Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Жонка Дзядка: Міколу трымаюць, каб не дапусьціць украінскага сцэнару ў Беларусі ВІДЭА


Валерыя Хоціна, жонка палітвязьня Мікалая Дзядка, якога яшчэ на год пакінулі за кратамі, лічыць, што прысуд зьвязаны з прэзыдэнцкімі выбарамі.

«З палітычных за кратамі засталіся толькі былы кандыдат у прэзыдэнты Статкевіч і анархісты», — кажа Хоціна.

За апошнія тры гады Мікалай і Валерыя бачыліся тры разы праз тоўстае шкло. Раз на два месяцы яна мае з мужам тэлефонную гутарку. Прачакаўшы Мікалая чатыры з паловай гады, яна гатовая чакаць яшчэ год.

27-гадовая перакладчыца-анархістка Валерыя Хоціна ў шчырым інтэрвію Радыё Свабода распавядае, як Мікола на судзе ўглядаўся ў кожнага, што ён любіць марыць і вандраваць, а яна ні на што не спадзяецца, ні ў што ня верыць і ні пра што ня марыць.

— Валерыя, што адбывалася ў судзе? Што вам найбольш запомнілася? Што ўразіла?

— Для нас было вельмі нечакана, што нас туды ўвогуле пусьцілі. Мы ехалі ў Магілёў, спадзеючыся, што нас выклічуць у якасьці сьведак, можа, каб характарызаваць Міколу як асобу. Ехалі і спадзяваліся, што проста пастаім пад судом і, магчыма, пабачым Міколу, калі будзем даваць паказаньні. Як ні дзіўна, але нас без праблемаў пусьцілі ў актавую залю турмы, дзе адбываўся суд. У залі нават былі адмысловыя месцы для мяне і бацькі Міколы. Таксама ў залі было каля дваццаці прадстаўнікоў адміністрацыі турмы і каля дзесяці іншых зьняволеных.

Я думаю, гэта зроблена, каб паказаць, што суд «адкрыты». Мікалай сядзеў у атачэньні канваіраў і таму ня мог наўпрост камунікаваць з адвакатам. Суд палічыў, што адвакат ня можа сядзець побач зь Мікалаем, каб яны нічога не перадалі адзін аднаму. Мала таго, была зробленая заўвага, што яны ўсё ж спрабуюць перамаўляцца.

— Як Мікола адрэагаваў на вялікую колькасьць людзей? Відавочна, што гэта было для яго нязвыкла пасьля камэры-адзіночкі.

— У такой камэры ён ужо больш за тры месяцы. І, відавочна, ён не чакаў, што будзе шмат людзей на судзе. Калі ён пабачыў мяне і свайго бацьку, то кіўнуў і ўсьміхнуўся. Я ўвесь час спрабавала злавіць яго позірк, але не магла, таму што ён вельмі пільна ўглядаўся ў твары іншых прысутных, спрабаваў запомніць кожнага ў твар ці пазнаць. Мне было не па сабе ад гэтага.

— Як яго здароўе? Ці пагаршаецца зрок?

— Коля заўсёды насіў акуляры. Але раней надзяваў іх, толькі калі чытаў. Цяпер ён пастаянна ў акулярах. Прычым ён зьмяніў лінзы, яны сталі нашмат таўсьцейшыя. Лінзы такія моцныя, што вельмі павялічваюць вочы. Але што рабіць? У камэры ненатуральнае асьвятленьне і няма магчымасьці глядзець удалечыню, вось зрок і падае.

Валерыя Хоціна ў студыі Свабоды

Валерыя Хоціна ў студыі Свабоды

— Мікалая судзілі паводле артыкула «злоснае непадпарадкаваньне законным патрабаваньням адміністрацыі» за тое, што носіць майку і спартовыя штаны замест турэмнай робы. А як адміністрацыя ставіцца да іншых вязьняў, якія таксама парушаюць гэты парадак?

— Гэты артыкул прадугледжвае, што зьняволены сыстэматычна і наўмысна адмаўляецца надзяваць робу і тым самым правакуе адміністрацыю. У Колі за ўвесь час у магілёўскай турме налічваецца 16 падобных парушэньняў, большасьць зь іх — за тое, што быў бяз майкі ці ў спартовым строі ў той момант, калі зазірнуў ахоўнік, ня спаў пасьля адбою ці не прачнуўся пасьля пад’ёму. Коля тлумачыць гэта тым, што займаўся спортам ці што яму было сьпякотна. Было заслухана 9 сьведак з боку адміністрацыі калёніі, у тым ліку і начальнік, які пацьвердзіў, што ў камэрах кепская вэнтыляцыя і што вязьням часта дазваляюцца некаторыя вольнасьці і адыход ад распарадку дня. Таксама начальнік пацьвердзіў, што Дзядок не адзіны, хто парушае гэтыя правілы наконт адзежы і сну. Адметна, што ўсе сьведкі на пытаньне «Што парушаў Дзядок?» пачыналі адказваць словамі «Ну, як звычайна, як усе...».

— Прысуд і гэты працяг тэрміну на год ня быў для вас нечаканы. Новую справу завялі яшчэ ў лістападзе, і можна было прадбачыць, чым скончыцца. Падчас размоваў і ліставаньняў што Мікола казаў пра гэта? Ці зьвязваў працяг зьняволеньня з палітычнымі падзеямі, з выбарамі 2015 году?

— Мы вельмі мала камунікуем. У яго адно тэлефанаваньне на месяц. Звоніць ён па чарзе — то бацькам, то мне. Да таго ж падчас размоваў усё праслухоўваецца і кантралюецца. Што да лістоў, то мы, каб ліст пэўна дайшоў, стараемся не абмяркоўваць ніякія падрабязнасьці ягонай справы. Таму магу меркаваць пра ягоную пазыцыю, зыходзячы зь яго апошняга слова ў судзе. Ён наўпрост сказаў, што зьяўляецца палітычным вязьнем і пастаянна адчувае да сябе адпаведнае стаўленьне, ціск ва ўсіх турмах і калёніях, дзе сядзеў. Ён таксама сказаў, што праз такі ціск яго хочуць прымусіць напісаць прашэньне аб памілаваньні ці зламацца фізычна, а таксама не дапусьціць любой пратэстнай актыўнасьці, якая можа запачаткавацца перад выбарамі.

Глядзіце, з палітычных за кратамі засталіся толькі Статкевіч, якога рэжым баіцца, і анархісты — прадстаўнікі найбольш радыкальных моладзевых плыняў. Я сама лічу, што Міколу Дзядка хочуць утрымаць як мінімум гэты год, каб прайшлі выбары і яшчэ некалькі месяцаў пасьля іх, каб пазьбегнуць украінскага сцэнару.

— Як зьвязаная ваша гісторыя каханьня і тое, што Мікалай анархіст? Вы падзяляеце ягоныя палітычныя погляды ці проста захапляецеся ягонай прынцыповасьцю?

— Мы пазнаёміліся менавіта на глебе гэтых перакананьняў. Я таксама анархістка ўжо больш за 10 гадоў. Мы абое імкнёмся да свабоды ва ўсіх яе праявах — палітычнай свабоды, асабістай свабоды, свабоды сэксуальнай арыентацыі, свабоды самавыяўленьня. Цяпер я не ўяўляю сабе, што магу быць побач з чалавекам, які не падзяляе такіх жа перакананьняў. Мы вельмі даўно ведаем адно аднаго, доўга сябравалі. Тое, што сталі сустракацца, а пасьля і жыць разам, — было вельмі абдуманым рашэньнем. Я чакаю Міколу чатыры з паловай гады, буду чакаць яшчэ год. Але мне вельмі дапамагае думка пра тое, што ён сядзіць за перакананьні — свае і мае таксама — а не за скрадзены ровар, бойку ці забойства. Я вельмі паважаю Міколу, і гэтая павага дае мне моц цярпець і надалей.

— Вы пажаніліся ў 2011 годзе, калі Мікола быў у турме. Якім чынам складаецца ваша сямейнае жыцьцё? Як часта вы можаце бачыць мужа?

— Па шчырасьці, мы і расьпісаліся толькі для таго, каб мець магчымасьць сустракацца і званіць. Для нас шлюб — гэта не абавязковая ўмова, каб жыць разам і будаваць сямейнае жыцьцё. Але ўсё «шчасьце» працягнулася толькі паўтара года, калі нам далі тры спатканьні па некалькі дзён — апошняе доўгае спатканьне было 22 лютага 2012 году. Пасьля гэтага мы ня можам сустракацца асабіста, бяз шкла. Пасьля пераводу ў магілёўскую турму Мікалаю дазволена толькі адно спатканьне ў год — і тое праз шкло. Але ў гэтым годзе яго пазбавілі і гэтага спатканьня.

— Валерыя, ці вы кантактуеце з Марынай Адамовіч, Настай Дашкевіч, сем’ямі іншых палітвязьняў?

— Так. Напрыклад, пасьля таго, як завялі справу на Мікалая, я зьвязалася з Настай і Зьмітром Дашкевічамі, якія прайшлі такую самую сытуацыю. Яны мне вельмі дапамаглі — мы разам выбудоўвалі стратэгію барацьбы з нашага боку. У кантакце з Марынай Адамовіч, з мамай Ігара Аліневіча, тым больш што мы вельмі зь яе сынам сябравалі і яго свабода для мяне на такой сама плянцы, як і свабода мужа.

— Калі б не было гэтага прысуду і Мікалай выйшаў бы днямі на волю, як бы вы правялі гэты год?

— Я, насамрэч, чорны пэсыміст. Я вельмі пакутую, калі не адбываецца тое, што я заплянавала. Таму я не пляную, ня мару, не спадзяюся. Вось выйдзе — мы сядзем і вырашым. Коля — іншы, ён любіць марыць і загадваць на будучыню. Ён марыць вандраваць, пабачыць сьвет, сустрэць новых людзей. Але спачатку, калі ён выйдзе, мы паедзем на аздараўленьне, яму гэта неабходна.

XS
SM
MD
LG