Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варац — чэмпіён сьвету па муай-тай: самая важная перамога беларусаў у 2015-м


Юрась Булат і Дзьмітры Варац

Юрась Булат і Дзьмітры Варац

«Мы — першыя, Дзімка — чэмпіён. Bulat Gym is a power! Дзякуй усім, хто быў разам з намі ў гэты час, дзякуй за падтрымку, дзякуй родным і сем’ям, дзякуй клюбу, нашым хлопцам, нашай фэдэрацыі і нашай краіне. Віват Беларусь! Мы зрабілі гэта: Дзьмітрый Варац — чэмпіён сьвету (Top King World Series)!» — так эмацыйна адрэагаваў на перамогу свайго выхаванца Дзьмітрыя Вараца неаднаразовы чэмпіён сьвету, заснавальнік і трэнэр менскага клюбу Bulat Gym Юрась Булат.

На тайскім курорце Патая завяршыўся галоўны гадавы турнір Top King World Series у сярэдняй вазе (70 кг). Адным зь «сеяных» быў і беларус Дзьмітрый Варац.

У першым супрацьстаяньні гарадзенскі баец накаўтаваў куды больш масьцітага тайскага прафэсіянала Кема Сітсонгпінонга — куміра тутэйшай публікі. Але галоўнае выпрабаваньне было наперадзе — у фінале чакаў Хаял Джаніеў. Ён прадстаўляе Расею і летась сьвяткаваў вікторыю над адным з мацнейшых байцоў у гэтай вагавай катэгорыі тайцам Буакавам Бэнчамэкам.

Да гонару Дзьмітрыя, ён ня толькі не капітуляваў перад аўтарытэтным супернікам, але паступова здолеў навязаць яму свае правілы бою. Пасьля дадатковага раўнду судзьдзі аддалі перамогу беларусу.

Дзьмітрый Варац жыве ў Горадні і трэніруецца ў вядомага спэцыяліста Юрася Булата ў менскім клюбе Bulat Gym. Свабода раней рабіла інтэрвію з гэтымі пасьпяховымі прадстаўнікамі беларускай школы муай-тай.

XS
SM
MD
LG