Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Валютная выручка Беларусі зьнізілася амаль на 6 мільярдаў даляраў


Валютная выручка Беларусі ў студзені — ліпені 2015 году склала менш як 20 мільярдаў даляраў і зьнізілася ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам мінулага году амаль на чвэрць.

Паводле зьвестак БелаПАН, валютныя паступленьні Беларусі склалі ў студзені — ліпені 19,8 мільярда даляраў і скараціліся ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам 2014 году на 5,88 мільярда даляраў.

Скарачэньне валютнай выручкі сёлета абумоўлена зьніжэньнем экспарту беларускіх тавараў і паслуг, а таксама паступленьняў ад унутранага гандлю за валюту, тлумачыць экс-старшыня Нацыянальнага банку прафэсар Станіслаў Багданкевіч:

«Так, менш атрымалі валютнай выручкі, але скараціўся і імпарт. Так што скарачэньне валютнай выручкі наўпрост не ўплывае на дысбалянс у эканоміцы. Гэта сьведчыць пра пагаршэньне сытуацыі ў эканоміцы, пра зьніжэньне ўзроўню жыцьця, падзеньне рубля, рост інфляцыі».

За экспарт беларускіх тавараў у студзені — ліпені было выручана 15,8 мільярда даляраў — на 4,9 мільярда менш, чым за аналягічны пэрыяд летась. Паступленьні ад экспарту паслуг склалі 3,5 мільярда даляраў і скараціліся на 641,9 млн даляраў.

Скарачэньне валютных паступленьняў Беларусі ад экспарту тавараў і паслуг тлумачыцца зьніжэньнем у Расеі попыту на тавары беларускай вытворчасьці. За 7 месяцаў валютныя паступленьні з Расеі склалі 7,4 мільярда даляраў (зьніжэньне на 3 мільярды даляраў). Пры гэтым паступленьні ад экспарту тавараў таксама зьменшыліся на 2,5 мільярда і склалі 5,88 мільярда даляраў.

Сёлета рэзка скараціліся валютныя паступленьні ад унутранага гандлю за валюту. У студзені — ліпені яны склалі 16,9 мільёна даляраў і зьнізіліся ў параўнаньні з аналягічным пэрыядам летась больш як у 20 разоў.

На скарачэньне паступленьняў ад унутранага гандлю за валюту паўплывала палітыка Нацыянальнага банку па дэдалярызацыі эканомікі. Сёлета ў сакавіку было забаронена разьлічвацца ў замежнай валюце за турыстычныя і страхавыя паслугі, а таксама за паліва на АЗС.

XS
SM
MD
LG