Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянтэры здалі ў друк беларускамоўны Вікі-дапаможнік


Акрамя папяровай вэрсіі, ёсьць і электронная — як наркамаўкай, так і тарашкевіцай.

Моладзевае аб’яднаньне «Фалянстэр» завяршыла працу над беларускамоўным дапаможнікам для рэдактараў-пачаткоўцаў Вікіпэдыі. Праца над праектам доўжылася больш за паўгода і дайшла да фінальнай стадыі — выданьня папяровай вэрсіі.

Спампаваць электронную вэрсію ў PDF можна з сайту falanster.by на наркамаўцы і тарашкевіцы.

Адна з каардынатараў праекту Сьвятлана Ермаковіч апавяла Свабодзе:

«Вікі-дапаможнік — гэта брашурка-мануал для пачаткоўцаў — рэдактараў Вікіпэдыі, для тых людзей, якія хочуць пісаць у Вікіпэдыю, але яшчэ ня ведаюць як. Як і ўсе праекты „Фалянстэра“, гэта праект краўдсорсінгавы, калі кожны можа паўдзельнічаць у стварэньні. У брашурцы павінен быць тэкст, ён мае быць аздоблены, вычытаны — розныя людзі падпісваліся як валянтэры на розныя кавалачкі працы. Збольшага тэксты пісалі ўжо актыўныя Вікі-рэдактары. Ладзілі мерапрыемствы па ходу праекту — хтосьці дапамагаў мантаваць для іх відэа.

Гэта бясплатны праект, мы не плацілі людзям грошы. Мы рабілі майстар-клясы па Вікіпэдыі і адчулі, што людзі часткова запамінаюць інфармацыю, часткова — не, а знайсьці яе самастойна ім цяжкавата. Таму вырашылі рабіць такую брашурку, якую б маглі раздаваць на майстар-клясах. Сабралі на „Талакошце“ невялічкую суму, каб надрукаваць асобнікі. Для пачатку раздрукавалі 50 асобнікаў на тарашкевіцы, яны пайшлі на майстар-клясы і на падарункі тым, хто ўкладаў грошы, яшчэ замовілі столькі жа на наркамаўцы. Пакуль не было нагоды друкаваць больш, але па меры патрэбы будзе больш».

15 студзеня 2016 году Вікіпэдыі споўніцца 15 год, з 2004 году пачалі зьяўляцца артыкулы па-беларуску. За мінулы год беларускамоўных артыкулаў стала на 20% больш, на сёньня ў Вікіпэдыі 111,5 тысячы артыкулаў наркамаўкай і амаль 58 тысяч — тарашкевіцай. Ці многа гэта, ці мала?

«Гэта адносна, — тлумачыць Сьвятлана. — Калі ў мінулым годзе была на Вікі-сходзе Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы, быў цікавы момант, калі розныя людзі прэзэнтавалі свае краіны. Адзін выходзіць і кажа: „У нас 100 тысяч артыкулаў, і гэта вельмі шмат, мы вельмі рады“. А мы выходзім і кажам: „У нас 120 тысяч, мы незадаволеныя, што ў нас так мала“. Мне падаецца, што колькасьць артыкулаў нядрэнная для беларускай мовы, якая ня так часта ўжываецца сярод насельніцтва. Гэта ўжо нямала, і тыя вікіпэдысты, якія пішуць артыкулы, яны гіпэрактыўныя. Таму важна гэтую актыўнасьць падтрымліваць, падкідаць дровы ў агонь».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG