепей скарыстацца з турыстычнага патэнцыялу раёну. «Усё роўна да нас прыяжджае нямала дзікіх турыстаў , — даводзіць краязнаўца. — Але, каб стварыць і разьвіць існую турыстычную інфраструктуру, патрэбныя вялізныя сродкі. Наведаць Чэрыкаўшчыну, адселеныя, абязьлюдзелыя мясьціны варта, каб паглядзець, што можа адбыцца праз чалавечую нядбайнасьць».

Навокал радыяцыя
Навокал радыяцыя

На Магілёўшчыне пад узьдзеяньне радыяцыі падпала 741 паселішча. Траціна тэрыторыі вобласьці застаецца забруджанай радыенуклідамі. Больш за 100 тысяч чалавек працягваюць жыць на забруджаных тэрыторыях. Колькасьць насельніцтва Чэрыкаўскага раёну за тры дзясяткі гадоў зьменшылася больш як на 40 працэнтаў. Палова раёну — пад радыяцыяй.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG