Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сьвіная чума вывела апазыцыю ў дэпутаты


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Валер Білібуха ад Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі і Аляксандар Шчамлёў ад руху «За свабоду» атрымалі народную падтрымку, абараняючы прыватныя падворкі ад кампаніі па барацьбе з афрыканскай чумой сьвіней.

«Там за нашага Білібуху людзі нават на стыхійныя мітынгі выходзілі», — кажа Павал Севярынец, адзін зь лідэраў БХД.

Валер Білібуха балятаваўся па Жычынскай акрузе ў Першамайскі сельскі савет Бярозаўскага раёну:

«Паглядзелі людзі, што я займаюся нейкай працай, стараюся, інтарэсы іх абараняю, — распавядае пераможца. — У жніўні пачаўся рэйдэрскі захоп падсобных гаспадарак. Я стаў ім аказваць супраціў. Абараняў народ. Пісаў у розныя інстанцыі, абскарджваў іхныя пастановы. Былі стыхійныя мітынгі, людзі да мяне прыяжджалі».

Але ніякага канкрэтнага адказу ад розных ведамстваў у вёсцы Кабакі яшчэ не атрымалі. Людзі працягваюць «пад страхам» трымаць сьвіней. «А куды дзецца?» — кажа Білібуха.

«Зараз я напісаў у дэпартамэнт вэтэрынарыі ліст, там 583 подпісы, каб скараціць гэтую сьмецьцевую зону. Чакаю ўжо, якую адпіску дадуць на гэты раз», — тлумачыць ён свае першыя дэпутацкія крокі.

Пра змаганьне з АЧС у Кабаках рэгулярна паведамляў сайт БХД.

Нарадзіўся Валер Білібуха ў тых самых Кабаках. Сёлета яму споўніцца 45 гадоў. Робіць вальшчыкам лесу ў Кабакоўскім лясьніцтве. А да таго доўгі час працаваў заатэхнікам, быў загадчыкам фэрмы.

«У мяне найлепшы паказьнік па галасах, — кажа новаабраны дэпутат сельскага савету. — І вельмі мала людзей супраць мяне галасавалаюю

Аляксандар Шчамлёў абраны ў дэпутаты Дабейскага сельсавету Шумілінскага раёну Віцебскай вобласьці.

Аляксандар Шчамлёў
Аляксандар Шчамлёў

«У мяне першае пытаньне — колькі сьвіней засталося ў сельсавеце, — кажа Аляксандар Шчамлёў з руху „За свабоду“. — Рэкамэндавана было зарэзаць. Але ці людзі зрабілі гэта? Калі сьвіней ня будуць трымаць, то сап’юцца зусім, зямлю ж тут ніхто ня хоча браць».

«Праблема п’янства яшчэ якая вострая, — кажа ён. — Вось жорсткае забойства на тэрыторыі сельсавету. У п’яным чадзе малады мужчына горла перарэзаў. У самой Дабеі яшчэ адно забойства: 36-гадовы скотнік зарэзаў іншага скотніка — гэта ўсё з-за п’янства.

Шчамлёву 57 гадоў. Дваццаць зь іх адпрацаваў вэтэрынарам у Шумілінскім раёне, а пасьля — сышоў у палітыку. «З 1994 году ўдзельнічаю ў кожнай выбарчай кампаніі: і даверанай асобай быў, і назіральнікам, і кандыдатам». Цяпер даглядае 82-гадовую маці. «Я аформлены „па доглядзе“, у мяне працоўная кніжка, усё. І ведаеце, колькі мне дзяржава за гэта плоціць? — пытаецца Шчамлёў. — Адзін мільён рублёў! А гэта пякельная праца. Па восем-дзесяць гадзін не адысьці ад чалавека».

Шчамлёў трапіў у дэпутаты з трэцяй спробы.

«За мяне ўся вуліца падпісалася, 27 чалавек, — кажа Аляксандар Шчамлёў, — і 27 чалавек на выбарах за мяне прагаласавала».

Змагацца давялося з даўняй канкурэнткай — намесьніцай дырэктара Амбросавіцкай сярэдняй школы Ірынай Матэленак. Настаўніца ўжо была абраная дэпутаткай 5 гадоў таму, але, кажа Шчамлёў, нават па кватэрах не хадзіла.
Калі старшыня выканкаму не перадумае, то так, буду дэпутатам. А то напішуць, што за гэтую настаўніцу 47, а за мяне 13, і хто ім забароніць?

«А я зь людзьмі працаваў, заявы пісаў, — тлумачыць Шчамлёў свой посьпех. — Па хатах хадзіў».

«Вёска сьпіваецца ў нас, людзі забітыя, зарабляюць ня больш за два мільёны на цяжкай працы. Інтарэсаў у іх няма ніякіх, апроч гарэлкі, асабліва ў мужчын, — распавядае Шчамлёў. — І мне было цікава, што нават з гэтымі людзьмі можна працаваць, можна іх пераконваць».

Некалькі гадоў таму з дапамогай Шчамлёва двухпавярховыя дамы ў вёсцы абсталявалі ацяпляльнымі катламі. Хоць каштавалі яны тады па тысячы даляраў. Цяпер іншая праблема — трэба іх рамантаваць.

«Адна помпа вадзяная мільён каштуе. Пэнсіянэр як сто даляраў заплоціць — а есьці што? А калі зімой стане помпа?!»

Аднак у сваім дэпутацкім статусе Шчамлёў яшчэ ня ўпэўнены.

«Калі старшыня выканкаму не перадумае, то так, буду дэпутатам. А то напішуць, што за гэтую настаўніцу 47, а за мяне 13, і хто ім забароніць?»

Пра ўспышку АЧС у Беларусі было абвешчана 21 чэрвеня 2013 году. Ачагом стала вёска Чапунь Івейскага раёну Гарадзенскай вобласьці. Забарону на вываз беларускай сьвініны ўвялі Расея, Украіна, Польшча і Літва. Беларускія ўлады абвяшчалі зоны карантыну і прымушалі людзей зьнішчаць пагалоўе сьвіней на прыватных падворках.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG