Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Міхал Бараноўскі: Для мяне месца моцы — у Белавежы


Міхал Бараноўскі
Міхал Бараноўскі

У Міжнародны дзень паэзіі — 21 сакавіка — у Менску ўзнагароджвалі ляўрэатаў прэміі «Дэбют» імя Максіма Багдановіча. У паэтычнай намінацыі журы прызнала найлепшай кнігу Міхала Бараноўскага «Volumen.1».

Міхась Скобла: Міхал, віншую з атрыманьнем прэміі. Рашэньне журы сталася для вас неспадзяванкай, ці вы чакалі ад яго прызнаньня факту, што вашая кніга найлепшая сярод першых кніг мінулага году?

Міхал Бараноўскі: Гэта было б вялікім нахабствам з майго боку — чакаць, што дакладна дадуць прэмію мне, бо ў журы былі вельмі розныя людзі. Надзея, вядома ж, не пакідала — патрапіўшы ў шорт-ліст, кожны спадзяецца на перамогу. Але, паўтаруся, стоадсоткавай упэўненасьці ў мяне не было. Я чытаю даволі шмат паэзіі, і беларускай, і замежнай, таму сьцьвярджаць, што менавіта ты гаворыш у паэзіі нейкае «ваў»-слова, нешта супэр новае... Хутчэй, у кнізе «Volumen.1» мне проста хацелася адстаяць сваё права на інтэрпрэтацыю. Паспрабаваць у неабсяжным сьвеце літараў, словаў, твораў знайсьці месца, дзе ты мог бы раскрыцца. Мне падаецца, я знайшоў гэтае месца, іначай не выдаваў бы кнігу. Мая кніга — гэта спроба паставіць як мага больш пытаньняў і спрабаваць шукаць на іх адказы. Кніга найперш пытаньняў, а не адказаў.

— Кнігу вы прысьвяцілі сваім бацькам. Яны не пярэчылі вашаму жыцьцёваму выбару? Ня раілі выбраць больш практычны занятак?

— Мае бацькі ўсё жыцьцё працавалі на заводзе. Яны далі мне магчымасьць вучыцца, стварылі «падушку бясьпекі» для мяне, каб я мог паспрабаваць сябе ў галіне літаратуры і музыкі. Безь іх дапамогі нічога не атрымалася б. Нешта бацькі раілі, але ўсё так і заставалася на ўзроўні парадаў, а ня мэнтарскага загаду, што рабіць і куды ісьці. Мне была дадзеная магчымасьць дзейнічаць у адпаведнасьці з унутраным поклічам.

— «Volumen.1» — кніга актыўнага аўтарскага неспакою, які падкрэсьліваецца радкамі: «Тут толькі Якуб Колас спакойны на ўласнай плошчы». Ня будзем пра помнікі. Што руйнуе спакой Міхала Бараноўскага?

— Лёгка ісьці да мэты, калі адчуваеш цьвёрдую глебу пад нагамі. Для кагосьці такой глебай — вера, для кагосьці — палітычныя перакананьні. А калі цьвердзі пад нагамі няма — усё зыбаецца. Успамінаю, як мы ў дзяцінстве хадзілі на рэчку, там бераг быў падмыты, ідзеш па дзёрне — і бераг пад табою зыбаецца. У мяне такое ж адчуваньне, калі па Менску іду. Здаецца, усё нармальна, калі займаесься пабытовымі справамі. А ледзь толькі выйдзеш бліжэй да нейкіх плыняў, усё пачынае зыбацца, і становіцца няўтульна.

— Дык у Менску раней нават вуліца Зыбіцкая была.

Дзіўная чалавечая прырода. Варта толькі нейкаму ветрыку шалёнаму падзьмуць — і пачынаюцца д’ябальскія скокі.

— Вось я і кажу — горад у нас адпавядае. А што яшчэ спакой руйнуе? У кнізе ёсьць разьдзел «Краг-крых», які быў навеяны (ці нават прадыктаваны) падзеямі ва Ўкраіне. Гэта жахліва — людзі замест таго, каб сесьці за стол і цывілізавана вырашаць нейкія пытаньні, бяруць у рукі зброю і робяць жудасныя рэчы. І гэта адбываецца ў нас пад бокам! А ўсе гэтыя інфармацыйныя войны — проста страшна ўключаць тэлевізар ці кампутар. Дзіўная чалавечая прырода. Варта толькі нейкаму ветрыку шалёнаму падзьмуць — і пачынаюцца д’ябальскія скокі. Я тут нават не пра канкрэтную лякацыю гавару, а пра сутнасьць чалавека. Калі зьяўляецца магчымасьць пабыць зьверам, ён абавязкова гэтай магчымасьцю скарыстаецца. І гэта ня можа не палохаць.

— Таму «вам хочацца стаць Канстанцінам Астроскім, каб справіцца з гэтай чумой»? Паэт у вашым разуменьні — ваяр?

Герояў трэба вельмі асьцярожна ўзводзіць на п’едэстал, гісторыкі тут павінны быць вельмі абачлівымі.

— Так, але гэтае ваярства выглядае донкіхотаўскім. Краіне, з аднаго боку, патрэбныя героі, а каго выбіраць у героі, калі не Канстанціна Астроскага? Бо калі ў цябе вялізнае войска, дык і перамагаць проста. А ты паспрабуй у суадносінах 1:3, як пад Воршай. Але паэтызаваць вайну — я сабе такой мэты ня стаўлю. У працытаваных радках мелася на ўвазе сіла духу, нейкая кемка ў галаве, каб вырашыць сытуацыю, маючы абмежаваныя магчымасьці. Але мне не хацелася б, каб герояў прыцягвалі за вушы. Герояў трэба вельмі асьцярожна ўзводзіць на п’едэстал, гісторыкі тут павінны быць вельмі абачлівымі. Іначай новых герояў хутка з тых п’едэсталаў скінуць.

— Гісторыкі мусяць быць абачлівымі... А паэты таксама мусяць асьцярожнічаць, ці, наадварот, хадзіць «па ўскрайку»?

— Містыку адносна хаджэньняў па ўскрайку тут не хацелася б наводзіць, але нешта ў гэтым, безумоўна, ёсьць. Іначай не зьвярталіся б творцы да гэтага вобраза — зазірнуць за край... Я ўжо казаў пра зьвера ў чалавеку. А я ж таксама чалавек і задаю сабе пытаньне: і я магу стаць зьверам і вырабляць невядома што? Усё адбываецца ўнутры чалавека, а потым ужо становіцца праблемай сацыяльнай. Чалавека нават вочы могуць падманваць. Калі ты зьяўляесься часткай нейкага руху, ты ня можаш адэкватна ацэньваць сытуацыю. Калі ты ў плыні, гэта перашкаджае цьвяроза бачыць рэчаіснасьць.

— Адзін з разьдзелаў вашага зборніка называецца «Месца моцы» (дарэчы, быў бы добры назоў для ўсёй кнігі). Ці ёсьць такое месца для вас у Беларусі?

— Словазлучэньне «месца моцы» я ўпершыню пачуў на Падляшшы, калі мне прапанавалі наведаць старажытнае яцьвяскае капішча. Гэта ў Белавескай пушчы, але па той бок мяжы. На Беласточчыне акурат праходзіў фэстываль «Бардаўская восень». Мяне прывялі ў захапленьне тамтэйшыя людзі, якія беларусамі былі болей, чым большая частка насельніцтва нашай краіны. Для мяне тое капішча сталася нейкім такім сымбалем, якога я да канца, можа, і не зразумеў. Чатыры дубы, якія растуць з аднаго пня, разгалінаваныя, старыя, пакрытыя мохам, а вакол — камяні ў пэўным парадку. Здаецца, Караткевіч казаў, што нашу з сабою сваё неба. Вось і я захапіў кавалачак таго месца моцы з сабой — пару апалых лісьцікаў з таго дуба вісяць у мяне ў рамачцы над сталом. Так што месца моцы для мяне — у Белавежы, у думках я часта туды вяртаюся.

— Як супрацоўнік Музэя Максіма Багдановіча, вы часта выступаеце ў школах зь лекцыямі. Ці няма ў вас адчуваньня, што сучасныя школьнікі пра беларускую літаратуру ведаюць ня тое, што трэба?

Мая мара, каб зьнялі “Ладзьдзю роспачы” – з усімі спэцэфэктамі. Гэта зрабіла б нашмат больш, чым усё гадавое навучаньне ў школе.

— Дык і я, будучы школьнікам, ведаў ня тое, што трэба. У школе я вучыўся адносна нядрэнна і не разумею, як можна было не заўважыць беларускую літаратуру? А для мяне яна прайшла абсалютна незаўважна. Хоць вучыўся я з пачатку 90-х — у самую адраджэнскую пару. Са школы я вынес хіба адзін верш Максіма Танка «Паслухайце, вясна ідзе...», я яго вывучыў на памяць і сам сабе пад нос бубніў. Потым ужо, працуючы ў Музэі Багдановіча, знаходзіў для сябе новыя імёны. І цяпер працягваю знаходзіць. Апошняя знаходка — першы зборнік Алеся Наўроцкага «Неба ўсьміхаецца маланкаю». Гэта ж проста цуд! Чаму творчасьць гэтага паэта не ўвесьці ў школьную праграму? Яна ж зразумелая кожнаму, хто здольны чытаць па-беларуску. Таму, прыходзячы чарговым разам у школу, я спрабую падаць Максіма Багдановіча так, каб хоць некалькі чалавек нешта адчулі, зразумелі, падышлі, задалі пытаньне. Дзеці цяпер мала чытаюць, і вярнуць ім цікавасьць да літаратуры аднымі школьнымі ўрокамі не атрымаецца. Гэта мусіць быць вялікай нацыянальнай праграмай. Скажам, мы да сёньня ня маем вартых экранізацыяў Караткевіча. Я бачыў фільмы «Дзікае паляваньне...» ці «Чорны замак Альшанскі», якія здымаліся за савецкім часам. На жаль, сёньняшняя моладзь іх глядзець ня будзе. Мая мара, каб зьнялі «Ладзьдзю роспачы» — з усімі спэцэфэктамі. Гэта зрабіла б нашмат больш, чым усё гадавое навучаньне ў школе. Комплексна мусяць гэтыя справы вырашацца.

— Мы з вамі гутарым у Міжнародны дзень паэзіі. Вось нядаўна ў нас адзначаўся Дзень міліцыі — з парадам нават, з выступам прэзыдэнта. Сьціплей, але адзначаецца ў нашай краіне Дзень пракурора, Дзень памежніка... Калі б ад вас залежала, як бы адзначаўся ў Беларусі Дзень паэзіі?

— Калі казаць пра дзяржаўны ўзровень, то гэта быў бы нейкі вялікі паэтычны фэстываль. Але не ў фармаце «маладэчанскага», бо там усё вельмі сумна выглядае. У мяне вялікія пытаньні да эстэтыкі таго фэстывалю, да таго, як увогуле пазыцыянуецца там беларуская культура. Усё можна было б рабіць нашмат цікавей. Што яшчэ? Мне б хацелася, каб было зьнятае добрае кіно пра беларускага паэта, каб яго людзі чакалі, як новага сэзону «Шэрлака». Каб гэта было фэерычнай штукай, каб людзі зьбіраліся на плошчы каля экранаў. Каб, паглядзеўшы захапляльны сэрыял пра таго ж Караткевіча, чакалі б наступнага году, каб паглядзець чатырохгадзінны сэрыял пра Багдановіча. Каб герояў гэтых сэрыялаў ведала ўся краіна.

***

Міхал Бараноўскі нарадзіўся ў 1984 годзе. Пасьля заканчэньня Беларускага дзяржаўнага пэдагагічнага ўнівэрсытэту імя Максіма Танка працуе ў Літаратурным музэі Максіма Багдановіча. Жыве ў Менску. Сёлета выдаў першую паэтычную кнігу «Volumen.1», адзначаную прэміяй «Дэбют».

  • 16x9 Image

    Міхась Скобла

    Міхась Скобла нарадзіўся ў 1966 годзе на Гарадзеншчыне. Скончыў філфак БДУ, працаваў у Міністэрстве культуры і друку, у рэдакцыі часопіса «Роднае слова», у выдавецтве «Беларускі кнігазбор». Сябра СБП і БАЖ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG