Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экс-прэзыдэнт Гамбіі, які кіраваў краінай з 1994 году, адправіўся ў выгнаньне


Экс-прэзыдэнт Гамбіі Ягʼя Джамэ
Экс-прэзыдэнт Гамбіі Ягʼя Джамэ

Былы прэзыдэнт Гамбіі Ягʼя Джамэ пакінуў краіну пасьля перадачы ўлады абранаму прэзыдэнту Адаму Бэраў.

Ягʼя Джамэ сеў у самалёт, які паляцеў у невядомым накірунку. Як мяркуецца, экс-прэзыдэнт адправіўся ў сталіцу Гвінэі Канакры, перадае BBC.

Паведамляецца, што Джамэ суправаджалі ягоная жонка і прэзыдэнт Гвінэі Альфа Кондэ, які выступаў пасярэднікам на перамовах аб перадачы ўлады. У аэрапорце сабраўся натоўп прыхільнікаў экс-прэзыдэнта, некаторыя зь якіх плакалі.

Апазыцыянэр з Абʼяднанай дэмакратычнай партыі Адама Бэраў атрымаў на выбарах, што прайшлі 1 сьнежня, больш за 43% галасоў, Джамэ — толькі 39,6%. У сувязі з гэтым Джамэ заявіў пра «анамаліі» ў галасаваньні і заклікаў арганізаваць перавыбары.

Адмова Джамэ пакінуць сваю пасаду стала нагодай для пачатку ваеннай інтэрвэнцыі ў Гамбію з суседняга Сэнэгалу. На фоне гэтых падзеяў, у суботу, Джамэ паведаміў, што адмаўляецца ад барацьбы за ўладу. У заяве, паказанай па мясцовым тэлебачаньні, Джамэ сказаў, што ў Гамбіі не павінна быць праліта ні кроплі крыві.

Гамбія — самая малая краіна кантынэнтальнай Афрыкі з насельніцтвам каля 1,9 млн чалавек. Яна мае адзін з найгоршых у сьвеце індэксаў чалавечага разьвіцьця — 175-е месца са 188 (зьвесткі на 2015 год). Каля траціны насельніцтва жыве па-за рысай беднасьці.

51-гадовы Ягʼя Джамэ займаў прэзыдэнцкую пасаду ад 1994 году. Ён прыйшоў да ўлады ў выніку вайсковага перавароту і зьвяржэньня прэзыдэнта Дауды Кайрабы Джавары, які кіраваў краінай ад 1965 году, з часоў атрыманьня незалежнасьці ад Вялікай Брытаніі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG