Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Сёлета адзначаецца 25 гадоў Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». Адзначыць разам юбілей запрашае сябра арганізацыі зь Севастопаля Валер Барташ.

Немудрагелістыя ўспаміны

Частка 1. Вяртаньне на Бацькаўшчыну

Сям’я пераехала зь Беларусі ў Севастопаль у лютым 1948 году. Жылі мы на беразе мора, недалёка ад сьцен старажытнага Хэрсанэса на тэрыторыі зэнітнай батарэі, камандзірам якой быў бацька. Засынаў і прачынаўся я пад вуркатаньне хваляў і страявыя песьні салдат. Часам гарматы батарэі аглушальна стралялі, і шыбы ў вокнах бразгаталі.

Зь дзіцячых гадоў увабраў гісторыю Севастопаля — марской крэпасьці рускай славы, і стаў севастопальцам, але рускім ня стаў. Бацька і мама лічылі сябе беларусамі, дый графа «нацыянальнасьць» у дакумэнтах не давала забыцца пра сваё паходжаньне.. Што гістарычны герб беларусаў — «Пагоня», даведаўся ў 1960 годзе ў Менску, дзе я быў праездам зь Вільні. Ён прамільгнуў нейкія сэкунды на тэлевізійным экране ў перадачы пра беларускіх нацыяналістаў. Было мне 15 гадоў. Герб застаўся ў памяці, часам я задуменна маляваў Рыцара на кані з занесеным мячом і шчытом, упрыгожаным шасьціканцовым крыжам.

Прызнаюся, Беларусь ня вабіла, а самі беларусы, зь якімі кантактаваў, здаваліся мне людзьмі прыземленымі, якіх цікавіць толькі каўбаса, памідоры і мора. Жыў, працаваў, служыў, вучыўся на поўдні: Крым, Нікалаеў, Малдова, Адэса. Падарожжы па Крыме, археалягічныя экспэдыцыі, праца матросам, вучоба ў Адэскім унівэрсытэце, схільнасьць успрымаць жыцьцё з гумарам зрабілі мяне гэткім левантыйцам. Студэнты-аднакурсьнікі юрфаку жартам называлі французам. Зачытваўся кнігамі Канстанціна Паўстоўскага, Эрнэста Хэмінгуэя, Ісаака Бабеля... Зь беларускіх пісьменьнікаў чытаў толькі Васіля Быкава.

Распад Савецкага Саюзу, утварэньне дзяржавы Рэспубліка Беларусь ускалыхнула. Пра гэта і ня марыў, а толькі задумваўся. Беларускай мове чытаньня навучыўся па газэце «Лiтаратура і мастацтва». Кожны новы нумар прачытваў у імгненьне. Невялікая, сьціпла аформленая газэта адкрыла мне невядомую дагэтуль Беларусь.

Выпісаў часопісы «Спадчына» і «Нёман». Слухаў перадачы Радыё Свабода. Максім Багдановіч быў адкрыцьцём, а яго «Пагоню» ўспрыняў як зварот паэта асабіста да мяне. Міжволі вывучыў верш на памяць, і яго радкі сталі для мяне малітвай, гімнам і заклікам. З горыччу думаў — чаму раней ня ведаў, не чытаў, бо сьпіць жа паэт вечным сном зусім блізка — у Ялце. У газэце «ЛіМ» прачытаў інтэрвію з Ганнай Сурмач пра дзейнасьць «Бацькаўшчыны», падрыхтоўку зьезду. У тэксьце прачытвалася запрашэньне. Лічыў сябе сузіральнікам і таму не паехаў.

Першы зьезд Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына», урачысты, маляўніча аформлены, з прадстаўнікамі духоўнай эліты беларусаў краіны і замежжа стаў запалам, які дазволіў грамадзкай арганізацыі да сёньня адстойваць незалежнасьць Беларусі, нацыянальную культуру. Зьезд спрыяў разьвіцьцю беларускага нацыянальнага руху за мяжой. Але мінулае не адпускала — наступіў змрочны, трывожны, а для некаторых і крывавы час пакут.

Калі ў залі Вярхоўнага Савету дэманстратыўна зьбілі дэпутатаў-патрыётаў, быў учынены зьдзек зь бел-чырвона-белага сьцяга, сарваная «Пагоня», я зразумеў — да ўлады прыйшоў Хам, у палітыцы хітры напарстачнік, які цярпіць на прыпадкі інтэграцыі. Здавалася, Лукашэнка за пасаду ў маскоўскім Крамлі гатовы быў аддаць Беларусь як уласны гарод. Урачыстасьці беларускага Адраджэньня скончыліся — прыйшоў мой час.

У ліпені 1997 году прыехаў у Мінск на 2-гі зьезд Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына». 33 гады ня быў у Беларусі. Прымчаўся ў Літаратурны музэй Максіма Багдановіча, пазнаёміўся з дырэктарам Алесем Бяляцкім.

У залі тэатра, дзе праходзіў зьезд, суседняе крэсла займаў падобны да Дон Кіхота паэт Сяргей Панізьнік. У перапынку падышоў да пісьменьніка Васіля Быкава. Убачыў людзей, якіх ведаў толькі па газэтных публікацыях. Запомніліся беларуская татарка Разалія Аляксандровіч, падобны да адэсіта Адам Мальдзіс. Прыцягнула ўвагу эфэктная журналістка з дыктафонам, як высьветлілася, паэтка Іна Снарская з Украіны. З трыбуны нязвыкла гучала толькі беларуская гаворка — выступалі дэлегаты, якія перажывалі за будучыню Беларусі, а вакол будынку тэатру, дзе праходзіў зьезд, стаялі міліцыянты з сабакам. Атмасфэра была напружаная. Зьезд адкрыта прадэманстраваў непрыманьне ўлады Лукашэнкі.

Быў на наступных зьездах. Памятаю як замірала заля, калі да трыбуны накіроўваўся айцец Надсан зь Вялікай Брытаніі — гаворка яго зачароўвала Пазнаёміўся з мастаком Алесем Марачкіным і яго сям’ёй. Карціна пэндзля мастака «Я не самотны», на якой намаляваны Максім Багдановіч у Ялце, уручалася ў Літаратурным музэі паэта. Сяргей Панізьнік напісаў верш «Севастопаль», глыбокі па сэнсе, без знарочыстага патасу, мэлядычны. Радзім Гарэцкі, Юры Хадыка, Алег Трусаў, Янка Запруднік, Вінцук Вячорка, Павал Севярынец, Зьміцер Дашкевіч..., маладафронтаўцы — такія розныя, але ўсе ў адным высакародным патрыятычным імкненьні бачыць сваю краіну квітнеючай, нацыянальнай, дэмакратычнай эўрапейскай дзяржавай. Калі б я ведаў, што ёсьць такія беларусы, што ёсьць такая Беларусь — прыяжджаў бы кожны год! Адно толькі сузіраньне гэтых людзей, нядоўгае сумоўе зь імі заклікала да дзеяньня. У Севастопаль вяртаўся літаральна акумуляваны энэргетыкай беларускага патрыятызму, зь бел-чырвона-белымі сьцягамі і кнігамі.

Калі б я ведаў, што ёсьць такія беларусы, што ёсьць такая Беларусь — прыяжджаў бы кожны год!

Нельга забыць першую калектыўную паездку на старыя Ялцінскія могілкі ў жніўні 1997 году. Па-салдацку просты тады помнік на магіле паэта з зоркай і эпітафіяй на беларускай мове. Схілілі бел-чырвона-белы сьцяг. Прагучалі словы: «Ты прабач, ты прымi cвайго сына...».

Даруй, Максім!.. У лістападзе гэты сьцяг, герб «Пагоня» ўпрыгожылі залю Дзелавога і культурнага цэнтру Севастопаля, і аўтар артыкула, хвалюючыся, нягледзячы на адвакацкія навыкі рыторыкі, прачытаў верш-сымбаль. Так быў адкрыты сход і абвешчана публічна, з удзелам радыё і тэлебачаньня, утварэньне першага ў гісторыі гораду Севастопаля беларускага таварыства — часткі «Бацькаўшчыны».

25-годзьдзе Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» — сьведчаньне вернасьці беларускай нацыянальнай ідэі. Ідэя гэтая жывая, нягледзячы на бізантыйскія інтрыгі і рэпрэсіі лукашэнкаўскай чэлядзі. Запомніліся словы Ганны Сурмач, сказаныя зімой пры сустрэчы незадоўга да яе эміграцыі ў пустым, змрочным офісе «Бацькаўшчыны»: «Усё роўна праб’ецца (беларускасьць), як трава праз асфальт праб’ецца».

На жаль, адышлі ў вечнасьць, але засталіся ў памяці браты Грыцкевічы, Рыгор Барадулін і ня толькі яны. Назаўжды застанецца пуцяводнай зоркай першы кіраўнік таварыства пісьменьнік Васіль Быкаў.

У кіраўніцтве адбылася зьмена пакаленьняў, надалей творча адстойваецца беларускасьць — гонар і годнасьць беларускай нацыі.

У год 25-годзьдзя Згуртаваньня беларусаў сьвету «Бацькаўшчына» і 95-годзьдзя Збройнага беларускага чыну вітаю ўсіх сяброў Малой і Вялікай Рады Згуртаваньня, усіх, хто «не забыў, ня адрокся, не прадаў», не дазваляе сваімі актыўнымі дзеяньнямі аддаць Беларусь у «палон»!

Вечная памяць героям, якія загінулі, і праведнікам беларускасьці, якія пайшлі ў нябёсы! Гонар і Слава тым, хто сёньня на Бацькаўшчыне працягвае іх справу! Жыве Беларусь! Пагоні не разьбіць, не спыніць, не стрымаць! Праўда пераможа!

Валер Барташ

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

XS
SM
MD
LG