Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Валюту не здаём, не набываем — чакаем, пакуль усё ўсталюецца»


Кіраўніца Нацыянальнага банку Надзея Ермакова заявіла, што ад пачатку тыдня абменныя пункты ўсіх банкаў будуць забясьпечаныя валютай у дастатковай колькасьці. Ці магчыма было набыць валюту ў абменьніках Менску цягам панядзелка?


З надбаўкай 30% — адзіная магчымасьць набыць даляры ці эўра ў абменных пунктах Беларусі. Але інфармацыйныя службы камэрцыйных банкаў у Менску цягам панядзелка падавалі карыстальнікам прыкладна адну і тую ж інфармацыю: валюты няма альбо амаль няма нават паводле новых умоваў продажу:

Апэратар: «БСБ-банк, добрай раніцы».

Карэспандэнтка: «Ці можна ў вашым банку набыць валюту?»

Апэратар: «На гэтую хвіліну, на жаль, у вольным продажы валюты няма. Толькі калі хто-небудзь здасьць».

Апэратар: «АбсалютБанк. Дзень добры».

Карэспандэнтка: «Ці можна набыць валюту?»

Апэратар: «У межах сумаў, якія здаюць нашы касы: тое, што здаюць — тое і прадаем. Але вялікія сумы пакуль што не здаюць, на жаль».

Апэратар: «Банк Масква-Мінск, дзень добры. На жаль, на гэты момант мы не ажыцьцяўляем валютна-абменныя апэрацыі. Валюты ў абменьніках няма, таму і абменных апэрацыяў таксама няма».

Гэткім чынам, абменныя пункты і аддзяленьні банкаў у цэнтры Менску цягам дня ў пераважнай бальшыні заставаліся нешматлюднымі. Рэдкія наведнікі здавалі дробныя банкноты, найвялікшая зь якіх — 50 даляраў. На пытаньне, ці можна набыць валюту, у пераважнай большасьці касіркі адказвалі адмоўна. Але ў «Прыёрбанку» прапанавалі 50 эўра, а ў «Аграпрамбанку» — 850 даляраў. Ахвотных набыць гэтыя грошы таксама не было. Прычыну патлумачылі самі наведнікі:

Карэспандэнтка: «Ці вы здавалі, ці набывалі валюту?»

Юначка: «Я ўжо набыла валюту яшчэ па старых коштах. Мне падаецца, што добра зрабілі, што падвысілі кошты. Бо быў вельмі вялікі ажыятаж: па сто чалавек зьбіралася, немагчыма было штосьці набыць. Паніка ў людзей была, і, каб іх спыніць, быў уведзены падатак. Часовы. Будзем спадзявацца, што часовы».

Спадар: «Не, не набываў і не здаваў. Паглядзім, што далей».

Юнак: «Пакуль не здаваў і не набываў. Незразумела, што адбываецца, таму нічога ня робім і чакаем, пакуль усё ўсталюецца».

Карэспандэнтка: «Што думаеце пра гэтую сытуацыю?»

Спадарыня: «А што тут думаць? Будзе дэвальвацыя хутка».

Спадарыня: «Вельмі неразумная сытуацыя; трэба было б рабіць дэвальвацыю — гэта было б больш сумленна ў дачыненьні да простых людзей».

Атрымаць камэнтар Нацыянальнага банку адносна адсутнасьці валюты ў банках краіны не ўдалося — тэлефон прэсавай службы маўчаў цягам усяго дня.

XS
SM
MD
LG