Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Валянтэр Стрыжак прывёз у зону АТА лекі, купленыя на ахвяраваньні беларусаў


Андрэй Стрыжак
Андрэй Стрыжак

Андрэй Стрыжак разам з украінскімі валянтэркамі Вольгай Гальчанкай і Аляксандрай Алешынай прывезьлі ў прыфрантавы Данбас тону гуманітарнага грузу, генэратар і джып для ўкраінскіх вайскоўцаў.

Радыё Свабода дазванілася да валянтэраў, калі тыя вярталіся з прыфрантавога Данбасу.

Вольга Гальчанка падчас нашага тэлефанаваньня кіруе машынай, на якой маладыя людзі вяртаюцца з зоны АТА. Таму пагаварыць удалося з Андрэем і Аляксандрай.

Яны апавялі, што ў зоне абстрэлу ў Камышоўцы застаецца дзіцячы дом без вады і ацяпленьня, што ў шпіталях шмат параненых, але вайскоўцы гатовыя стаяць да канца і абяцаюць, што ўсё будзе добра.

Андрэй Стрыжак з Рэчыцы быў валянтэрам яшчэ падчас падзеяў Майдана. Абвясьціўшы праз фэйсбук збор грошай на патрэбы АТА, Андрэй хутка сабраў каля 300 даляраў. Распавядае, што ў зборы паўдзельнічала каля 20 чалавек, і яшчэ ёсьць людзі, гатовыя ахвяраваць грошы.

Андрэй Стрыжак на Майдане
Андрэй Стрыжак на Майдане

На сабранае купілі мэдыкамэнты, якія перадалі ў прыфрантавыя шпіталі.

Андрэй Стрыжак кажа, што збор грошай у Беларусі працягваецца і неўзабаве будзе наступная паездка. Як перадаць грошы, можна даведацца на старонцы ў Андрэя.

Андрэй Стрыжак: У дзяўчат (украінскіх валянтэрак Вольгі Гальчанкі і Аляксандры Алёшынай) быў сьпіс мэдыкамэнтаў, які яны атрымалі ад лекараў. Гэта вельмі спэцыфічныя лекі, бо траўмы там выбуховыя, эмісійныя, апёкі, атрыманыя падчас баявых дзеяньняў. Патрэбныя лекі як мірным людзям, так і вайскоўцам.

Даволі шмат было мэдыкамэнтаў, якія складана дастаць. Але аптэкі ішлі насустрач і прадавалі нам тое, што было ў іх у апэратыўным рэзэрве. Паўсюль, дзе мы куплялі лекі, нам аддавалі ўсё, бо разумелі, куды і для каго яны.

РС: Ці так проста трапіць у зону АТА? Якія небясьпекі там чакаюць?

Андрэй Стыжак і Аляксандра Алёшына перадаюць мэдыкамэнты ў шпіталь Дзьмітрава
Андрэй Стыжак і Аляксандра Алёшына перадаюць мэдыкамэнты ў шпіталь Дзьмітрава

Андрэй Стрыжак: Простаму чалавеку цяжка трапіць у зону АТА. Тут спрацаваў фактар вядомасьці нашых украінскіх валянтэрак Вольгі і Сашы. Таму наш праезд быў амаль без праблемаў.

Мы рухаліся невялікім гумканвоем: тры машыны, сярод іх джып, які ахвяравалі для вайскоўцаў. Гэта паказвае, што можа ўкраінскае грамадзтва і на што яно здольнае. Вайскоўцы сказалі, што ім патрэбны транспарт, і ўжо неўзабаве ён у іх быў.

Таму нам было зялёнае сьвятло на тое, каб праехаць. Агульная вага таго, што было перавезена, — гэта каля тоны.

Праезд блёкпастоў, рух у прыфрантавой зоне вельмі спэцыфічны. Тут дзейнічаюць часьці ДНР — дывэрсійна-выведныя групы. Ёсьць небясьпека абстрэлаў. Калі мы заяжджалі на базу, дзе начавалі, нам пасьля паведамілі, што на пад’езьдзе да базы раніцай абстралялі мэдыкаў, якія выяжджалі на перадавую. Хоць гэта даволі далёка ад фронту.

Аляксандра Алёшына: Мы другі раз у зоне АТА. Два тыдні таму перадавалі груз у Пяскі. Гэтым разам мы сабралі грошы, джып і генэратар.

Можна толькі пазайздросьціць нашаму канвою. Мы ехалі калёнай, везьлі генэратар, оптыку, прадукты, лекі, адзеньне для дзіцячага дому, джып.

Людзі надзвычай спагадлівыя. Інфармацыя пра Пяскі, пра аэрапорт была на слыху, і людзі хацелі дапамагчы. Таму ўсё атрымалася.

Генэратар падарыў чалавек, які ня хоча, каб ягонае імя называлі. Нам спатрэбілася яго толькі зь Мікалаеўскай вобласьці даставіць.

Джып мы купілі за тры тысячы даляраў. Яго адмыслова прыгналі з Эўропы для патрэбаў АТА. Тут яго валянтэры адрамантавалі, прывялі ў парадак.

РС: У якіх раёнах вы былі і якая там сытуацыя зь мірным насельніцтвам?

Андрэй Стрыжак: З таго, што магу сказаць, — мы былі ў Чырвонаармейску і ў Дзьмітраве. Гэта шахтарскія гарады, за 40 кілямэтраў ад Данецку. І самы далёкі пункт, куды мы дабраліся, — Селідава. Маленькі гарадок за 37 км ад Данецку і за 30 км ад лініі фронту. Гэта апэратыўны тыл украінскіх войскаў.

Было шмат рэчаў, якія не ўкладаюцца ў галаву. Напрыклад, дзіцячы дом, які знаходзіцца ў зоне абстрэлу. Частка дзетак там засталася. Мы ім перадалі даволі вялікі груз цёплых рэчаў, бо ў гэтым раёне адключаная гарачая вада і ацяпленьне. Будзем спрабаваць паспрыяць іх эвакуацыі. Там шмат засталося людзей у залежным стане — старыя, дзеці, якія дагэтуль ня вывезеныя.

Зьнешне, калі глядзець, то звычайнае жыцьцё. Людзі ходзяць у крамы, размаўляюць адзін з адным, езьдзяць таксі... Але ніколі ня ведаеш, што ў чалавека ў галаве. Ён пабачыў, што ты праехаў паўзь яго на машыне з кіеўскімі нумарамі, а праз 5–10 км там можа быць і засада.

Стаіць, напрыклад, звычайная запраўка, але прыбіральня зачыненая, бо няма ніякай вады. На вуліцах гораду ходзяць вайскоўцы ўкраінскія, перасоўваецца тэхніка. Але па людзях бачна, што яны прызвычаіліся да гэтага настолькі, што не зьвяртаюць увагі на перамяшчэньне тэхнікі, нагружанай зброяй, на што мірнаму чалавеку немагчыма не зьвярнуць увагі.

Аляксандра Алёшына: Зьнешне ўсё спакойна. Узброеныя людзі там па вуліцах ня бегаюць і не перастрэльваюцца ў нас на вачах. Але ты разумееш, што ў любы момант можа пачацца ўсё што заўгодна. Могуць пачацца абстрэлы. Мы былі ў Селідаве, гэта 37 кілямэтраў ад Данецку. А дальнасьць «градаў» — 40 км.

Гэты груз, які ўвесь час на цябе цісьне. Але нам шмат дапамагаюць, мясцовыя жыхары дапамагаюць, і мы пачуваемся бясьпечна.

Вайскоўцы кажуць, што будуць абараняць нас да канца, будуць абараняць нашу краіну. І што ўсё будзе добра.

РС: Якія настроі сярод людзей?

Яны з 90-х, яшчэ з часоў бандыцкіх разборак, бадай што прызвычаіліся проста падпарадкоўвацца людзям, у каго больш ствалоў

Андрэй Стрыжак: Зьнешне гэта выглядае так, што мясцовыя часова падпарадкаваліся таму, у каго больш моцы. Гэтыя гарады былі ў складзе ДНР да наступу ўкраінцаў, падчас якога былі вызвалены Славянск і Краматорск. Баёў ніякіх за гэтыя гарады не было. Украінскія Ўзброеныя сілы забілі некалькі прадстаўнікоў ДНР — і горад здаўся. Гэта асаблівасьць мэнтальнасьці мясцовых людзей. Яны з 90-х, яшчэ з часоў бандыцкіх разборак, бадай што прызвычаіліся проста падпарадкоўвацца людзям, у каго больш ствалоў.

Мы размаўлялі зь лекарамі, якім перадавалі мэдыкамэнты, а з самімі параненымі пагаварыць не давялося. Магу сказаць, што параненых шмат. І сярод цывільнага насельніцтва, і сярод вайскоўцаў. Абстрэлы ідуць увесь час.

Зь мясцовымі даволі складана было размаўляць. Прыхільнікі кіеўскай улады размаўляюць шчыра і адкрыта. Але было, што я па кірмашы ішоў, і на маё цывільнае адзеньне рэагавалі нармальна — а як толькі бачылі, што за мной людзі ў камуфляжы, то ў суразмоўцаў нават выраз твару мяняўся.

Я ня ведаю, колькі людзей там рукамі і нагамі за ДНР. Але ёсьць такі факт, што ў прыфрантавых гарадох вельмі дрэнна з украінскім тэлебачаньнем. Там перадае так званае «СепарТВ», і па гэтым тэлеканале ідзе мэтанакіраваная прапагандысцкая праца, выдае шакуючыя фэйкі пра «расьпятых хлопчыкаў» і настройвае людзей супраць Украіны.

А ўкраінскія каналы даступныя праз інтэрнэт і спадарожнік. А гэта мае далёка ня кожны.

Мясцовыя эліты шмат якія засталіся, тыя, што праводзілі якраз рэфэрэндум пра прызнаньне ДНР.

Сытуацыя складаная. Пра вайскоўцаў у мяне няма паўнамоцтваў распавядаць, таму ня буду. А добраахвотніцкія аддзелы гатовыя стаяць да канца.

РС: Чаму дапамога валянтэраў дагэтуль патрэбная і важная?

Аляксандра Алёшына: Дапамога валянтэраў патрэбная, бо Ўкраіна ніколі не разьвівала сваю абарону. Мы заўжды казалі, што мы нэўтральная дзяржава. Раптам грымнула вайна, і мы выявіліся не гатовыя. Цяпер мусім усё будаваць з нуля. Дзяржава пакуль гэтаму не дае рады. Прычыны мы ведаем, і іх вельмі шмат — карупцыя, унутраныя канфлікты, прафэсіяналаў не хапае. Але мы спадзяёмся, што ўсё будзе мяняцца да лепшага.

Я хачу сказаць вялікі дзякуй усім, хто нам дапамагае і падтрымлівае. Агромністы дзякуй беларусам, якія гэта робяць. Мы гэтую падтрымку адчуваем з Майдана і працягваем адчуваць. Дзякуй!

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG